1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чароўны свет Купалы

Генадзь Канстанцінаў8 июля 2008 г.

Днямі ў вёсцы Вязынка, на радзіме Янкі Купалы адбылося традыцыйнае літаратурнае свята, прымеркаванае да дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

https://p.dw.com/p/EYOr
Фото: DW / Olja Melnik

Янка Купала, сапраўднае імя якога Іван Дамінікавіч Луцэвіч, нарадзіўся 7 ліпеня 1882 году ў фальварку Вязынка Менскага павету Менскай губерні (цяпер гэта Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Адсвяткаваць народзіны вялікага беларуса прыехалі сотні людзей разам з дзецьмі, перад прысутнымі выступалі тутэйшыя самадзейныя калектывы. На пачатку ўдзельнікі святкавання ўсклалі кветкі да помніка Янку Купалу.

“Каб нас ніхто не ўрок,

І пошасць не зламала,

У нас ёсць свой прарок –

Купала”.

Гэтымі словамі адкрыў урачыстасць старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша.

“Сапраўды, Купала – сімвал Беларусі, так як Якуб Колас, як Максім Багдановіч, і прарок. Тое, што словы Купалы, сказаныя 90 гадоў таму назад, - “толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і багатае існаванне, і добрую славу, і праўдзівую свабоду беларускаму народу”, - тое, што гэтыя словы адгукнуліся праз 90 гадоў, мы можам сведчыць… Хай жыве слова і слава Янкі Купалы!”

“Усе паэты нашы выраслі з Купалы, - кажа лаўрэат Дзяржаўнае прэміі Беларусі, паэт Уладзімір Карызна. – Наша песня ў лепшых сваіх вобразах і варыянтах – гэта таксама Купала. Нездарма славуты Мулявін пачаўся з песняў “Явар і каліна”, “Спадчына”, а гэтыя песні больш чым класіка, бо гэтыя песні не проста спаць не даюць, а песні купалаўскія прымушаюць кожнага быць чалавекам, быць патрыётам, любіць свой край і кожную травінку і лісточак”.

Маўклівы геній

Сярод тых, хто прыехаў узгадаць Янку Купалу, быў чалавек, які ад самага свайго маленства ведаў паэта – Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, малодшы сын купалавага сябра, яшчэ аднаго вялікага беларуса і песняра Якуба Коласа. Міхасю Міцкевічу ўжо за восемдзесят, але бадзёрасць і светласць думкі змушае забыцца на сталы век гэтай цікавейшай асобы - доктара тэхнічных навук, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Беларусі, захавальніка спадчыны свайго славутага бацькі. Мы гутарылі з Міхасём Канстанцінавічам, хаваючыся ад нечакана наляцелага моцнага дажджу за сцяною купалавага свірана.

“Як мне помніцца, Іван Дамінікавіч быў шляхетным чалавекам, ён быў немнгагаслоўным, больш маўчаў з такой усмешкай, але любіў напяваць песні сабе пад нос, асабліва калі гуляў у шахматы. Чытаў ён вершы, трэба сказаць, кепска, не ўмеў. Ні Колас, ні Купала чытаць не ўмелі, а пісалі выдатна”.

Без мовы няма крокаў наперад

Міхась Міцкевіч з жалем адзначыў, што зараз у краіне па сутнасці няшмат людзей могуць і жадаюць чытаць багацейшую беларускую паэзію.

“Так павярнулі справу, што карыстанне і мовы, і літаратуры лічаць непатрэбным, выкідаюцца з праграм школ і вузаў і гісторыя, і літаратура, і гэта ўсё прыводзіць да страшнейшай бездухоўнасці”.

Зараз моладзь не чытае, кажа Міхась Міцкевіч, а гэта значыць, што гэта будзе нішчае духам пакаленне, якое не здольнае па-сапраўднаму працаваць і ствараць новыя каштоўнасці. “Толькі пры развіцці культуры, навукі можа рухацца наперад нацыя. А без мовы, без навукі, без культуры – гэта празябанне, гэта каланіяльная дзяржава, і да гэтага ідзе”.

На пытанне, як змяніць сітуацыю ў адваротным кірунку, Міхась Міцкевіч адказаў, што “гэта павінна быць дзяржаўная палітыка, пачынацца ўсё павінна са школы. Школа, ВУЗ – там, дзе фарміруецца жыццё”.