1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сяргей Сідорскі - новы стары прэм'ер Беларусі

Паўлюк Быкоўскі

Сёння Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі дала згоду на прызначэнне Сяргея Сідорскага прэм'ер-міністрам Беларусі.

https://p.dw.com/p/8H6J

Пад час прадстаўлення кандыдатуры Сідорскага кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Генадзь Нявыглас заявіў, што ў Беларусі склалася палітычная стабільнасць, назіраецца эканамічны пад'ём і кансалідацыя ў грамадстве, што дазваляе вырашыць важныя дзяржаўныя пытанні, у тым ліку і ў эканамічным развіцці. Характарызуючы Сідорскага, сп. Нявыглас сказаў:

Вы ўсе цудоўна ведаеце Сяргея Сяргеявіча па сумеснай працы. Ён мае без перабольшвання агромністы досвед гаспадарчай і кіруючай дзейнасці. Патрабавальны, здольны прымаць адказныя рашэнні і ўпарта дабівацца пастаўленых мэтаў. Варты прэм'ер. Пад яго кіраўніцтвам Саўмін паспяхова спраўляецца з задачамі дзяржаўнага будаўніцтва і сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны.

Асноўная задача новага складу ўраду, адзначыў Генадзь Невыглас, -- актыўны ўдзел у пабудове "дзяржавы для чалавека". У першую чаргу, адзначыў кіраўнік адміністрацыі, урад мусіць вырашыць дэмаграфічную праблему. З гэтай мэтай неабходна зрабіць даступным для насельніцтва жыллё і падняць статус маці. Генадзь Невыглас падкрэсліў, што " у адрозненні ад некаторых суседзяў" новы Савет міністраў Беларусі будзе сфармаваны ў самыя кароткія тэрміны. Гэта абумоўлена тым, што ў Беларусі "урад працуе на чалавека, а не на нейкія групы".

Пасля гэтага Сяргей Сідорскі прэзентаваў план дзейнасці ўраду да 2010 году. Па яго словах, перад урадам стаіць няпростая задача павялічыць да 2010 году Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) на 55% і экспарт -- на 60%. Сп. Сідорскі адзначыў, што практыка падтрымкі найбольш буйных беларускіх прадпрыемстваў і стварэння буйных карпаратыўных сетак будзе захаваная і ў наступнай пяцігодцы. Менавіта гэткая практыка ў мінулай пяцігодцы дазволіла, паводле Сідорскага, дасягнуць поспехаў у трактара-, аўтамабіле- і маторабудаўніцтве.

Таксама ў гэтыя гады ўрад, паводле Сідорскага, паспяхова вырашыў шэраг энергетычных праблем і здолеў дасягнуць своечасовага разліку прадпрыемствамі за энергарэсурсы і планамернага пагашэння раней накопленай запазычанасці. У выніку за некалькі год пратэрмінаваная запазычанасць скарацілася з 400 да 70 млн. USD. І, тым не менш, па словах Сідорскага, урад мусіць працаваць над падвышэннем энергетычнай бяспекі краіны. Для гэтага неабходна давесці да 25% долю выкарыстання мясцовых відаў паліва ў агульным энергабалансе Беларусі, а таксама скараціць энергаёмістасць вытворчасці на 30%.

Затым кандыдат у прэм'еры адказаў на пытанні дэпутатаў. Самае актуальнае пытанне задаў толькі адзін дэпутат -- Віктар Кучынскі. Ён зацікавіўся пазіцыяй беларускага ўраду ў сувязі з заявай "Газпрому" аб падвышэнні коштаў на газ. Сяргей Сідорскі запярэчыў, што заяваў пра канкрэтныя кошты на газ не гучэлі, і беларускі бок у працоўным парадку вядзе перамовы аб коштах на расійскі газ на наступны год.