1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

«Рок-каранацыя-2005»

Юнэля Сальнікава1 марта 2006 г.

Пачынаючы з 1995 года, гэты рок-фэст з’яўляецца адной з буйных падзеяў у культурным жыцці Беларусі. За ўвесь час існавання фэсту ягонымі пераможцамі станавіліся практычна ўсе заўважныя прадстаўнікі айчыннага рок-н-ролу

https://p.dw.com/p/83c1
Фото: nrm.by.com

Учора позна ўвечары скончылася цырымонія ўзнагароджання лепшых музыкаў Беларусі – «Рок-каранацыя-2005». Квіткі на сёлетнюю, ужо дзесятую па ліку, цырымонію немагчыма было набыць ужо за тыдзень, а перад самым пачаткам канцэрту перакупшчыкі прасілі патройны кошт.

За ўвесь час існавання фэсту ягонымі пераможцамі станавіліся практычна ўсе заўважныя прадстаўнікі айчыннага рок-н-ролу. Першапачаткова «Рок-каранацыя» задумвалася як фэст беларускамоўных каманд, і на першай цырымоніі лепшым быў названы культавы гурт «Крама» на чале з Ігарам Варашкевічам. Аднак ужо наступным годам карону лепшага калектыву атрымала беларуская, але англамоўная каманда «Rouble Zone», а ў 1996 годзе галоўны прыз атрымаў гурт «Ляпіс Трубяцкі», вядомы сваімі іранічнымі спевамі ў стылістыцы гарадскога фальклору.

Два гады таму арганізатары ўвогуле вырашылі прыпыніць правядзенне фэсту. Справа ў тым, што цягам некалькіх год асноўныя ўзнагароды атрымоўваў гурт N.R.M, з чаго была зроблена выснова, што ідэя прадстаўніцтва фэсту сябе вычарпала. Адным з фактараў адраджэння сёлетняй “Каранацыі” называюць магутны прарыў рэгіянальных каманд, якім была прысвечана асобная частка цырымоніі і якія прэзентавалі ўсе рэгіёны Беларусі.

Сярод іншых новаўвядзенняў варта адзначыць і павелічэнне колькасці намінацый. Калі на першай «Рок-каранацыі» іх было ўсяго пяць, дык сёлета – адзінаццаць. У выніку журы, якое складалася з журналістаў, прадзюсераў і музыкаў, вызначыла пераможцаў у намінацыях фолк – імі сталі Іван Кірчук з гурта «Троiца», блюз – Ігар Варашкевіч і гурт «Крама», і альтэрнатыва – гомельскі метал-калектыў ТТ-34. Музычным праектам году была названа складанка “Прэм’ер Тузін”, гуртом году стаў J_морс. Да слова, музыкі J_морса не дачакаліся сваёй узнагароды і пакінулі цырымонію, пратэстуючы супраць таго, што яна мае палітычную афарбоўку. Справа ў тым, што ў залі знаходзіўся кандыдат у прэзідэнты ад дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч. Дарэчы, зноў жа па палітычных матывах, гурт J-морс адмовіўся і ад удзелу ў агітацыйных канцэртах у падтрымку прэзідэнта Лукашэнкі, якія адбываюцца пад лозунгам «За Беларусь!».

Вызначыць уладальнікаў рок-кароны ў астатніх шасці намінацыях мелі магчымасць усе жадаючыя пры дапамозе смс і інтэрнет-галасавання. На думку арганізатараў фэсту, такім чынам быў ліквідаваны суб’ектывізм, за што часта крытыкавалі папярэднія «Рок-каранацыі». Па выніках народнага галасавання, карону рок-князёўны атрымала Руся з гурта Indigа, лепшым выканаўцам быў прызнаны Лявон Вольскі. Лепшай песняй году стала кампазіцыя “Белакрылы анёл” гурта “ZET”, а лепшым альбомам году – дыск гурта Нейра Дзюбель «Тanki».