1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У выбаркамах дэмакратаў - адзінкі

Сяргей Панчанка

У Беларусі падведзеныя вынікі фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. З амаль дзвюхсот чалавек, выстаўленых аб’яднанымі дэмакратамі, у складзе выбаркамаў апынуліся адзінкі.

https://p.dw.com/p/7ikf
Фото: AP

У Беларусі падведзеныя вынікі фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. З амаль дзвюхсот чалавек, выстаўленых аб’яднанымі дэмакратамі, у складзе выбаркамаў апынуліся адзінкі. Не лепшая сітуацыя і ў іншых незалежных кандыдатаў.

Паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, самае вялікае прадстаўніцтва ў прапрэзідэнцкай Кампартыі Беларусі – каля 50 чалавек. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, якія заявілі пра падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, атрымалі каля 300 месцаў. Саюз жанчынаў і аб’яднанне ветэранаў – больш за сто. Пры гэтым, супрацоўнікі мясцовых органаў улады і іншыя дзяржслужбоўцы склалі амаль траціну ад агульнага складу камісіяў.

З больш як дзвюх тысячаў чалавек, што ўвайшлі ў склады 165 тэрытарыяльных выбаркамаў, чальцоў апазіцыйных партыяў там набралося менш за дзесятак. Як паведаміў “Нямецкай хвалі” юрыст Уладзімір Лабковіч, які працуе ў камандзе кандыдата ў прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча, вядома толькі пра аднаго сябра Партыі БНФ і некалькіх з Партыі камуністаў Беларускай. “Гэткі вынік сведчыць пра тое, што ўлады баяцца чэсных і празрыстых выбараў”, - упэўнены Сяргей Калякін, галава штабу Мілінкевіча.

Прыхільнікаў іншага прэтэндэнта, лідэра сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандра Казуліна, вылучалася парадку 30 чалавек. “Закрытая сістэма выбаркамаў, на думку М. Грыба, усталявалася з 1996 году. Мы гэта ведалі, але выставілі сваіх прадстаўнікоў, каб улады не папракнулі нас у тым, што мы нават не спрабуем рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы”, - падкрэсліў М. Грыб. Ён таксама адзначыў, што тэрытарыяльныя выбаркамы маюць важнае значэнне ў працэсе выбараў. Так, напрыклад, яны правяраюць даставернасць подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

У сваю чаргу, галава Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына лічыць, што нераўнамернае прадстаўніцтва ў камісіях прыхільнікаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта не йграе ролі. Усе чальцы выбаркамаў, указала Ярмошына, незалежна ад палітычных поглядаў, абавязаныя аднолькава ставіцца да ўсіх прэтэндэнтаў і дзейнічаць строга ў межах заканадаўства. Нагадаю, што раней Ярмошаны заявіла, што “Выбары – гэта, перадусім, палітыка, а потым ужо юрыспрудэнцыя”.

Дарэчы, фармаванне выбарчых камісіяў гэтым разам прайшло без удзелу незалежных назіральнікаў. Адзін з кардынатараў незалежнага назірання Мікалай Астрэйка распавёў, што з прычыны пераносу тэрміну выбараў яны не паспелі падрыхтавацца. “Адметная асаблівасць гэтых выбараў у тым, што назіранне за імі будзе дэцэнтралізаванае”, - адзначыў Астрэйка. Паводле яго словаў, плануецца, што ў незалежным назіранні возьмуць удзел каля трох з паловаю тысячаў чалавек, гэта амаль столькі ж, як і на леташніх парламенцкіх выбарах і рэферэндуме.