1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Беларусі пачалася перадвыбарчая агітацыя

Генадзь Канстантынаў

Выбарчы кодэкс забараняе агітацыю за кандыдатаў на прэзідэнта да іх афіцыйнай рэгістрацыі, якая завяршаецца 22 лютага. Але ўжо цяпер на агромністых рэкламных стэндах з’явіліся плакаты, знаёмыя ўсім па рэферэндуме

https://p.dw.com/p/7w5k
Фото: AP

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь забараняе агітацыю за кандыдатаў на прэзідэнта да іх афіцыйнай рэгістрацыі Цэнтравыбаркамам. Рэгістрацыя цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі завяршаецца 22 лютага. Адпаведна, толькі пасля гэтай даты можа пачынацца агітацыя. Але ўжо цяпер на агромністых рэкламных стэндах як у сталіцы, гэтак і ў іншых гарадах краіны з’явіліся плакаты, знаёмыя ўсім па рэферэндуме 2004 году. У той час, нагадайма, Аляксандр Лукашэнка атрымаў права прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы ў трэці раз. Гэтыя плакаты адкрыта не заклікаюць галасаваць за Аляксандра Лукашэнку на выбарах. Аднак ускосна яны з’яўляюцца агітацыйным матэр’ялам за дзейнага прэзідэнта. У гэтым упэўнены вядомы юрыст Гары Паганяйла, пра што ён і сказаў карэспандэнту Нямецкай хвалі .

“Натуральна, гэта прыхаваная рэклама, прычым рэклама з выкарыстаннем дзяржаўнай сымболікі, і гэта мусіць выклікаць ухвалу ў выбарнікаў, бо гэтую сымболіку яны звязваюць з дзейнасцю цяперашняй улады”,

- лічыць Гары Паганяйла:

“Гэтая сымболіка асацыюецца з імем Аляксандра Лукашэнкі, таму гэта чыста псіхалагічны прыём замбавання насельніцтва перад будучай агітацыяй і самімі выбарамі кіраўніка дзяржавы”.

У Цэнтравыбаркаме на пытанне, ці не ёсць гэтыя плакаты прыхаванай агітацыяй, адказалі, што размяшчэнне на рэкламовых стэндах плакатаў, калі яны не ўтрымліваюць адкрытых заклікаў галасаваць за кагосьці з прэтэндэнтаў да агітацыйнай кампаніі, не ёсць правапарушэннем. І наогул, рэкламныя стэнды знаходзяцца ў веданні выканкамаў, таму фармальна ЦВК не мае да іх аніякага дачынення.

Таксама актывізавалася дзейнасць і эстрадных выканаўцаў, як беларускіх, гэтак і расійскіх. Прыкладам, учора ў Гародні канцэртам саюзных поп-зорак тэлеканал ОНТ пачаў акцыю “За Беларусь!” на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Канцэрт быў бясплатны. Расійскія выканаўцы і кіраўнікі гарадзенскай вертыкалі ў часе выступаў перад гледачамі ўхвалялі палітыку Лукашэнкі. Канцэртовую эстафету хуткім часам падхопяць іншыя гарады Беларусі. Акцыя разлічаная на паўтары месяцы і завершыцца за тыдзень да выбараў гала-канцэртам у Мінску.

Іншая рэч, калі справа тычыцца дэмакратычнае апазіцыі. Нават за раздачу простых каляндарыкаў з выяваю вядомых апазіцыйных палітыкаў, нават калі ў іх і няма заклікаў галасаваць за кагосьці дакладна, міліцыя затрымлівае, а суд штрафуе.