1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сяргей Гайдукевіч: «Самі сябе закапалі»

Сяргей Панчанка

Сёння Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні законапраект, які, у прыватнасці, уводзіць крымінальную адказнасць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь

https://p.dw.com/p/7YEd
Фото: BilderBox

За прыняцце законапраекта прагаласавала 97 чалавек пры чатырох супраць.

Нагадаем, што ён паступіў у Палату прадстаўнікоў 23 лістапада ад імя прэзідэнта і з пазнакай «тэрмінова». Пад дыскрэдытацыяй Рэспублікі Беларусь прапаноўваецца разумець - цытата: «прадастаўленне замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь ці яе органаў улады». Тэрмін пакарання за гэтае дзеянне – арышт да 6 месяцаў ці пазбаўленне волі да двух гадоў.

Дэпутат Вольга Абрамава прапанавала папраўку, якая б змякчала пакаранне да штрафу ад 50 да 100 базавых велічыняў, а таксама настойвала на адмене іншых жорсткіх пунктаў. Шэраг удакладняючых паправак унёс і дэпутат Віктар Кучынскі. А дэпутат і старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч увогуле заклікаў галасаваць супраць законапраекта. Аднак законапраект быў прыняты ў арыгінале. «Самі сябе закапалі», -- так пракаментаваў рашэнне калегаў Гайдукевіч.

Арышт да 6 месяцаў ці пазбаўленне волі на 2 гады зараз магчыма атрымаць за арганізацыю дзейнасці ці ўдзел у арганізацыях і фондах, зліквідаваных ці прыпыненых судом. Ад паўгаду арышту да трох гадоў турмы пагражае за публічныя заклікі да захопу ўлады. Столькі ж -- за заклікі, якія звернутыя да замежных дзяржаў ці міжнароднай арганізацыі, здзейсніць учынкі на шкоду знешняй бяспецы Беларусі, а таксама за распаўсюд матэрыялаў, што ўтрымліваюць такія заклікі.

Калі гэтыя выказванні будуць распаўсюджвацца праз сродкі масавай інфармацыі, то пакаранне ўзрастае – ад двух да пяці гадоў турмы.

Як сказала «Нямецкай хвалі» Вольга Абрамава, «уладзе няма чаго баяцца. Гэты законапраект – своеасаблівы інстытут закладнікаў».

Дарэчы, старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, чыя ўстанова брала ўдзел у распрацоўцы гэтага законапраекта, адразу пасля галасавання адказаў на пытанні журналістаў. Ён распавёў, што разглядае гэты закон як прэвентыўны захад. Сухарэнка непакоіцца, што многія маладыя людзі, якіх уцягваюць у нелегальную палітычную дзейнасць, могуць сапсаваць сабе жыццё. Зараз жа, на думку галоўнага чэкіста, яны сур’ёзна задумаюцца. Таксама кіраўнік КДБ адзначыў, што гэты закон не будзе мець зваротнай сілы. Што тычыцца работы прэсы, паколькі яе прасцей за ўсё звінаваціць у «прадастаўленні загадзя ілжывай інфармацыі пра Беларусь», то Сцяпан Сухарэнка параіў журналістам «чытаць закон і думаць».