1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як у Мiнску адзначаўся Дзень кастрычнiцкай рэвалюцыi

Сяргей Панчанка

7 лiстапада застаецца самай супярэчлiвай датай для беларускага грамадства

https://p.dw.com/p/7QKZ
Фото: AP

А 10 гадзiне ранiцы да помнiка Ленiну на плошчы Незалежнасцi прыйшлi з кветкамi дэлегацыi ад апазiцыйнай Партыi камунiстаў Беларускай i Камунiстычнай партыi Беларусi. Таксама былi сябры незарэгiстраванай фiлii Усерасiйскай камунiстычнай партыi бальшавiкоў пад кiраўнiцтвам Нiны Андрэевай. Гэтыя, згодна традыцыi, неслi партрэты Сталiна.

Ускладаннем кветак публiчнае святкаванне Вялiкага кастрычнiка камунiсты ўсiх плыняў практычна i завершылi. Урачыстыя дэманстрацыi, гэтак прывычныя ў савецкiя гады, ужо даўно забароненыя. Як сказаў карэспандэнту «Нямецкай хвалi» сябар ЦК ПКБ Сяргей Вазняк, мiнскi гарвыканкам сёлета зноў адмовiў Партыi камунiстаў у правядзеннi шэсця, але дазволiў арганiзаваць мiтынг у парку Дружбы народаў. Пры гэтым улады, паводле Вазняка, абавязалi камунiстаў для абслугоўвання мерапрыемства заключыць дагаворы з шасцю дзяржаўнымi арганiзацыямi i заплацiць iм вялiкiя грошы. ПКБ адмовiлася.

Прэзiдэнт Аляксандр Лукашэнка, якi штогод нешта адкрывае – альбо рэканструяваны ўчастак Мiнскай кружной дарогi альбо ветку газаправода ў Петрыкаве, застаўся верным сабе. Аб 11 гадзiне ён прыбыў на адкрыццё трох завяршаючых Аўтазаводскую лiнiю Мiнскага метрапалiтэна станцыяў. На апошняй – станцыi «Каменная горка» адбыўся мiтынг, на якiм ён зрабiў сенсацыйную заяву. Паводле Лукашэнкi, яму прапанавалi зачынць метро, але ён вырашыў яго развiваць. Хто прапанаваў пазбавiць мiнчукоў самага хуткага i зручнага грамадскага транспарта, прэзiдэнт не ўдакладнiў.

Лiчыцца, што Беларусь i Малдова – адзiныя краiны СНД, дзе «чырвоны дзень календара» яшчэ святкуюць у ранейшым сэнсавым значэннi i на дзяржаўным узроўнi. Штогод у сваiм вiншаваннi з Днём кастрычнiцкай рэвалюцыi прэзiдэнт Лукашэнка адзначае, што дзякуючы ёй Беларусь набыла рэальную дзяржаўнасць. Разам з тым у Беларусi з назову самага савецкага свята прыбралi словы «вялiкая» i «сацыялiстычная».

7 лiстапада застаецца самай супярэчлiвай датай для беларускага грамадства. Хутка пасля набыцця незалежнасцi гэтае свята было абвергнутае беларускай кiроўнай элiтай. I толькi з прыходам Аляксандра Лукашэнкi спачатку з`явiўся Дзень Сёмага лiстапада, а потым i Дзень кастрычнiцкай рэвалюцыi. Палiтык Аляксандр Бухвостаў, якi ачольвае забароненую ўладамi Беларускую партыю працы, ужо не святкуе 7 лiстапада, але да Кастрычнiцкай рэвалюцыi ставiцца паважлiва. «Не абвяргаюць жа французы Вялiкую буржуазную рэвалюцыю 1789 года, хаця ў той час было пралiта крывi не меньш, - разважае ён. – Iншая справа, што добрыя намеры прывялi да таталiтарнай савецкай дзяржавы, адхiлення працоўных ад кiравання дзяржавай, а потым да лукашызма, i гэта выклiкае непрыязнь. Гэткiя дваякiя пачуццi вызнаюць многiя беларусы, адзначыў Бухвостаў.