1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як будзе адзначацца дзень аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Беларусі?

Паўлюк Быкоўскі

На 27 ліпеня было запланаванае правядзенне масавага святочнага мерапрыемства з удзелам вядомых беларускіх гуртоў і выканаўцаў, але арганізатары змушаныя паведаміць, што "канцэрту пакуль не будзе".

https://p.dw.com/p/8qtU

Мінгарвыканкам не дазволіў правядзенне мітынгу і канцэрту са спасылкай на тое, каб яны не перашкаджалі дазволенаму пікету на падтрымку былога кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Казуліна, які, нагадаю, нядаўна быў асуджаны на 5,5 гадоў пазбаўлення волі. Мітынг і канцэрт планавалася прысвяціць чарговым угодкам Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, прынятай 27 ліпеня 1990 году. Да рэферэндуму 1996 году Дзень Незалежнасці адзначаўся менавіта 27 ліпеня, а затым галоўнае нацыянальнае свята перанеслі на 3 ліпеня.

Сёння адну з заяўніцаў акцыі Валянціну Свяцкую выклікалі ва Упраўленне ўнутраных справаў Мінгарвыканкаму. Як вынікае са словаў сп-ні Свяцкай, ёй прапаноўвалі ўзяць адказнасць за тое, што можа адбыцца 27 ліпеня. Свяцкая адмовілася: "У сувязі з тым, што Мінгарвыканкам забараніў нам правядзенне мітынгу і канцэрту, мы складаем з сябе ўсялякую адказнасць за тое, што там можа адбыцца. Мы законапаслухмяныя грамадзяне, таму на забарону мы не збіраемся чымсці такім недазволеным адказваць, як то праводзіць там шэсці ці мітынгі. Мы будзем дабівацца таго, каб Мінгарвыканкам ўсё ж дазволіў правядзенне мітынгу, і, калі так атрымаецца добра і выдатна, то і канцэрту".

Пра гэта сп-ня Свяцкая заявіла сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай як забароне канцэрту 27 ліпеня, гэтак і выпуску кампакт-дыску "Песьні свабоды - 2". Планавалася, што прэзентацыя дыску адбудзецца на канцэрце, але зараз, хутчэй усяго, толькі ў Інтэрнэце на сайце www.za-svabodu.org. Адмыслова для "Нямецкай хвалі" дыск прэзентуе кіраўнік лэйбу VoliaMusic, які хаваецца пад мянушкай Puper

- Дыск "Песьні свабоды - 2" - гэта працяг першага дыску, які выйшаў у лютым гэтага году. Яго неабходнасць была абумоўленая актыўнасцю саміх гуртоў, якія не трапілі ў першы дыск, рэзанансам і папулярнасцю, якія былі сярод моладзі ды і не толькі. Вось, ён прысвечаны Дню Незалежнасці 27 ліпеня, які раней быў дзяржаўным святам. Асноўнымі тэмамі гэтага дыску з’яўляюцца тэмы свабоды і незалежнасці. Там будуць як новыя гурты, такія як "Siver', "Čyrvonym pa Biełamu", "Партызанская школа", так і вядомыя выканаўцы -"Крама", "Уліс", "Новае неба". Вось песні, якія былі напісаныя пасля тых падзеяў, што адбыліся. Будзе, напрыклад, рэп-група "Čyrvonym pa Biełamu" з песняй "Крывавы сакавік". Украінская будзе група "De Shifer", якая перапела на беларускай мове сваю песню "Час прыйшоў".

- Ці можна ацаніць папулярнасць папярэдняга дыску па нейкіх колькасных характарыстыках?

- Па зацікаўленасці, якую выклікаў гэты дыск і песні, якія былі выкладзеныя ў Інтэрнэце – болей за 50 тыс. чалавек звярнуліся на гэтую старонку і амаль поўнасцю спампавалі сабе гэтыя песні і вокладку. Значыцца, ёсць праблема, што гэты дыск не можа прадавацца ў крамах і распаўсюджваецца праз падпіску, і не кожны ведае, як на гэта падпісацца, не кожны заходзіць у Інтэрнэт. Акрамя таго, гэты дыск гучаў увесь час на плошчы, і многія песні сталіся за некалькі месяцаў літэральна хітамі ды сапраўднымі гімнамі".