1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Гародні завершыўся VI Усебеларускі фестываль нацыянальных культураў

Наталля Макушына

У iм прынялі ўдзел 25 дэлегацыяў нацыянальных мяньшынстваў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. А непрызнаны ўладамі Саюз палякаў Беларусі на чале з А. Борыс аб'явіў байкот удзелу ў афіцыйных мерапрыемствах фестывалю

https://p.dw.com/p/8ZjK

Свята нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, упершыню зладзілі ў 1996 годзе. З той пары раз на два гады над Гародняй уздымаецца сымбаль фестывалю – штандар, на белым фоне якога выява васілька з рознакаляровымі пялёсткамі.

У мінулым свяце ў 2004 годзе прымалі ўдзел прадстаўнікі 20 дыяспараў. Сёлета ў дзень адкрыцця да святочнага шэсця далучыліся індусы, французы, латышы, палестынцы ды манголы.

У праграме фестывалю – стаўшыя ўжо традыцыйнымі Гарадзенскі баль, выступы калектываў нацыянальных аб'яднанняў з ўсіх абласцей, а таксама канцэрт майстроў мастацтва Рэспублікі Беларусь. Былі адчыненыя музей нацыянальных культураў, фотавыстава «Па старонках фестывалю» і экспазіцыя «Кветкі маёй Радзімы». У адзін з вечароў свята на набярэжнай Нёмана было зладжана лазернае шоу і тэатралізаваны паказ. У парку ў Горадзе майстроў дэманстравалі сваю працу народныя ўмельцы.

На гарадзенскіх вуліцах былі адчыненыя 20 нацыянальных падворкаў. Прадстаўнікі ўкраінскай, грузінскай, габрэйскай, армянскай, узбекскай, грэчэскай ды іншых дыяспараў частавалі гасцёў традыцыйнымі прысмакамі. Але бадай што сапраўды інтэрнацыянальным стаўся шашлык. Яго гатавалі паўсюдна.

Да адкрыцця фестывалю рэканструкцыю плошчы ў цэнтры гораду завершыць не паспелі, таму галоўная канцэртная пляцоўка свята была размешчаная наўпрост перад помнікам Леніну. Усе тры дні фестывалю галава бронзавага правадыра міравой рэвалюцыі выглядвала з-за шатра над сцэнай, што забаўляла гарадзенцаў не меньш, чым выступы артыстаў.

Падчас масавых гулянняў за парадкам сочылі 2 тысячы міліцыянтаў, а таксама група спецназу з Мінску. Міністр культуры Ўладзімір Мацвейчук на закрыцці фестывалю падкрэсліў, што дзесяткі тысячаў чалавек вітаюць свята сваім удзелам, а таму наступныя фестывалі атрымаюць рэспубліканскую падтрымку.

Польскую культуру на фествалі прадстаўляў Саюз палякаў на Беларусі пад кіраўніцтвам Юзефа Лучніка, які падтрымліваюць улады. Рада незалежнага СПБ на чале з Анжалікай Борыс яшчэ напачатку году вырашыла не ўдзельнічаць у афіцыйных мерапрыемствах фестывалю. Нагадаю, што ў 2004 годзе фестываль байкатавалі гарадзеньскія літоўцы за тое, што ўлады не далі дазволу на традыцыйную сустрэчу на ўгодкі Грунвальскай бітвы.

У мінулую суботу прыхільнікі непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў зладзілі альтэрнатыўны падворак наўпрост на тэрыторыі Генеральнага консульства Польшчы ў Гродна і адзначылі 11-е ўгодкі адкрыцця дыпламатычнага прадстаўніцтва. Тут была адчыненая выстава народнай творчасці, а ў імправізаваным канцэрту прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з Менску, Браславу, Навагрудку, Берасця і іншыў рэгіёнаў. На сустрэчу беларускіх палякаў у Гарадзенскае консульства прыехалі прадстаўнікі польскага Сенату і Міністэрства замежныў справаў.

Актывіст незалежнага Саюзу палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут распавёў, што ўлады аказвалі ціск на тых, хто адмовівўся ад удзелу ў афіцыйным свяце культураў. У дзень адкрыцця фестывалю быў затрыманы і асуджаны на 3 дні арышту за хуліганства кіраўнік Шчучынскага хору «Прамень” Эдвард Хайдукевіч. У консульства не прыехаў школьны тэатр з Парэчча, таму што настаўніцы пагражалі звальненнем з працы. Звальненнем пагражалі таксама прадстаўнікам дэлегацыі з Навагрудку, але аттуль усе ж прыехалі 10 чалавек. Трэба адзначыць, што з вакна дому, што насупраць консульства, невядомыя людзі здымалі на відэа тое, што адбываецца на пляцоўцы.

Ад удзелу ў Фестывалю нацыянальных культураў ў Гародні адмовілася дэлегацыя мэрыі Беластоку. Прэсавая служба мэрыі паведаміла, што “удзел у мерапрыемствах адзначыў бы адыход ад польскай замежнай палітыкі». А дарадца прэм'ер-міністра Польшчы па справах палякаў за мяжой Міхал Дворчык лічыць, што прыезд прадстаўнікоў польскай адміністрацыі розных узроўняў беларускія ўлады выкарыстаюць у прапагадысцкіх мэтах.