1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як вывесці апальных музыкаў з андэграўнду?

Генадзь Канстанцінаў

Моладзь партыі БНФ распачала акцыю збірання подпісаў у падтрымку беларускіх музыкаў, якія апынуліся у "чорным спісе" уладаў за ўдзел у канцэрце пасля адной з апазіцыйных акцыяў.

https://p.dw.com/p/BTPB
Фото: AP

Не першы год у эфірах дзяржаўных радыё і тэлебачання прыхільнікі сучаснай беларускай музыкі не могуць пачуць сваіх любімых выканаўцаў – гурты ды выканаўцаў, якія за многія гады сталіся сапраўднай легендаю. Гэта НРМ, Крама, Палац, Нэйра Дзюбель, Драм Экстазі, Аляксандар Памідораў ды некаторыя іншыя. Пасля аднаго з непажаданых для ўлады канцэртаў у беларускай сталіцы па ўказыцы “зверху” іх проста выкінулі з праграм дзяржаўных электронных медыяў, не запрашаюць на афіцыйныя фестывалі і імпрэзы. Моладзь БНФ вырашыла пазмагацца з такой несправядлівасцю і распачала збор подпісаў пад зваротам да адпаведных чыноўнікаў з патрабаваннем вярнуюць музыкаў у эфір. Адзін з ініцыятараў акцыі Раман Латушка кажа, што “Моладзь БНФ” выступае таксама і супраць забароны канцэртаў вядомых апальных выканаўцаў.

"Нашую арганізацыю абурае тое, што ўлады забараняюць правядзенне канцэртаў. Апошнім разам гэта была забарона канцэрту гурту “Крама”, на якім мусіла адбыцца прэзентацыя новага альбому. Таксама на 27-га ліпеня на плошчы Бангалор планаваўся канцэрт вольных музыкаў, ён таксама быў забаронены. Таму нашая арганізацыя падрыхтавала такую акцыю – збор подпісаў. Хаця хтосьці кажа, што гэта бессэнсоўна, але мы імкнемся звярнуць увагу грамадскасці і нашых чыноўнікаў да гэтай праблемы, мы і вырашылі правесці такую кампанію. Мы шукаем народ, які здолее падтрымаць гэтую акцыю".

Моладзевы актывіст так тлумачыць, чаму сёньня варта падтрымаць апальных музыкаў:

"Шмат хто, пачуўшы спевы НРМ, далучыўся да апазіцыйнага руху, змяніў свае погляды і ўвогуле стаў пад іншыя сцягі, пад іншыя ідэі".

На пытанне, а якую музыку пераважае сённяшняя моладзь, Раман Латушка адказаў:

"Моладзь больш захапляецца зараз альтэрнатыўнай музыкай. Уваходзяць у моду маладыя гурты, такія як “Парасон”, “Індыга”, IQ-48, “Таварыш Маўзер”. Зараз моладзь слухае больш цяжкую музыку".

Тыя, каго збіраюцца падтрымаць маладзёны, ставяцца да іх ініцыятывы з доляй пэўнага песімізму. Лідэр НРМ Лявон Вольскі не ўпэўнены, што такая акцыя Моладзі БНФ будзе мець плён.

"Калі яны лічаць за абавязак гэта рабіць, то хай робяць. У цяперашняй сітуацыі гэта наўрад ці чым дапаможа. Улады проста не будуць звяртаць на гэта ўвагу".

Хаця, як музыку, Лявону Вольскаму прыемная такая ідэя.

"Мне прыемна, што ў гэтакай сітуацыі нехта, ну, ні нехта, а канкрэтныя маладыя людзі, штосьці робяць дзеля таго, каб беларуская музыка чарговы раз магла выйсці з андэграўнду".

З лідэрам НРМ салідарны і саліст і кіраўнік гурту “Палац” Алег Хаменка:

"Канешне, тое, што моладзь спрабуе падтрымаць тыя гурты, якія яна любіць, гэта, мне здаецца, надзвычай правільна. Можа, гэта і не прывядзе да таго, што нехта там пасунецца, зато тое, што гэта будзе ўвага да гэтай праблемы, усё ж такі важна".

Паводле Алега Хаменкі, каб апальныя гурты з’явіліся ў эфіры, трэба, каб змянілася стаўленне да слухачоў з боку тэле-і радыёчыноўнікаў.

"Неабходна, каб эфіры тэлевізіі і радыё, асабліва дзяржаўнага, пачалі працаваць не для кагосьці, а для людзей. І тады ўсе тыя, хто працуе дзеля народу, з’явяцца ў эфіры".

Лідэр “Палацу” адзначае, што асцярожныя спробы запрасіць ягоны гурт на нейкія імпрэзы бываць, але толькі спробамі і застаюцца.

"З’яўляюцца нейкія такія прапановы, вельмі сціплыя, ад нейкіх дзяржаўных установаў, каб мы паспрабавалі штосьці зрабіць разам, але ўсе чагосьці баяцца".

Як вынік такога страху, адсутнасць на экранах і ў прымачах, на канцэртных пляцоўках папулярных музыкаў. Таму, адзначае прадстаўнік “Моладзі БНФ” Раман Латушка…

"…сітуацыя вельмі складаная, і мы збіраемся з гэтым змагацца".

Пасля таго, як подпісы ў падтрымку апальных беларускіх музыкаў будуць сабраныя, ініцыятары акцыі перададусь іх міністру інфармацыі Уладзіміру Русакевічу і міністру культуры Уладзіміру Матвейчуку.