1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“Усе мы ў адной лодцы плывем”

Григорий Савельев26 марта 2007 г.

Гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц адзін з першых адчуў на сабе дзеянне новага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Раённы суд прызнаў яго вінаватым у незаконным ажыццяўленні дзейнасці ў інтарэсах замежных СМІ.

https://p.dw.com/p/A9P5

У сакавіку мінулага году гомельская пракуратура папярэдзіла Анатоля Гатоўчыца пра недапушчальнасць журналісцкай дзейнасці без адпаведнай акрэдытацыі, а гэта значыць у парушэнні закону аб сродках масавай інфармацыі.

Паводле пракуратуры, цягам году Анатоль Гатоўчыц не выканаў афіцыйнага патрабавання. Гукавыя матэрыялы, якія карэспандэнт рабіў для беларускай інфармацыйнай агенцыі БелаПАН, агучваліся і ў эфіры амерыканскай радыёстанцыі “Свабода”.

Дарэчы, калі які-небудзь замежны карэспандэнт працуе без акрэдытацыі, яго могуць дэпартаваць з краіны. Для беларускіх жа грамадзянаў за журналісцкую працу без акрэдытацыі не прадугледжана ні адміністрацыйнай, ні крымінальнай адказнасці. Таму Анатоля Гатоўчыца абвінавацілі ў невыкананні патрабавання пракурора, то бок “службовай асобы, якая ажыццяўляе дзяржаўны кантроль і нагляд…” (арт. 23.1 КоАП).

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 26 сакавіка прыняў версію пракуратуры і прызнаў Анатоля Гатоўчыца вінаватым. Падтрымаць вядомага ў рэгіёне журналіста прыйшлі каля двух дзесяткаў грамадскіх дзеячаў, але трапіць на суд яны не здолелі. Суддзя Марына Дамненка паклікала да сябе ў кабінет толькі адваката і праз 20 хвілінаў вынесла абвінаваўчае рашэнне.

Адвакат Пятро Барысаў бачыць усе прававыя падставы, каб аскардзіць рашэнне раённага суда. Юрыст лічыць, што пры раглядзе справы былі парушаныя многія заканадаўчыя нормы. З самага пачатку Анатоль Гатоўчыц сцвярджаў, што працаваў ад імя беларускіх сродкаў масавай інфармацыі і прадаставіў суду адпаведныя дакументы. Да таго ж суддзя двойчы адхіліла хадайніцтва абароны аб тым, каб у судзе былі заслуханыя паказанні сведак. Акрамя таго, на думку адваката Пятро Барысава,

“былі парушаныя працэдурныя пытанні, паколькі прыменены артыкул, які ўступіў у законную сілу толькі з 1 сакавіка 2007 года. А ўсе эпізоды адміністрацыйных правапарушэнняў, у якіх абвінавачваецца Гатоўчыц, здзейсненыя ў 2006 годзе і ў лютым 2007 года. То бок тады гэты артыкул яшчэ не дзейнічаў, і адпаведна не можа быць прыменены пры прыцягненні асобы да адказнасці. А аналагічнага артыкула ў старым Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях не было”.

Дарэчы, 26 сакавіка Цэнтральны суд Гомеля працаваў ва ўзмоцненым рэжыме. На гадзіну раней за разгляд справы журналіста прайшоў суд над Юрыем Глушаковым. Актывіста затрымалі напярэдадні Дня Волі па вядомым артыкуле “дробнае хуліганства”, але вымушаны былі адпусціць па сямейных абставінах. Глушакоў застаўся ў судзе, каб выказаць салідарнасць з незалежным журналістам, бо

“... ўсе мы ў адной лодцы плывем. Мяне падтрымала шмат сяброў і актывістаў грамадскага руху. І я таксама павінен падтрымаць іншых дзеячоў, прадстаўнікоў незалежнай прэсы, калі яны атрымліваюцца ў цяжкім становішчы. Яны заўсёды падтрымліваюць нас. Я ім за гэта заўжды ўдзячны”.