1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Cкончылася рэарганізацыя кабінету міністраў Польшчы

Вольга Класкоўская

У яго склад увайшлі прадстаўнікі папулісцкай партыі "Самаабарона" і нацыяналістычнай партыі "Ліга польскіх сем'яў". Ці паўплываюць новыя прызначэнні ў польскім урадзе на яго палітыку датычна Беларусі?

https://p.dw.com/p/8Sbp

Праз паўгоду пасля перамогі на парламенцкіх і прэзіэнцкіх выбарах партыя "Права і справядлівасць", бадай, канчаткова адмовілася ад вялікай кааліцыі, што была абяцаная выбрцам. Не дамовіўшыся з галоўнымі апанентамі з "Грамадзянскай платформы", браты Качыньскія стварылі саюз з папулісцкімі партыямі. У склад новага ўраду ўвайшлі партыі "Права і справядлівасць", "Самаабарона" і "Ліга польскіх сем'яў". Прэм'ер-міністрам, аднак, застаецца Казімеж Марцінкевіч.

Анджэй Лепер -- кіраўнік "Самаабароны" -- набыў вядомасць у польскай палітыцы пасля таго, як у 90-ыя гады ачоліў акцыі пратэсту супраць уваходу Польшчы ў Еўразвяз. Лідэр "Самаабароны" ніколі не хаваў сваіх сімпатыяў датычна дзейнага кіраўніка беларускай дзяржавы. Лепер не аднойчы выказваў сваю падтрымку Аляксандру Лукашэнку і крытыкаваў Польшчу за занадта жорсткую пазіцыю ў дачыненні да афіцыйнага Мінску. За што атрымаў мянушку "польскага Жырыноўскага".

Папулісцкія погляды ўласцівыя і старшыні "Лігі польскіх сем'яў" Роману Гертыху. Пры гэтым незалежныя эксперты практычна адзінагалосна сцвярджаюць, што імідж, а таксама ўплыў лідэраў "Самаабароны" і "Лігі польскіх сем'яў" як у польскай палітыцы ўвогуле, гэтак і ў тым, што датычыцца вызначэння стасункаў з Беларуссю, даволі міфалагізаваныя і перабольшаныя.

Актывіст "Звязу палякаў у Беларусі" Андрэй Пачобут лічыць, што кіраўніку "Самаабароны" Леперу папросту выгадна часам "разыгрываць беларускую карту", каб набраць дадатковыя балы ў свайго электарату. " Насамрэч, не ўсё так адназначна. А погляды Гертыха адносна Беларусі апошнім часам наогул цалкам трансфармаваліся, прычым у лепшы бок", - перакананы Пачобут. Паводле яго словаў, грамадская думка па беларускай праблематыцы ў Польшчы ўжо даўно сфармаваная. І таму Леперу з Гертыхам будзе вельмі складана пайсці супраць гэтай магутнай плыні. Акрамя іншага, дадаў А. Пачобут, тон знешняй палітыцы Польшчы задае непасрэдна прэзідэнт Качыньскі, погляды якога ў дачыненні да Беларусі добра вядомыя.

Дэпутат Сэйму, старшыня дэпутацкай групы "Салідарнасць з Беларуссю" Роберт Тышкевіч таксама перакананы, што новыя прызначэнні ва ўрадзе не паўплываюць на пазіцыю Варшавы ў беларускім пытанні. "Ва ўсялякім разе, істотных зменаў не будзе, - адзначыў палітык у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі". - Ні Лепер, ні Гертых асабіста глабальнага ўздзеяння на формаванне знешняй палітыкі Польшчы не маюць. А гэта азначае, падкрэсліў Тышкевіч, што наш урад і надалей будзе падтрымліваць беларускую дэмакратычную грамадскасць і ўсяляк спрыяць дэмакратычным пераменам на Беларусі.