1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Школьны музей cусветна вядомага Кіта

Марына Мазуркевіч

У Наваградку адкрылі музей Барыса Кіта - слыннага беларускага асветніка і грамадскага дзеяча, актыўнага ўдзельніка сусветных праграм па астранаўтыцы.

https://p.dw.com/p/EFhf
Фото: Maryna Mazurkewitsch

Гэтага беларуса высока ацэньвае навуковы свет усёй планеты. Кіт працаваў над першым у гісторыі падручнікам па тэхніцы і ракетным паліве, прымаў удзел у распрацоўцы першай амерыканскай касмічнай праграмы, удзельнiчаў у перамовах памiж ЗША і СССР аб супрацоўніцтве ў касмiчных даследаваннях.

Дажыць да ста гадоў

Да таго, як стаць знакамітым, Барыс Кіт займаў пасаду дырэктара былой беларускай гімназіі, што мясцілася ў будынку цяперашняй наваградскай школы № 1. Днямі з удзелам настаўнікаў і вучняў, прадстаўнікоў мясцовых улад і Саюза беларускіх пісьменнікаў тут адкрыўся музей Барыса Кіта.

Сам знакаміты беларус, які жыве ў Германіі, на ўрачыстасць прыехаць не змог. “Я яго запрашала: “Прыедзьце, Барыс Уладзіміравіч. Ён кажа: “99-ы год! Я ўжо не магу. Хаця я вам абяцаю, што дажыву да ста”, - распавяла прысутным пісьменніца Лідзія Савік.

Менавіта яна вяртала імя Барыса Кіта на Бацькаўшчыну. Ёй навукоўца і даручыў зачытаць сваё пасланне з нагоды адкрыцця музея: “Я веру, што гэты музей будзе важнай цаглінай у будаванні лепшай светлай долі беларускага народу”.

Асоба маштабу Сусвету

Экспазіцыя музея Кіта створаная школай пры падтрымцы раённых уладаў і мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Фінансавым спонсарам выступіў прадстаўнік беларускай дыяспары ў Расіі Валеры Казакоў. У гэтым невялічкім пакоі адразу ж разумееш: Кіт дасягнуў касмічных вышыняў. Па задумцы мастака Уладзіміра Гладкова, першае, што бачыць наведвальнік – партрэт славутага земляка на фоне зорнага неба. Гледзячы на яго, мастак Алесь Марачкін параўноўвае навукоўца Барыса Кіта з жывапісцам Язэпам Драздовічам: "Бачыце, космас іх аб’яднаў. У жывапісца Драздовіча космас быў ва ўяўленні такім фантастычным. А Барыс Кіт ужо канкрэтна адчувае гэты космас. Гэты чалавек сапраўды чалавек Сусвету”.

Пасля эміграцыі Барыс Кіт зноў пабываў у Беларусі і атрымаў прызнанне на пачатку 1990-х гадоў. У Наваградку дагэтуль узгадваюць візіт сусветнай зоркі:

“Чалавек усе ж такі ва ўзросце, сталы, а такі рухомы, такі вясёлы. Потым мы з ім пайшлі ў кабінет фізікі. Я – фізік, настаўнік гэтай школы і ён, вялікі фізік, матэматык гутарылі аб праблемах навукі”, - гаворыць кіраўніца ўпраўлення адукацыі Наваградскага райвыканкама Алена Мітлашук.

Касмічныя перспектывы

Імя Барыса Кіта для Навагрудка – не проста легенда, адзначае дырэктарка мясцовагя краязнаўчага музея Тамара Вяршыцкая. Штогод тут адбываюцца інтэлектуальныя гульні на кубак ганаровага грамадзяніна горада. Удзельнікі каманды-пераможцы маюць права па чарзе надзець прафесарскую мантыю акадэміка Кіта, якая захоўваецца ў музеі.

Дырэктар Інстытута гуманітарных і экалагічных тэхналогій Ягор Федзюшын прагназуе пашырэнне ўплыву Кіта на ўсю Беларусь: “З цягам часу будзе вандроўка не па залатым кальцу, а па музеях Барыса Кіта”.

Мара мастака Алеся Марачкіна: “Мы дажывем да таго часу, калі з гэтай зямлі, з Наваградчыны будзе запушчаны першы спутнік, нарэшце, які будзе насіць імя Барыса Кіта”. Паэт Сяргей Законнікаў падсумоўвае: “Мы ўсё прыбядняемся, але вось калі паглядзець на яго, адразу бачна, што мы можам як народ. Я думаю, што мы гэта зробім – мы пабудуем нармальную дэмакратычную дзяржаву”. Спадар Законнікаў нават прапанаваў першы, цалкам рэальны крок па зорным для ўсёй Беларусі шляху: вярнуць школе, дзе адкрыўся музей, беларускамоўнае навучанне. Як у часы Кіта.