1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сьвяткаванне каранацыі караля Міндоўга ў Крэве

Вадзім Вілейта

Сёлета адзначалася 754-ая гадавіна ад гэтай выбітнай падзеі. Сьвяткаваньне ладзілася ўжо ў дзявяты раз, і сёлета да арганізацыі сьвята значна больш актыўна спрычыніліся беларусы, чым літоўцы.

https://p.dw.com/p/BG3Q

У старажытным мястэчку Крэва, што на Смаргоншчыне, традыцыйна штогод на пачатку ліпеня літоўская суполка Гарадзеншчыны пры падтрымцы афіцыйнай Вільні ладзіць фэст у памяць аб першым каралі літоўскім Міндоўгу. Але ў гэтым годзе ініцыятыву ў літоўцаў яўна перанялі беларусы. Менавіта яны сёлета адчувалі сябе гаспадарамі на сьвяце. Прадстаўнікі смаргонскіх раённых уладаў у сваіх прамовах, як маглі, ўзвышалі слаўную сумесную мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага, а панове госьці з літоўскай амбасады пераважна толькі сядзелі, слухалі ды дзівіліся, як беларусы асвойваюць скланеньне балцкіх імёнаў і настойліва напрошваюцца на сяброўства. Адзін зь яскравых прыкладаў – прамова начальніка ідэалягічнага аддзела Смаргонскага райвыканкама Аляксея Апановіча:

"Са старажытных часоў жылі побач на гэтай зямлі славянскія і балцкія плямёны. Зь цягам часу аб’ядналіся супраць агульных ворагаў і стварылі сваю дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае. Ад адзінага караля Вялікага Княства Міндаўга пачынае сваю гісторыю дзяржаўнасьць нашага і вашага народаў. З пакаленьня ў пакаленьне яго нашчадкі і паплечнікі, вялікія князі літоўскія Гедымінас, Альгерд, Ягайла, Вітаўт умацоўвалі сваю дзяржаву і абаранялі яе ад бязьлітасных варожых нашэсьцяў".

Такім чынам, на гэтым сьвяце тутэйшыя беларусы далі добра зразумець прыезлым і тутэйшым літоўцам, што вялікакняскую спадчыну яны ўжо ня менш за літоўцаў акцэптуюць як сваю – калі ўжо нават начальнік па ідэалягічнай працы дзяржаўнасьць Беларусі выводзіць не зь якой там Кіеўскай Русі ці з БССР, а з каранацыі Міндоўга. Літоўцы ня ведалі, ці цешыцца з гэтага прарыву ў мысьленьні беларускіх таварышаў, ці засмучацца, што колішняе іхнае сьвята – ужо ня толькі іхнае. Дарэчы, упершыню сёлета афіцыйнай мовай мерапрыемства была не літоўская, а беларуская з расейскімі ўстаўкамі, а журботныя балцкія напевы засталіся ў меншасьці перад бесклапотнымі славянскімі матывамі.

Былая доўгачасовая старшыня літоўскага таварыства Беларусі, а ў гэты раз – проста ганаровая госьця фэсту Віргінія Тарнаўскайтэ зь некаторым сумам у голасе гаворыць, што ўсё – да добрага, і зьмена стаўленьня беларускіх уладаў да гісторыі ВКЛ – таксама:

"Ну калі беларусам, тутэйшым балтам, падабаецца гэтае сьвята, калі яны прымаюць яго, як сваё – гэта ж добра. Калі яны пакуль ня вельмі ведаюць, хто яны самі такія – ну і добра, хай яны заганяюць сабе ў падсвядомасьць гэтыя імёны – Міндаўгас, ВКЛ… Цяпер гэта іх замкі, іх гісторыя".

Зрэшты, шматлікіх гасьцей фэсту, што зноў жа зьехаліся ў Крэва з мноста навакольных мястэчкаў і вёсак, гістарычныя пэрыпэтыі хвалявалі ня надта. Яны проста слухалі народныя сьпевы, глядзелі на сярэднявечныя танцы і адпачывалі пад цёплым ліпеньскім сонцам. Можа быць, сёлета фэст у Крэве адбываецца ў апошні раз. Існуе спадзяваньне, што ў наступным годзе ў беларускіх уладаў дойдуць рукі да крэўскага замку, які, у адрозьненьне ад мірскага і нясьвіскага, пакуль зусім запушчаны. Калі будзе распачатая кансэрвацыя і рэстаўрацыя рэшткаў крэўскага замку, ладзіць сьвята ня будзе дзе. Аднак застаецца надзея, што традыцыя фэсту, які ужо пасьпеў стаць мясцовай літоўска-беларускай традыцыяй, захаваецца.