1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Беларусі ў продажы з’явіўся “Нямецка-беларускі слоўнік”

Генадзь Кеснер15 января 2007 г.

Над кнігай больш за 40 гадоў працаваў шэраг аўтараў на чале з лінгвістам і псіхолагам Мікалаем Кур’янкам, а выдаў яе філолаг Зміцер Колас. А неўзабаве скончыцца праца і над “Беларуска-нямецкім слоўнікам”.

https://p.dw.com/p/9hC0

Аўтары слоўніка ў прадмове адзначаюць, што выданне мае, цытую: «выразную функцыянальную скіраванасць - дапамагчы карыстальніку перакласці на беларускую мову нямецкія тэксты размоўнага і грамадзка-палітычнага жанраў… Таму ён будзе карысны як тым, хто вывучае нямецкую мову, так і тым, хто, паводле характару сваёй дзейнасці, мае дачыненне да нямецкай мовы», сцвярджаюць аўтары.

Ад пачатку крыху гісторыі стварэння гэтага слоўніка. Паводле Мікалая Кур’янкі, аўтара выдання, які працаваў над ім ад першых дзён, пачалася праца над слоўнікам больш за сорак гадоў таму. У той час група маладых выкладчыкаў Менскага інстытута замежных моваў на чале з Уладзімерам Марцінеўскім, які да вайны вучыўся ў Данцыгу, цяперашнім Гданьску, у нямецкай гімназіі, вырашыла распачаць працу над нямецка-беларускім слоўнікам. Тады маладыя навукоўцы планавалі стварыць слоўнік на 20 тысячаў словаў. Склалі карткі, стварылі картатэку, зрабілі пераклады. І вось узнікла пытанне з выданнем кнігі. Мікалай Кур’янка нагадвае, што Беларусь за тымі часамі ня мела права на выданьне слоўнікаў. Адпаведнае выдавецтва існавала толькі ў Маскве. На пачатку ў савецкай сталіцы было пагадзіліся надрукаваць гэты слоўнік, але, паводле Мікалая Кур’янкі, узнікла пэўная перашкода:

“У часопісе “Камуніст Беларусі” выйшаў артыкул Пятра Міронавіча Машэрава, першага сакратара ЦК кампартыі БССР, аб значнай, вялікай ролі рускай мовы ў жыцці Беларусі. Куды тады было ўжо сунуцца згэтым слоўнікам? Так ён і ляжаў”.

Праца па стварэньні Нямецка-беларускага слоўніка была адноўленая толькі на пачатку 90-х гадоў. Аўтары вырашылі павялічыць яго, у выніку чаго ў апошнім варыянце, які можна бачыць сёньня, ён мае больш за 50 тысячаў словаў. З цягам часу колькасць аўтараў, што працавалі над кнікай, меншыла – хтосьці адмаўляўся працаваць з прычыны адсутнасці годнага фінансавання, хтосьці захварэў, хтосці пакінуў гэты сьвет. У выніку, самыя адказныя моманты працы леглі на плечы Мікалая Кур’янкі. Апісаць усе цяжкасці, звязаныя з выданнем слоўніка, мы ня можам з-за абмежаванасьці часу. Тым ня менш, Мікалай Кур’янка сказаў мне, што праца над слоўнікам была для яго вельмі цікаваю:

Гэта цікавая піраца над слоўнікамі. Але была б яшчэ больш цікавай, калі б было каму працаваць”.

Выдаўцом слоўніка з’яўляецца Зміцер Колас, лінгвіст, былы выкладчык Мінскага лінгвістычнага ўнівэрсітэта. На маё пытанне, ці выдае ён слоўнікі дзеля прыбытку альбо з іншых прычынаў, спадар Зміцер адказаў:

Любая камерцыя мае на ўвазе заўсёды прыбытак, але першая і асноўная, у прынцыпе, мэта – культурны здабытак, які нясуць гэтыя слоўнікі беларускай культуры й беларускай нацыі. Таму што слоўнік – гэта аснова ўсёй перакладчыцкай дзейнасці. Дагэтуль перакладчыкі, на жаль, былі вымушаныя працаваць натугам, часцяком перакладаючы праз расейскія эквіваленты, шукаючы беларускія эквіваленты. Цяпер, я думаю, гэтыя слоўнікі нашмат аблегчаць гэтую справу”.

Паводле Зміцера Коласа, яму асабіста вельмі цікава выдаваць такія кнігі, ды і патрэба ў іх ёсць:

Мне асабіста займацца гэтым вельмі цікава, таму што я, у першую чаргу, спэцыяліст – лінгвіст. Апроч таго, на пачатку 90-х гадў пры Міністэрстве інфармацыі была створаная нават слоўнікавая камісія. Я па сваёй ініцыятыве таксама ўвайшоў у склад гэтае камісіі. На жаль, плёну вялікага яна не дала, і слоўнікі так і не пачалі выходзіць, але задумы гэтыя ўсё роўна рана ці позна пачынаюць рэалізоўвацца. А што тычыцца спэцыялістаў, якія змогуць карыстацца гэтмі слоўнікамі, то яны ёсць.

Зміцер Колас упэўнены, што такія слоўнікі сёння запатрабаваныя нават нягледзячы на тое, што афіцыйная моўная палітыка не спрыяе разьвіццю і нават паўсядзённаму выкарыстанню беларускае мовы:

Я планую выдаваць усе слоўнікі, але гэта не ад мяне залежыць, як ад выдаўца, але ад лінгвістаў, якія займаюцца складаннем гэтых слоўнікаў. Карыстаючыся выпадкам, я хачу звярнуцца да ўсіх лексікографаў брацца за гэтю справу, і яна будзе мець плён у выглядзе выдадзеных слоўнікаў.

Насёння ўжо набраны і амаль гатовы для выдання беларуска-нямецкі слоўнік, працу над якім таксама вядзе Мікалай Кур’янка. На жаль, наклад такіх кніг даволі абмежаваны. Да прыкладу, наклад таго слоўніка, пра які мы распавядалі, складае ўсяго толькі 500 асобнікаў.