1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ужо можна не рызыкаваць

Вольга Класкоўская16 апреля 2007 г.

Суседняя Польшча спрашчае ўмовы працы для замежнікаў. Гэта датычыцца грамадзянаў Беларусі, Расіі і Украіны. Новыя правілы дазволяць беларусам працаваць у Польшчы без адмысловага дазволу на працягу трох месяцаў.

https://p.dw.com/p/AFqd

- На мой погляд, улады трохі паспяшаліся з новаўвядзеннямі. Мне падаецца, што ў першую чаргу нам варта было б вырашаць праблемы з уласным беспрацоўем і не спяшацца запрашаць на працу ў Польшчу іншаземцаў.

-- Калі гэта не шкодзіць нашым інтарэсам, а наадварот дапамагае вырашыць пэўныя праблемы на рынку працы, у прыватнасці, у тых сферах, куды не асабліва прагнуць працаўладкоўвацца палякі, то я не супраць.

Такія меркаванні давялося пачуць у варшаўскім Цэнтры занятасці насельніцтва, у чарзе каля кабінету рэгістрацыі беспрацоўных.

Меркаванні беспрацоўных палякаў -яно і зразумела, што большасць з іх да новаўвядзенняў ставяцца падазрона - зусім не падзяляюць тамтэйшыя працадаўцы, што пераважна знітаваныя з будаўнічай, медычнай, гандлёвай і сельскагаспадарчай сферамі. Асабліва цяжкая сітуацыя ў сферы медыцыны: за апошнія гады на працу ў краіны ЕС выехала вялікая колькасць польскіх лекараў. Увогуле ж, паводле экспертаў, апошнім часам за мяжу выехала да двух мільёнаў польскіх працаўнікоў. Таму запатрабаванасць у новай працоўнай сіле натуральная.

Як распавёў у інтэрв'ю „Нямецкай хвалі” намеснік дырэктара Дэпартаменту міграцыі Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Януш Гжыб, «новыя правілы датычацца працаўнікоў з краінаў, што мяжуюць з Польшчай на усходзе – Беларусі, Расіі і Украіны»:

«Мы ўвесь час атрымліваем сігналы ад нашых працадаўцаў аб зацікаўленасці прыцягнуць на працу грамадзянаў гэтых краінаў. Таму і было прынятае такое рашэнне. Новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць ужо з траўня. З гэтага часу грамадзяне Беларусі, Расіі і Украіны змогуць працаваць у Польшчы без адмысловага дазволу нашых уладаў на працягу трох месяцаў – прычым, ва ўсіх сферах. Хацеў бы падкрэсліць, што пры гэтым замежныя працаўнікі будуць мець роўныя правы з палякамі. Гэта датычыць і варункаў працы, і заробкаў, і стаўлення. Акрамя іншага, болей даступнымі стануцца і аб'явы аб працы. У хуткім часе яны будуць перакладзеныя і на беларускую мову».

Алена з Гродна жыве ў польскай сталіцы ўжо пяць гадоў. Сталай працы не мае: час ад часу падпрацоўвае перакладчыкам з польскай на расейскую. Заробку хапае, каб зняць сціплую аднапакаёвую кватэру, забяспечыць сябе і трохі падтрымаць сям'ю, што засталася ў Беларусі.

«Заробак, вядома, залежыць ад колькасці замоваў. Бывае, што ў месяц і тысячу даляраў магу зарабіць. У Беларусі я і таго не мела»,

-- распавядае суразмоўца.

Прывабнымі выглядаюць прапановы – што датычыцца заробкаў -- для тэхнічных адмыслоўцаў. Герман Сушкевіч, праграміст з Мінску, які пачынаў у Польшчы як распаўсюднік рэкламных улётак, сёння кіраўнік аналітычнага аддзелу ў буйной польскай кампаніі:

«Спачатку ўладкаваўся сістэмным адміністратарам у адну фірму, праз тры гады ўжо займаў пасаду праграміста, пасля кіраўніка праектаў, а зараз я ўзначальваю адзін з аддзелаў у буйной польскай кампаніі. Ніякага страху перад заўтрашнім днём у мяне няма. І ўвогуле тэхнічныя адмыслоўцы тут запатрабаваныя».

Вядома, што адна з галоўных праблемаў для жадаючых уладкавацца на працу, -- моўнае пытанне. Любая сфера вымагае мінімальнага ведання польскай мовы ці то праца ў рэстарацыі, ці ў гандлі, ці ў сферы абслугі ці будоўлі.

Як зазначае намеснік дырэктара Дэпартаменту міграцыі Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Януш Гжыб, найбольш запатрабаваная сфера на дадзены момант – будаўніцтва. Паводле статыстыкі міністэрства, летась афіцыйны дазвол на працу ў Польшчы атрымалі 704 беларусы. Пры гэтым суразмоўца заўважае, маўляў, «вядома, што гэта зусім не адлюстроўвае рэальную карціну рынку працы і шмат людзей з Усходу працуе тут нелегальна».

Польскія ўлады папярэджваюць, што лепей так не рызыкаваць: нелегальная праца можа абвярнуцца дэпартацыяй на радзіму і адмовай у атрыманні працоўнай візы.