1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У госці да Мацея Бурачка

Марына Мазуркевіч

У фальварку Кушляны, што ў Смаргонскім раёне, правёў апошнія гады жыцця “хросны бацька” Беларусі – паэт Францішак Багушэвіч. Тут і цяпер гучыць “Дудка беларуская”.

https://p.dw.com/p/BnUL
Фальварак Кушляны ў Смаргонскім раёне, дзе правёў апошнія гады жыцця паэт Францішак БагушэвічФото: Mazurkewitsch

Гэта Францішак Багушэвіч “ахрысціў” мову “тутэйшых” беларускай і даў назву краіне, акрэсліўшы яе этнічныя межы: “ад Вільна да Мазыра, ад Віцэбска за малым не да Чарнігава, Гродна, Міньск, Магілёў...”

Пра самога Мацея Бурачка (пад такім псеўданімам пабачыў свет першы зборнік вершаў паэта “Дудка беларуская”) на малой радзіме дагэтуль ходзяць паданні. Што быў, так бы мовіць, Багушэвіч галоўным фундатарам касцёла ў Жупранах. Насамрэч бажніцу фундавалi графы Чапскiя, а Багушэвіч нярэдка на самае неабходнае пазычаў грошы ў слыннага польскага вучонага Яна Карловіча. Але спасылкі на гістарычныя крыніцы не пераконваюць упартых жупранцаў:

"Ды не, гэта ён. Ездзiў па парафiях, па фэстах, збiраў грошы на ўзвядзенне касцёла. Сам падвозiў камянi, падносiў цэглу – кажуць, не грэбаваў ніякай працай. Яйкі нават прывозіў, каб цэглу мацаваць!"

Асноўны аргумент жупранцаў на карысць Багушэвіча-фундатара – мемарыяльная дошка ў бажніцы ў гонар паэта з ягоным партрэтам. Перад ім, прымаючы за абраз нейкага святога, не раз жагналіся набожныя бабулькі з далёкіх хутароў. “Кананізавалі” удзельніка вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ягоныя сябры.

Два камяні Багушэвіча

На невялічкай плошчы ў Жупранах стаіць помнік паэту. Па паданні, на гэтым месцы напярэдадні паўстання 1863 года малады Багушэвіч з вялікага валуна заклiкаў народ падтрымаць Каліноўскага. Камень-“трыбуну” за савецкім часам некуды звезлі. Затое ў лесе дагэтуль захаваўся валун-патайнік, каля якога паэт у апошнія гады свайго жыцця бавіў час у самоце. Пісаў вершы і хаваў рукапісы.

"У народзе існуе паданне, што ён тут не толькі пісаў, але, магчыма, штосьці і закопваў. Ніхто не раскопаваў", - гаворыць экскурсавод Анатоль Варава.

Пасля смерці паэта на камяні з’явіўся надпіс "Памяцi Мацея Бурачка". Яго зрабілі мясцовыя жыхары. Багушэвіч як адвакат задарма абараняў іх у судзе на зразумелай ім “мужыцкай” мове.

“Не пакідайце ж мовы нашай, беларускай, каб не ўмерлі”

У фальварак Кушляны, што непадалёку ад Жупранаў, Алесь Жамойцін прыехаў у камандзіроўку 20 гадоў таму. І затрымаўся. Цяпер Алесь – загадчык філіяла Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры. Экспазіцыя месціцца ў будынку, які ў 1896 годзе ўзводзіў сам Багушэвіч. Драўляная хата перажыла дзве сусветныя вайны і савецкі час, калі тут мясціўся клуб і была бібліятэка.

"У першую сусветную захавалася таму, што немцы зрабілі шпіталь. У другую сусветную вайну неяк таксама абмінулі. Можа, з-за таго, што могілкі добраўпарадкаваныя каля сядзібы Багушэвіча з першай сусветнай вайны былі. З надпісамі, з каменяў вычасаныя",- распавядае Алесь Жамойцін.

У музеі ўзноўлены інтэр’еры двух пакояў - кабінета паэта і гасцёўні. Тут можна пабачыць дакументы, першыя паэтычныя зборнікі, фотаздымкі - усяго каля 200 экспанатаў. З тых, што належылі Багушэвічу – адзінкі: пісьмовы стол і крэслы.

"Я прыехаў сюды і стаў шукаць рэчы, якія яшчэ захаваліся ў людзей. Выпадкова зайшоў на калгасныя майстэрні і ўбачыў гэты стол. І адразу ж зразумеў: работа старая. І яшчэ пачуў ад людзей, што гэта, магчыма, з гэтых хатаў паходзіць, таму што перавезлі з клуба. Я адразу зачапіўся за гэта".

Тое, што ўдалося змясціць у экспазіцыі – па словах Жамойціна, далёка не ўсё, што захавался. Алесь марыць, што ў родную хату вернуцца:

"Гадзіннік Багушэвічаў, прэс-камень Багушэвіча. З ашмянскага музея маглі б быць крэслы мяккія, люстэрачка са шкатулкай. Яшчэ ёсць у Чырвоным касцёле, па-мойму, у Мінску асабістыя рэчы сястры Багушэвіча Ганны : капшук і падушачка з манаграмамі, якія яна вышыла, у турме седзячы за ўдзел у паўстанні".

І ўсё ж, Жамойцін перекананы: музей у Кушлянах валодае самым каштоўным экспанатам:

"Вось сама хата, яе аўра, яе энергетыка... Я так лічу, што яна захавалася, багушэвічская энергетыка, праз гады. Яна ўздзейнічае найлепей".

Сядзіба скрозь засаджаная дрэвамі. Вязы (аднаму з іх каля 200 гадоў), клёны, ліпы, каштаны. Алесь Жамойцін заўсёды пачынае і заканчвае экскурсію ў парку словамі Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”.