1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Прэтэнзіі прэтэнзіямі, а супраца - галоўнае

Генадзь Канстанцінаў19 марта 2007 г.

У Мінску прайшла першая сустрэча лідэраў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў з актывістамі моладзевых арганізацыяў. Маладыя палітікі выказалі шэраг прапановаў па актывізацыі і падвышэнні эфектыўнасці дзейнасці апазіцыі.

https://p.dw.com/p/A1Zy

Дасягнутая дамоўленасць, што рэпрэзентанты моладзевых арганізацыяў і лідэры АДС штомесяц будуць сустракацца дзеля скардынавання сумесных дзеянняў.

Недастатковасць узаемадзеянняў Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратыных сілаў з моладзевымі арганізацымі і стала падставаю першай сустрэчы лідэраў апазіцыі і моладзевымі актывістамі. Яны прадстаўлялі розныя арганізацыі – “Моладзь БНФ”, “Малады фронт”, “Маладыя дэмакраты (АГП)”, “Маладыя сацыял-дэмакраты”, моладзевае крыло руху “За свабоду!”. З боку Палітрады АДС прысутнічалі Сяргей Калякін, старшыня Партыі камуністаў Беларускай, кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька і старшыня БНФ Вінцук Вячорка. Па невядомых прычынах не прыйшоў на сустрэчу старшыня Палітрады АДС Аляксандр Мілінкевіч, хаця ягоны ўдзел у ёй меркаваўся.

Анатоль Лябедзька на пачатку дыскусіі пагадзіўся, што дыялог з моладдзю неабходны.

“На паседжанні Палітычнай рады прыходзілі некаторыя моладзевыя лідэры. Яны гаварылі: мы вам казалі зрабіць тое і тое…І гучала гэта так: што моладзевыя лідэры, моладзевыя структуры, проста актыўныя маладзёны самі па сабе, а Палітрада сама па сабе. Відаць, гэта абсалютна няправільны падыход, і было б добра, каб мы знайшлі нейкую формулу, каб голас моладзевых ініцыятываў, структураў прысутнічаў у Палітычнай радзе”.

Актывісты моладзевых арганізацыяў скрытыкавалі партыйных лідэраў за слабую падрыхтоўку акцыі, якая мае адбыцца 25 сакавіка на Дзень Волі, а таксама іншых вулічных імпрэзаў, якія за апошнія гады, за выключэннем падзеяў на Кастрычніцкай плошчы пасля мінулагадовых прэзідэнцкіх выбараў, былі малаколькаснымі. На што кіраўнік Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка адказаў, што не толькі мітынгі вырашаюць лёс краіны.

“Мітынг – гэта адно. А працаваць кожны дзень, з гэтымі злашчатнымі ўлёткамі, ідучы да людзей, тлумачачы зноў і зноў, што адываецца, папярэджваючы іх, ідучы на прадпрыемствы, працуючы штодня ва ўніверсітэтах, - на гэта здольныя далёка не ўсе. І як раз мы спадзяемся, што ў гэтай залі сабраліся менавіта тыя людзі, якія гатовыя менавіта для гэтае працы. 25 сакавіка не заканчваецца гісторыя. Нас чакае праца на бліжэйшыя пару гадоў. І гэтая праца, мабыць, не такая цікавая, у ёй не столькі адрэналіну, колькі бясспрэчна бывае на плошчы, калі, здаецца, нас шмат і ўсё класна. Але гэтая праца не ў меншай ступені вырашае лёс краіны”.

Лідэр арганізацыі “Моладзь БНФ” Алесь Каліта выказаў шкадаванне, што не выконваюцца рашэнні Палітычнай Рады АДС, што інфармацыя пра дзейнасць рады вельмі абмежаваная, што няма, па сутнасці, адказных за выкананне прынятых рашэнняў. Па-другое, адзначыў Каліта, моладзь не бярэ ўдзелу ў аргкамітэце па падрыхтоўцы Кангрэсу дэмакратычных сілаў зноў жа з-за адсутнасці адпаведнай інфармацыі.

“Мы гатовыя далучацца да працоўных групаў, далучацца да працы і браць на сябе адказнасць у выкананні рашэнняў палітрады. Толькі невядома, дзе гэтыя групы збіраюцца і калі. Было б добра, каб такая інфармацыя была дасяжная перша за ўсё да лідэраў беларускіх моладзевых арганізацыяў, а таксама да грамадскіх актывістаў, якія хочуць працаваць і дапамагаць”.

Алесь Каліта прапанаваў зрабіць больш адкрытай працу Рады аб’яднаных дэмсілаў, нават стварыць сайт, дзе публікаваліся б дакумэнты і рашэнні рады. Лідэр “Моладзі БНФ” таксама прапанаваў праводзіць сустрэчы моладзевых актывістаў і лідэраў АДС кожную апошнюю суботу месяца дзеля каардынацыі дзеянняў. Прапанова была прынятая. Іншыя прадстаўнікі моладзевых структураў звярнулі ўвагу партыйных лідэраў на недастатковую працу ў часе выбарчых кампаніяў. І галоўнае патрабаванне моладзі – рэальнае аб’яднанне высілкаў дэмакратычных сілаў. Падалося, што заўвагі і прапановы маладзёнаў знайшлі паразуменне ў партыйных дзеячоў. Старшыня БНФ Вінцук Вячорка прызнаў важнасць адбытай сустрэчы і абмену думкамі.

“Я ўвогуле за любыя дыялогі, за любыя размовы. Важна, што сёння былі прадстаўнікі моладзевых крылаў палітычных партыяў. Вельмі добра, што прысутнічалі актывісты, якія прадстаўляюць рознага кшталту ініцыятывы. Размова была шчырай. У тым сэнсе, што не цураліся крытыкі, і вельмі важна, што былі канструктыўныя прапановы. У тым ліку, і наконт каардынацыі дзеянняў сярод самой моладзі”.

Каштоўнасць сустрэчы адзначыў і актывіст моладзевага крыла АГП, прадстаўнік арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Міхаіл Пашкевіч:

“Сустрэча была важная. Шмат людзей перазнаёміліся паміж сабою. Людзі абмяняліся кантакатамі. Вельмі важнае пытанне, што мы вырашылі, гэта стварэнне інфармацыйнай сеткі па Мінску, каб людзі ведалі, што адбываецца ў горадзе і краіне. Мы ўпэўненыя, што ў гэтай працы возьмуць удзел прадстаўнікі ўсіх моладзевых дэмакратычных структураў. Зараз пачынаецца сапраўдная праца. Варта адзначыць тэндэнцыю: людзі ўжо і не супраць апазіцыі, што паказалі і мясцовыя выбары, але яны хочуць бачыць новыя твары. І, я думаю, мы іх не падвядзем”.

Пры канцы было прынятае рашэнне, што чарговая свустрэча моладзевых актывістаў і сябраў Палітрады АДС адбудзецца ўжо 31 сакавіка. На ёй плануецца падсумаваць вынікі адзначэння Дня Волі.