1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Мінску адбылася прэм’ера фільма "Вызваленне"

28 декабря 2008 г.

Дакументальны фільм рэжысёра Вольгі Мікалайчык "Вызваленне", прэм'ера якога адбылася 26 снежня ў Мінску, прысвечаны сучасным дзеячам беларускага адраджэння і выбітным падзеям, якія мелі месца ў Беларусі ў апошнія гады.

https://p.dw.com/p/GOG7
Намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 годуФото: AP

У пятніцу, 26 снежня, у сядзібе Беларускага народнага фронту адбылася прэм’ера дакументальна-публіцыстычнага фільма "Вызваленне" рэжысёра Вольгі Мікалайчык. У аснову стужкі пакладзены знакавыя падзеі, якія мелі месца ў апошнія гады, - Намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 году, абарона Курапатаў пад час будаўніцтва кружной дарогі, сёлетняя акцыя 25 сакавіка на Дзень волі і некаторыя іншыя.

Народжаныя змагацца

Адное, што аб’ядноўвае ўсе гэтыя падзеі, - удзел у іх свядомай беларускай моладзі, людзей старэйшага пакалення, а таксама жорсткія дзеянні ў дачыненні да іх сілавых структур і ўсёй дзяржаўнай машыны, накіраваныя супраць апанентаў дзейнае ўлады. Амаль усе людзі, пра якіх ідзе гаворка ў фільме, былі змушаны не аднойчы адбываць пакаранні ў вязніцах за сваю дзейнасць, напрыклад, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, актывісты Вячаслаў Сіўчык, Зміцер Дашкевіч, Андрэй Кім, Сяргей Скрабец, Канстанцін Лукашоў. Многія маладзёны па палітычных матывах былі выключаны з навучальных установаў.

Героямі стужкі сталі і бацькі моладзевых актывістаў, якія волею лёсу самі былі вымушаныя спрычыніцца да дзейнасці сваіх дзяцей. Вось ім усім і прысвяціла свой твор Вольга Мікалайчык, якая ўжо вядомая публіцы як прадусар фільмаў вядомага рэжысёра Юрыя Хашчавацкага ("Звычайны прэзідэнт"), а з нядаўняга часу і як рэжысёр-дакументаліст, аўтар ужо вядомага фільма "Вязні сумлення".

Героі сярод нас

Па словах аўтара "Вызвалення", мэтай фільма было паказаць сучасных беларускіх вольных людзей. "Таму што сярод нас гэтых людзей шмат, гэта ўсе героі майго фільму, і ніхто не папракне беларусаў за тое, што яны не супраціўляліся рэжыму, што яны не хацелі стаць вольнымі, - кажа Вольга Мікалайчык. – Паказаць іх дух, паказаць іх жыццё, з аднаго бокук, звычайнае, а з іншага боку высокае па мэтах – вось гэта была асноўная ідэя фільма".

Адной з гераіняў стужкі з’яўляецца намесніца старшыні "Маладога фронту" Наста Палажанка, якая за сваю дзейнасць не аднойчы апыналася ў турме на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. "Ты разумееш, што менавіта там, праз гэтыя краты глядзелі дзесяткі, калі не тысячы людзей, - кажа ў фільме Наста Палажанка. - І ты разумееш адказнасць, з якой ты мусіш выйсці і нанова пачынаць тую справу, якой ты збіраешся прысвяціць сваё жыццё".

Факт гісторыі

Амаль паўтарыгадзінная стужка глядзіцца на адным подыху. Прысутныя ўспрынялі твор даволі станоўча, можа быць, таму, што ў фільме апавядаецца пра тых, хто ўжо добра вядомы і хто штодня жыве побач з намі. Як адзначыў адзін з ветэранаў беларускага дакументальнага кіно рэжысёр Леанід Міндлін, "першыя ўражанні вельмі эмацыйныя, безумоўна, і мне здаецца, што такія фільмы – гэта факт гісторыі". Тое, што калісці па гэтым фільме будуць вывучаць гісторыю Беларусі, на думку Леаніда Міндліна, гэта адназначна.

"Самае галоўнае, што ў гэтым фільме ёсць героі, чаго не хапае сёння, гэта людзі, якія здольныя на ўчынкі, здольныя нешта зрабіць, - лічыць майстар. - Вельмі важна ў гэтым фільме, што маўклівай большасці, якая сёння існуе, становіцца ўсё меньш і меньш. І гэта самае важкае ў гэтай стужцы".

У педагога, пісьменніцы і драматурга Алы Саскавец склалася вельмі добрае ўражанне ад убачанага. "Да слёз кранутае сэрца маё, што ёсць такая ў нас моладзь, і я бачу, што з цягам часу яна ў нас становіцца ўсё лепшая і лепшая", - адзначыла Ала Саскавец.

Не трэба песімізма

А каардынатар Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч мае крыху крытычны погляд на фільм "Вызваленне". Палітыку больш спадабаўся аптымістычны і дынамічны канчатак карціны. “А вось такога суму і песімізму, нашчаснасці і аповесцяў пра паражэнні і магілы, я думаю, у нас і так занадта, не трэба пераўтварацца ў загадзя прайграўшых, - мяркуе лідэр "Народнай грамады". - Я думаю, у нас вельмі шмат падставаў ужо ў бліжэйшы час спадзявацца на перамогу".

Яшчэ адзін вядомы рэжысёр Валеры Мазынскі адзначыў пры канцы імпрэзы, што ў асобе Вольгі Мікалайчык, як і Алега Дашкевіча, Віктара Корзуна і некаторых іншых маладых рэжысёраў, ужо выспела новае пакаленне таленавітых беларускіх дакументалістаў, якія ўжо сёння атрымліваюць перамогі на прэстыжных міжнародных фествалях і кінафорумах.

Адная выказаная некім думка знайшла падтрымку практычна ва ўсіх прысутных: хацелася б, каб для з’яўлення такіх фільмаў у Беларусі як мага хутчэй зніклі падставы.

Генадзь Канстанцінаў