1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чаму палякі пакрыўджаныя на беларусаў, а беларускія студэнты - на палякаў?

Вольга Класкоўская27 сентября 2006 г.

У польскай сталіцы адбылося ўрачыстае закрыццё падрыхтоўчага курса Варшаўскага універсітэту для беларускіх стыпендыянтаў праграмы Каліноўскага. Пасля інтэнсіўнага курсу польскай мовы моладзь раз'язджаецца па ВНУ краіны

https://p.dw.com/p/9B12

Тым не менш, на сённяшні дзень пытанняў болей, чым адказаў.

"Я асабіста ацэньваю гэтую праграму цалкам пазітыўна, бо нам далі магчымасць працягнуць навучанне, атрымаць еўрапейскую адукацыю".

"Хапае ўсяго -- і плюсаў, і мінусаў. На сённяшні дзень мне асабіста не падабаецца тое, як адбывалася размеркаванне студэнтаў", -- такія меркаванні двух удзельнікаў праграмы імя Кастуся Каліноўскага, з якімі ў мяне атрымалася пагутырыць.

Кіраўнік праграмы стыпендыяў Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі разводзіць рукамі: маўляў, "стараліся, як маглі, але ёсць пэўныя аб'ектыўныя варункі, з якімі трэба лічыцца". І, трошкі пакрыўджана, працягвае:

"Спрэчка са студэнтамі палягала ў тым, што ўсе хацелі застацца ў Варшаве. Але я ж не магу іх усіх тут пакінуць! Гэтага студэнты зразумець былі не ў стане, і таму кожны адчуваў сябе пакрыўджаным".

Студэнты ў сваю чаргу звяртаюць увагу і на іншыя, паводле іх меркавання, хібы праграмы.

"Мяне завуць Уладзіслаў. Сюды прыехаў з вялікімі надзеямі. Я думаў, што тут усё будзе добра і дакладна арганізавана. Але ўжо нават калі нас афармлялі ў Беларусі, я зразумеў, што гэта будзе не вельмі сур'ёзна. Ну, я разумею, што ў Беларусі рэжым не дазваляў усё зрабіць арганізавана. Але калі я прыехаў сюды, я ўбачыў, што тут сітуацыя яшчэ больш горшая, чым на Беларусі. Мы павінны былі самі дамагацца і інтэрнату, і стыпендыі, і нават квіткоў на праезд. Даводзілася ўсё рабіць самім".

Студэнт Кірыл заклікае не драматызаваць сітуацыю:

"Асабіста я ўсім задаволены. Мяне размеркавалі ў добры універсітэт, недалёка ад Варшавы. Але ёсьць моладзь, якую закінулі ў вельмі далёкія месцы. У цэлым праграма добрая, і тут толькі застаецца выказаць падзяку усім тым, хто над ёй працаваў".

Кірылу, паводле словаў іншых стыпендыянтаў, пашчасціла. Пэўная ж частка студэнтаў, узброіўшыся лозунгам "мэта апраўдвае высілкі", абівала парогі вну некалькі тыдняў. Тут «стаўся дарэчы» і досвед барацьбы на Радзіме. Гаворыць Ян Маліцкі:

"Некаторыя студэнты падбухторвалі іншых заблакаваць будынак універсітэту, установы, якая 6 месяцаў свайго жыцця ім прысвяціла. Прыходзілі нават з пагрозамі ўсталяваць намётавае мястэчка каля вну. А гэта, прабачце, рэчы, якіх быць не павінна".

Нягледзячы на драматычныя перапетыі, выкладчык выказвае надзею на тое, што з часам усё улагодзіцца і "студэнты зразумеюсь, што ў Польшчы яны атрымалі шанец інвеставаць у сябе і сваю будучыню". Ян Маліцкі адзначае таксама, што утрымліваць гвалтоўна ў вну нікога не будуць.Ды і стыпендыя польскага ўраду -- не вечная. Хто не будзе вучыцца -- без якіхсьці рэверансаў будзе яе пазбаўлены і выключаны з універсітэту. А трывожныя сігналы, паводле суразмоўцы, ужо былі:

"Было вельмі шмат людзей, што прапускалі заняткі".

У студэнтаў жа, як заўсёды, свая праўда:

"Прыехалі мы ва Уроцлаў, нас адразу даслалі на лекцыю. Пачаўся дождж, парасонаў ні ў каго не было. На наступны дзень я зваліўся з тэмпературай. Я тры дні прапусціў, а пасля атрымаў паперу, што мне аб'яўляюць вымову за прагул заняткаў".

З свайго боку, падводзячы вынікі праграмы, Ян Маліцкі звярнуў увагу яшчэ на адзін яе аспект -- палітычны:

"У мяне, на жаль, склалася ўражанне, што камусьці вельмі хацелася напрыканцы стварыць вялікі шум і скампраметаваць саму ідэю дапамогі беларусам з боку Польшчы".