1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Гародню дастаўлена копія Турынскай плашчаніцы

Ларыса Новікава

Дублікат адной з галоўных хрысціянскіх святыняў быў прынесены ў дар Гарадзенскай рымска-каталіцкай епархіі ад польскіх мецэнатаў - варшаўскага Апостальства Боскай міласэрнасці.

https://p.dw.com/p/8uhS

Копія Турынскай плашчаніцы выстаўленая на ўсеагульны агляд у галоўным каталіцкім храме горада – Фарным касцёле святога Францыска Ксаверыя. Яна памешчаная ў адным з 13 алтароў – Святога Міхаіла Архангела.

Унясенне хрысціянскай рэліквіі ў храм было прызначанае да гадавіны каранацыі іконы Маці Боскай Кангрэгацкай, якую каталікі лічаць заступніцай Гародні. На святочнай імшы прысутнічалі каля 5 тысячаў вернікаў, а праводзіў яе пасланнік Вацікану – апостальскі нунцый Марцін Відавіч.

“З'яўленне ў Фарным касцёле копіі Турынскай плашчаніцы – гэта боскае наканаванне, – кажа натарыус Гарадзенскай рымска-каталіцкай епархіі ксёндз Антоній Грэмза. – Зараз да нас ідуць тысячы людзей, каб дакрануцца да святыни і памаліцца».

Паводле айца Антонія, копія плашчаніцы дакладна паўтарае памеры Турынскай. Даўжыня тканіны з лёну - 4 метры 36 сантыметраў, шырыня - 1 метр 10 сантыметраў. Абрыс цела Хрыста быў перанесены на тканіну дублікату з дапамогай фатаграфіі. Копія была вырабленая па спецыяльнаму заказу ў Турыне.

Менавіта там, у катэдры Джаванні Баціста ў саркафаге захоўваецца арыгінал тканіны, у якую, згодна з паданнем, было загорнутае цела Езуса Хрыста, знятае з крыжа. Таму плашчаніца мае назву Турынскай. Яна выстаўляецца на агляданне толькі ў адмысловых выпадках. У апошні раз гэта адбылася ў 2000 годзе. Тады ў Турын імкнуліся тысячы пілігрымаў, каб на ўласныя вочы ўбачыць цуд.

Яшчэ напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя было принятае рашэнне дэманстраваць толькі дублікаты. Было выраблена ўсяго каля 30 копій плашчаніцы. Дзве з іх зараз знаходзяцца ў Беларусі. Першая ў мінулым годзе была прывезеная ў Мінск і захоўваецца ў касцёле святых Сымона і Алены.

А рэліквія, вырабленая для Гародні, перад тым, як з'явіцца ў Фарным касцёле, больш за месяц знаходзілася ў Тракельскім храме Воранаўскага раёну, дзе яе асвяціў біскуп Гарадзенскай рымска-каталіцкай епархіі Аляксандр Кашкевіч.

Доступ да копіі Турынскай плашчаніцы, якая зараз выстаўленая ў гарадзенскім Фарным касцёле, яшчэ некаторы час будзе свабодным. Потым яна будзе змешчаная за празрысты пласцік дзеля захаванасці. Праз год рэліквію плануецца перавозіць таксама і ў іншыя касцёлы Гарадзенскай епархіі.