1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чаму рэформа правапісу вырашаецца на ўзроўні парламента?

Генадзь Канстантынаў8 августа 2007 г.

На восеньскай сесіі ў першым чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу разгледзяць тэкст законапраекта ”Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Ці заўчасным з’яўляецца прыняцце такога закона?

https://p.dw.com/p/BS5D
Фото: DW / Olja Melnik
Законапраект ”Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктацыі” распрацоўвала адпаведная профільная камісія ніжняй палаты парламента сумесна з Інстытутам мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук. Як заяўляюць ініцыятары новаўвядзенняў, закон мусіць зліквідаваць выключэнні ў беларускім правапісе. Паводле словаў старшыні парламенцкай камісіі Улідзіміра Здановіча, сёння беларусы блытаюцца ў напісанні ”у” і ”ў” нескладовага, не разумеюць, дзе ставіць мяккі знак, а дзе не, і што трэба пісаць з маленькай літары, а што з вялікай. Усе словы ў назовах афіцыйных установаў мусяць пісацца з вялікай літары. Да таго ж, прадугледжваецца замяніць напісанне на канцах запазычаных словаў літары ”о”, на літару ”а”. Да прыкладу, замест ”сальфеджыо”, будзе правільна пісаць ”сальфеджыа”, замест ”Токіо” – ”Токіа” і гэтак далей. На думку лінгвіста Змітра Коласа, гэта для жывой беларускай мовы рэч не ўласцівая:

"На мой погляд, атаясамленне запазычаных словаў з беларускімі ў частцы вымаўлення ”а” ці ”о” не зусім правамернае, таму што сапраўдны беларус ніколі не будзе прамаўляць ”ададжыА”, ён прамаўляе ”ададжыО”. Бо час асіміляцыі гукаў, у прынцыпе, у беларускай мове прайшоў. У нас няма такой асіміляцыі і акання, якое ёсць нават у расейскай мове".

Што тычыцца напісання ”Ў”-нескладовага, то гэта, лічыць Зміцер Колас, увогуле ніякай ролі для мовы не йграе, хіба што толькі спросціць вывучэнне правапісу школьнікам. А ў вершах напісанне гукаў ”у” наогул адвольнае.

”Ў” кароткае ці ”У” поўнае, доўгае, складовае ў беларускіх вершах ужываюцца абсалютна вольна. Там, дзе трэба дадаць поўны склад, нават пасля галоснай, нават у чыста беларускіх словах гэта ”Ў” кароткае знікае".

На думку лінгвіста, дзіўным ёсць той факт, што рэформа правапісу вырашаецца на ўзроўні парламента:

"Па-мойму, ні ў якіх іншых краінах заканадаўчыя органы гэтым не займаюцца. Гэтым займаюцца спецыялізаваныя ўстановы. Больш дарэчы, каб гэтым займаўся інстытут мовазнаўства. Хоць зрэшты, я думаю, менавіта інстытут мовазнаўства прыклаў руку, ці менавіта ён распрацоўваў гэтыя новыя рэформенныя правілы. Было б дастаткова, каб гэтыя новаўвядзенні рабілі менавіта акадэмія і акадэмічны інстытут мовазнаўства. Прынамсі, у большасці краінаў менавіта такія ўстановы гэтым і займаюцца".

Зміцер Колас упэўнены, што, па вялікім рахунку, рабіць высілкі дзеля правядзення рэформы не варта.

"Графічная сістэма напісання - гэта адно, а жывая мова – гэта другое. І заўсёды графічная сістэма будзе заставацца толькі другаснай. Яна заўсёды мяняецца ўжо пасля таго, як мяняецца сама мова. Таму ўводзіць штучнае вымаўленне шляхам увядзення новага графічнага напісання – гэта не зусім правільна".

Зміцер Колас лічыць, што вялікага прыкладного сэнсу такая рэформа не мае:

"Гэта чыста тэхнічная рэформа і ніякага ўплыву на сапраўднае вымаўленне сапраўдных беларусаў яна, як я думаю, адыгрываць не будзе".

Яшчэ адзін вядомы лінгвіст, таксама ў мінулым дэпутат парламенту Пётра Садоўскі лічыць, што рэформа правапісу ”ніколі не робіцца паспешліва й келейна”. Беларускія чыноўнікі ў паўсядзённым жыцці не карыстаюцца беларускай мовай, але закон аб рэформе будуць прымаць менавіта прадстаўнікі ўлады, якімі з’яўляюцца дэпутаты. Таму ”рэформа беларускага правапісу ў нашых умовах – гэта нейкая фантасмагорыя”, мяркуе Пётра Садоўскі.

Тым не менш, як заяўляе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Улідзімір Здановіч, новы закон павінен набыць сілу ўжо 1 студзеня 2010 году.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще