1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У чым абвінавачваюць актывістку АГП Марыю Багдановiч?

Вiталь Аляхновiч

Учора мусіла адбыцца адміністрацыйная камiсiя Чыгуначнага раёна горада Гомеля па справе Марыi Багдановiч. Аднак, безвынікова прачакаўшы каля гадзіны, яна даведалася, што яе справа ўжо перададзена ў пракуратуру.

https://p.dw.com/p/7aTr

Учора, 7 снежня, мусіла адбыцца адміністрацыйная камiсiя Чыгуначнага раёна горада Гомеля па справе Марыi Багдановiч. Дзяўчыну абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе друкаванай прадукцыi. Аднак, безвынікова прачакаўшы каля гадзіны, яна даведалася, што яе справа ўжо перададзена ў пракуратуру.

Пераслед Марыi Багдановiч распачаўся каля года таму, калі 7 лістапада 2004 года яна выйшла на цэнтральную плошчу Гомеля з лозунгам «Далоў самаўладдзе!». Пасля гэтага дырэкцыя абласнога краязнаўчага музею, дзе працавала актывiстка, прапанавала ёй звольніцца па ўласным жаданні. Багдановiч адмовілася, i тады на яе пачалi ціснуць з тым, каб звольніць за сістэматычнае невыкананне службовых абавязкаў. Распавядае Марыя:

Мне выносілі адно за другім спагнанні па надуманых прычынах, я абскарджвала ў судзе, але не было выніку. Ну, у першую чаргу, таму што калегі, якія ведалі праўду, яны баяліся сведчыць на судзе, таму што калектыў быў вельмі запалоханы.

I ўсё ж такi Марыя здолела абараніць свае правы ў судовым парадку. Наймальнік пагадзіўся пайсці на міравое пагадненне, змякчыўшы артыкул звальнення і сплаціўшы грошы за час вымушанага прагулу.

7 лістапада гэтага года Багдановiч была зноў затрымана на плошчы iмя Ленiна ў Гомелі пад час святочных мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтым разам яна распаўсюджвала афiцыйна зарэгiстраваную газету «Таварыш» (выданне Партыi камунiстаў Беларускай), куды была ўкладзена ўлётка, дзе параўноўваліся памеры камунальных плацяжоў у 2001 i 2004 гадах. Пры затрыманні Багдановiч было паведамлена, што ўлёткі без выходных звестак распаўсюджваць не дазволена. 21 лістапада суд прызнаў Багдановiч вiноўнай i пастанавiў аштрафаваць на 7 базавых велiчынь, што на сённяшні дзень складае 203 тысячы рублёў. Слуханне справы адбывалася пад кіраўніцтвам суддзі Вiктара Казачка, прафесiяналiзм i непрадузятасць якога актывiстка i яе аднадумцы ставяць пад сумнеў.

Для ўсіх, хто назіраў за гэтым працэсам, не было ніякіх сумневаў таго, што гэта, мякка кажучы, неаб’ектыўна. У судзе я адразу заявіла хадайніцтва, каб справу адклалі да таго моманту, як асобы, якія павінны складаць пратакол, складуць яго. Але суддзя гэта хадайніцтва адхіліў, таксама ён адмовіўся выклікаць сведкаў.

Літаральна праз некалькі дзён пасля суда былі затрыманы тры чалавекі, якія раздавалі ўлётку пад назвай «Народны кантроль». У ёй у даволі жорсткай форме суддзя Вiктар Казачок абвінавачваўся ў тым, што (цытата) «в своем лизаблюдстве перед чиновниками не только возродил в Гомеле сталинское «правосудие», но и даже превзошел его».

Пасля гэтага мiлiцыянты тройчы на розных падставах прыходзілі на кватэру Марыi Багдановiч. Так, 26 лістапада яны шукалі на кватэры нелегальных вьетнамцаў. Пазней ахоўнікі парадку знайшлі там і пакунак з вялікай колькасцю ўлётак «Народны кантроль». Аднак Марыя Багдановiч заявiла, што дадзеную друкаваную прадукцыю яна бачыць упершыню, а людзей, якія яе распаўсюджвалі, не ведае:

Тут справа вельмі цмяная. Неяк мiлiцыянты знайшлі ўлётку “Народны кантроль”, у распаўсюджванні якой яны мяне абвінавачваюць. Як яна там з’явілася, я не ведаю. Таму я мяркую, што магчыма гэта проста падлог. Улада проста хоча на мяне неяк націснуць, выбіць з каляіны.

Тым не менш, справа была накіравана на разгляд адмiнiстрацыйнай камiсii, якая, як паведамлялася напачатку, не адбылася.

На думку вядомага віцебскага праваабаронцы Валерыя Шчукіна, які прыехаў у Гомель падтрымаць актывiстку, пракуратура хоча знайсцi нагоду для ўзбуджэння крымінальнай справы, хаця складу злачынства і няма. Ён мяркуе, што Марыя Багдановiч можа стаць ахвярай ужо новых, больш жорсткіх законаў, якія былі нядаўна прыняты Палатай прадстаўнікоў, а яе справа стане паказальным урокам для астатніх актывiстаў.