1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чым Леў Сапега цікавы беларускай моладзі?

Генадзь Канстанцінаў27 февраля 2008 г.

У Менску прайшло падсумаванне вынікаў конкурсу школьных і студэнцкіх прац да 450-годдзя канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Як падкрэслілі арганізатары спаборніцтва, асоба Льва Сапегі была абраная невыпадкова.

https://p.dw.com/p/DELe
Лев СапегаФото: Marina Mazurkewitsch

Як падкрэслілі арганізатары конкурсу, асоба Льва Сапегі была абраная невыпадкова – менавіта гэты канцлер ВКЛ адыграў найзначнейшую ролю ў станаўленні беларускае дзяржаўнасці, зрабіў Вялікае Княства Літоўскае уплывовым суб’ектам еўрапейскага жыцця.

Слынны дзеяч беларушчыны

Паводле словаў эксперта конкурсу, прафесара Івана Саверчанкі,

постаць Льва Сапегі – ключавая ў гісторыі Беларусі. “Яна вельмі важная і сёння, таму што Леў Сапега з’яўляўся прыхільнікам дзяржаўнага суверэнітэту і ажыццяўляў эфектыўную знешнюю палітыку, праводзіў працу, накіраваную на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці – гэта культура, гэта рэлігійныя справы”.

Як адзначыў Іван Саверчанка, Леў Сапега выступаў прыхільнікам міжканфесійнага дыялогу і рэлігійнага паразумення і вельмі шмат для гэтага зрабіў: “Тое, што ён зрабіў, можа быць прыкладам і для сённяшніх дзяржаўных дзеячоў і дзеячоў культуры, але з улікам сённяшніх рэалій”.

Канцлер, паводле словаў гісторыка, займаўся не толькі тэхнічным уладкаваннем краіны: „Яго каласальная заслуга перад нацыянальнай дыпламатыяй, арганізацыя знешнепалітычнага ведамства, канцылярыі Вялікага Княства Літоўскга, утварэнне трыбуналу – вышэйшага апеляцыйнага суда – гэта ўдасканаленне судовай сістэмы. Упарадкаванне архіва ВКЛ – “Літоўскай метрыкі”, дзякуючы чаму мы ведаем гісторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. “Метрыка” служыць асноўнай гістарычнай крыніцай для літоўскага, беларускага, украінскага народаў, і для ўсіх еўрапейскіх народаў, у тым ліку і для расійскага, бо ў ёй паказаны шматгранныя ўзаемадачыненні нашай тагачаснай дзяржавы з суседзямі“.

Чым ім цікавы Сапега

Менавіта еўрапейская дзейнасць Льва Сапегі паслужыла для некаторых канкурсантаў, напрыклад, Алены Юргелёніс з пасёлка Энергетык Дзяржынскага раёну, падставаю для ўдзелу ў творчым спаборніцтве: „Я з маленства марыла быць дыпламатам, і такая асоба як Леў Сапега, які адыграў значную ролю ў станаўленні Вялікага Княства Літоўскага, для мяне вельмі цікавая. Таму я і вырашыла ўзяць удзел у гэтым конкурсе“.

Для адзінаццацікласніка Уладзіміра са Слоніма былі і іншыя падставы для ўдзелу: „У Слоніме засталося вельмі шмат пасля яго. Самае значнае – гэта герб – выява ільва, у лапах якога знаходзіцца залаты ліст. Гэты ж самы залаты ліст быў у цэнтры на гербе Льва Сапегі, таму яго ў нашым горадзе вельмі паважаюць. І я не мог абысці гэтага конкурсу“.

Задавальненне ад прац

Прафесар Юры Хадыка, таксама адзін з экспертаў конкурсу, быў усцешаны жаданнем вялікае колькасці маладзёнаў пісаць пра Сапегу:

„Гэта было для мяне ў пэўным сэнсе нечакана. Школьнікі пісалі з вялікім энтузіязмам, добрасумленна, выкарыстоўваючы практычна ўсё, што ў нас апублікавана. Ёсць працы, дзе больш сарака спасылак, у тым ліку на газеты. Я атрымаў вялікае задавальненне ад чытання гэтых работ“.

Пасля цырымоніі ўручэння ўзнагарод перад удзельнікамі конкурсу і іх бацькамі выступілі паэт Сяргей Патаранскі, бард Зміцер Бартосік, удзельнікі клубу “Гістрыён”.