1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Што хаваецца за поспехамі беларускай эканомікі?

Якуб Хут

У мінулым годзе беларуская эканоміка вырасла на дзевяць адсоткаў. Дзяржава хваліцца поспехамі сваёй эканамічнай палітыкі. Ці гэтае развіццё насамрэч з'яўляецца ўстойлівым і як выглядае сітуацыя з прыватным бізнесам?

https://p.dw.com/p/7mnY
Фото: dpa

Гэтае пытанне мы задалі Алене Ракавай, спецыялісту „Інстытуту Прадпрымальніцтва і Менэджмэнту“ ў Мінску.

„ Згодна даследванняў міжнародных арганізацыяў, з аднаго боку, у Беларусі бізнэсам займацца цяжка. Гэта значыць, у нас ёсць занадта шмат праверак, у нас высокія падаткі, заканадаўства нестабільнае, у нас цяжка атрымаць ліцэнзію, сертыфікаты і гэтак далей”.

Аднак жа Алена Ракава лічыць, што сяредняму й малому бізнесу жывецца лепей, чым думаюць міжнародныя фінансавыя арганізацыі.

„З іншага боку, мы нядаўна правялі сваё ўласнае апытанне сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу, кіраўнікоў 400 прадпрыемстваў апыталі, і атрымліваецца, што ўсё не зусім гэтак сумна”.

Па выніках апытання, з чатырох соцень прадпрыемстваў амаль што палова магла павялічыць аб'ём продажу ў 2005 годзе, сорак адсоткаў змаглі яго ўтрымаць і толькі ў дзевяці адсоткаў продаж знізіўся. Такі вынік уражвае, гаворыць Алена Ракава:

„Як паказвае наша даследванне, прадпрыемствы прыстасаваліся да гэткага існага асяродку і зусім някепска пачуваюцца ў ім. Больш за палову прадпрыемстваў збіраюцца пашырацца ў наступныя гады. Усё гэта сведчыць пра тое, што тыя прадпрыемствы, для якіх быў складаным гэты дзейны інстытуцыйны асяродак, яны зачыніліся. А астатнія, якія засталіся, прыстасаваліся».

Спосабы прызвычайвацца адпавядаюць сувораму бізнэс-клімату беларускага рынку, адзначае Ракава.

„80 адсоткаў кіраўнікоў прадпрыемстваў сказалі, што Яны перыядычна даюць хабар. Гэта значыць – гэта таксама адзін с метадаў прыстасавоўвання. У кожнага ёсць знаёмыя чыноўнікі, сувязі, якія дапамагаюць вырашаць усе пытанні. Гэта значыць, тыя, хто жадае працаваць, працуюць і атрымліваюць прыбытак».

З адной толькі агаворкаю. Бізнэсмены рызыкуюць, на думку Ракавай, што іх выштурхне з сваіх галінаў дзейнасці самы моцны ў Беларусі патэнцыўны канкурэнт – дзяржава.

„На самой справе, гэта небяспечная тэндэнцыя, на мой погляд, ёсць у тым, і апошні год гэта прадэманстраваў, што як толькі бізнэс робіцца вельмі цікавым ці прыбытковым, дзяржава можа яго забраць сабе”.

Па словах Ракавай, гэта тычыцца не толькі вядомых выпадкаў, як, напрыклад, імпарт рыбы, экспарт калійных угнаенняў, прадастаўленне платных медычных паслугаў і мабільнай сувязі. Ракава падкрэслівае, што ў мінулым годзе дзяржава нацыяналізавала больш за дзесяць беларускіх прадпрыемстваў. Гэта перш за ўсё фірмы, якія раней дзяржава прыватызавала. Сярод іх, напрыклад, гомельскае прыватнае прадпрыемства „МНПЗ плюс“. Гомельскі аблвыканкам увёў на ім гэтак званую „залатую акцыю“. Нягледзячы на тое, што „залатую акцыю“, паводле ўказу Презідента, можна ўвесці толькі на прадпрыемствах з доляю дзяржаўнай маёмасці.

Алена Ракава перакананая, што беларускае кіраўніцтва недастаткова дбае пра развіццё эканомікі. Ракава тлумачыць эканамічны рост у краіне выключна спрыяльнай кан'юнктураю сусветнага рынку: вялікімі коштамі на вырабы з нафты і калійныя ўгнаенні. Таму ў афіційных прагнозах далейшага росту яна сумняваецца.

„Пакуль грошай хапае на бягучае спажыванне. Спецыфіка цяперашняй палітыкі ў тым, што ніхто не думае пра доўгатэрміновыя мэты. Усё накіравана на бягучы момант – даказаць, як у нас усё добра. А добра – гэта значыць, растуць заробкі, пенсіі і сацыяльная дапамога».