1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Лошыцкім Яры памянулі ахвяраў сталінізму

Генадзь Канстанцінаў9 ноября 2008 г.

9 лістапада ў Лошыцкім Яры ў Мінску адбылася акцыя памінавення ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, расстраляных на гэтым месцы ў 1937 годзе. Перад мітынгам яго ўдзельнікі прайшлі да мемарыяла жалобным шэсцем.

https://p.dw.com/p/FqN5
Фото: dpa - Bildarchiv

Арганізатарам акцыі 9 лістапада выступіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя - БНФ, але ўдзел у мерапрыемстве ўзялі і прадстаўнікі іншых апазіцыйных структур. Людзі ішлі да яру пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.

Лошыцкі Яр – не адзінае месца на тэрыторыі цяперашняга Мінска, дзе ў 30-40-я гады мінулага стагоддзя адбываліся карныя мерапрыемствы беларускага НКВД, і адно з трох, дзе памяць нявінных ахвяраў увекавечана ў невялікім мемарыяле, створаным высілкамі простых грамадзянаў.

Шмат такіх яраў

Па словах кіраўніка сецкыі "Мемарыял" Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслава Сіўчыка, "у Мінску вельмі шмат такіх мясцінаў, іх каля палутара дзесяткаў, і вельмі шкада, што не паспелі ўшанаваць іх усе".

У Лошыцкім Яры расстрэльвалі людзей на працягу цэлага 1937 года. Паводле сведкаў тых падзеяў, якіх яшчэ ў 80-я гады апытваў сённяшні лідэр КХП Зянон Пазняк, арыштантаў прывозілі ў так званых "хапунах" – спецыяльных машынах, звязаных і пад наглядам аховы. Як правіла, прывозілі ў 5-6 гадзінаў раніцы па некалькі машынаў і тут жа расстрэльвалі.

Па словах Пазняка, у Лошыцы забіта і закапана ад 7 да 10-ці тысяч чалавек. У 1995 годзе, на Дзяды, сябрамі Свіслацкай Рады БНФ тут быў усталяваны памятны крыж з надпісам "Ахвярам бальшавіцкага тэрору".

Яшчэ колькі год таму вакол месца, дзе цяпер стаіць крыж, было вольнае поле, была лагчына, і крыж той быў відаць здалёк. Сёння сітуацыя змянілася – да самога помніка наблізілася гаражная забудова, якая груваздзіцца літаральна на чалавечых касцях.

"Тое, што там натварылі, засыпалі гэты яр за дзве ночы, і стаіць там гаражны масіў - гэта недапушчальна", - адзначае адказны сакратар КХП Алесь Чахольскі.

Месца згубы

Ад Камвольнага камбіната людзі прайшлі да Лошыцкага Яру пад пільным наглядам супрацоўнікаў праваахоўных органаў як у форме, так і ў цывільным. Ля мемарыяльнага крыжа адбыўся кароткі мітынг.

"Мы кожны год апошнія дваццаць гадоў прыходзім сюды, каб пакланіцца светлай памяці бязвінных ахвяраў злачыннай камуністычнай сістэмы і канкрэтных людзей, якія везлі сюды і забівалі беларусаў, - сказаў адзін з лідэраў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Сяргей Папкоў. – Тут забіта шмат нашай інтэлігенцыі, мы гэта помнім, і прыйдзе час, калі будуць абуладкаваныя ўсе такія месцы, якія ёсць у Беларусі".

"У гістарычным маёнтку ў Лошыцкім парку знаходзілася спецкамендатура НКВД, - распавёў мастацтвазнаўца Валеры Буйвал. - Менавіта сюды перапраўлялі з савецка-польскай мяжы тых беларусаў, якія, паверыўшы бальшавіцкай прапагандзе пра пралетарскі рай у СССР, пакідалі заходнія вобласці Беларусі, якія былі пад акупацыяй Польшчы, і беглі праз савецка-польскую мяжу, з радасцю кідаліся ў абдымкі памежнікаў, потым энкавэдыстаў, а іх накіроўвалі сюды, у Лошыцу, дзе іх знішчалі".

Пасля яшчэ некалькіх кароткіх выступаў прысутныя ўсклалі да памятнага крыжа кветкі, запалілі знічкі і лампадкі. Завершылася акцыя выкананнем гімна "Магутны Божа".

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще