1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Адраджэнцкі пафас?

Паўлюк Быкоўскі14 марта 2007 г.

Саюз беларускіх пісьменнікаў выступіў са зваротам да настаўнікаў і бацькоў беларускіх школьнікаў. Пісьменнікі паведамляюць, што рыхтуецца маштабнае "ідэалагічнае" перапісванне школьных праграм па беларускай літаратуры.

https://p.dw.com/p/A0Gd

Падставай для прыняцця звароту ўправай Рады найстарэйшай і цяпер апальнай творчай арганізацыі краіны “Саюз беларускіх пісьменнікаў” стаўся дакумент, які ананімна перадалі пісьменнікам. Як сцвярджаюць дабразычліўцы, якія яго перадалі, папера сыходзіць з ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта. Спраўдзіць гэта пакуль не ўдалося. Пісьменнікі ж успрынялі ананімную паперу ўсур'ёз, бо зусім нядаўна адбылася такая ж ідэалагічная пераробка Праграмы па гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя для ВНУ. Цяпер, відаць, прыйшла чарга школьнікаў.

У інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч адзначыў:

"Маштабна перапісваецца праграма па гісторыі беларускай літаратуры. І па сутнасці ўсе нацыянальна заангажаваныя творцы, як у гэтым дакуменце пазначана "апазіцыйна настроеныя", выкрэсліваюцца са школьных праграм, пачынаючы ад Янкі Купалы і Васіля Быкава. П'еса "Тутэйшыя" Купалы выкрэсліваецца, "Аблава" Быкава выкрэсліваецца -- і да маладзейшых".

"Нашчадкам сумнавядомага Бэндэ, да прыкладу, не падабаецца базісная аснова беларускай літаратуры ХХ стагоддзя -- яе адраджэнцкі пафас", -- канстатуюць пісьменнікі і падкрэсліваюць: "Ідэалагічныя чыноўнікі Беларусі даходзяць да найвышэйшай ступені ганебнасці і фарысейства, калі ў юбілейны год нацыянальнага генія Янкі Купалы імкнуцца забараніць некаторыя ягоныя творы, у прыватнасці -- п'есу "Тутэйшыя", забараняюць для вывучэння (а праз тое – і публікавання) аповесць Васіля Быкава "Аблава".

Аўтары дакументу аб пераглядзе школьнай праграмы па літаратуры завяршаюць свой цыркуляр патрабаваннем, каб праекты наступных праграм "абавязкова ўзгаднілі з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і прадставілі дапрацаваныя праекты праграм з візай М.І.Чаргінца". Гутарка ідзе аб аб'яднанні пісьменнікаў, што ўзнікла зусім нядаўна пры падтрымцы ўладаў і ў супрацьвагу пісьменніцкай арганізацыі, сябрамі якой былі Янка Купала, Якуб Колас і Васіль Быкаў. Менавіта старшыні новай лаяльнай арганізацыі прапанавана зацвердзіць выключэнне з праграм, або мінімізаваць вывучэнне "апазіцыйна настроеных пісьменнікаў" Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і "замяніць іх творы сачыненнямі іншых пісьменнікаў і паэтаў".

Па словах старшыні старога Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча:

"Чакаецца, што з 1-га верасня мы прачнемся з новымі праграмамі і нашы дзеткі будуць вывучаць не "Тутэйшыя" Купалы, а "Тамтэйшыя" іншых, "чэсных" пісьменнікаў."