1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Алег Улевіч: „ Гэта дае імпэт працаваць далей, можа нават самаахвярна“

Наталля Рыгор’ева

Лаўрэатамі прэміі імя Змицера Завадскага сталі фотакаррэспандэнт Юлія Дарашкевіч, галоўны рэдактар газеты “Наша Ніва” Андрэй Дынька і карэспандэнт “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Алег Улевіч.

https://p.dw.com/p/96uy

Журналіст і тэлеаператар Першага каналу Зміцер Завадскі знік 7 ліпеня 2000 году, і дагэтуль яго лёс застаецца невядомым. Праз год пасля знікнення Змітра, з ініцыятывы яго калегаў — журналістаў Першага расійскага тэлеканалу была заснаваная прэмія яго імя. Распавядае Андрэй Бастунец, намеснік кіраўніка Беларускай Асацыяцыі журналістаў:

“Прэмія імя Змітра Завадскага ўручаецца за мужнасць і прафесіяналізм. Гэтымі крытэрыямі кіраваліся і Першы расійскі канал, і Беларуская Асацыяцыя журналістаў, калі вылучалі кандыдатаў на прэмію. У гэтым годзе лаўрэатамі сталі фотакаррэспандэнт Юлія Дарашкевіч, галоўны рэдактар газеты “Наша Ніва” Андрэй Дынька і карэспандэнт “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Алег Улевіч”.

Віншаванне лаўрэатаў гэтага году праходзіла ў адной з мінскіх кавярняў. Распачаў цырымонію Павел Шарамет — кіраўнік аддзелу спецпраектаў Першага каналу, калега і сябар Змітра:

“Добры дзень, паважаныя калегі! Я рад таму, што мы сёння сабраліся. Канешне, гэта сумная цырымонія. Яна заўсёды такой была і застанецца. Мы ўсе памятаем той трагічны выпадак, які адбыўся з Дзмітрыем Завадскім, і гэты шрам на нашым сэрцы не знікне ніколі».

Разам з тым, зазначыў Шарамет, гэта не толькі сумная падзея:

“Гэта важная, знакавая прэмія. Гэта такі маркер, якім мы адзначаем годных, прафесійных і мужных людзей. І гэты год не стаў выключэннем”.

Лаўрэат прэміі, галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынька зазначае:

“Прэмію дае журналісцкі калектыў Першага каналу. Мы добра ведаем афіцыйную пазіцыю каналу, як яны асвятляюць падзеі на Беларусі. Яе нельга назваць ні аб’ектыўнай, ні вычарпальнай. І для мяне гэта прэмія - вельмі важная праява таго, што пазіцыя журналістаў Першага каналу не згодная з пазіцыяй кіраўніцтва. Я яе ўспрыняў, як цагліну ў падмурак будучых адносінаў свабоднай Расіі і свабоднай Беларусі”.

Прэмія, лічыць Андрэй Дынька ўручана не толькі яму:

“Гэта прэмія нашым чытачам. Тым тром тысячам сем’яў Беларусі, якія ахвяруюць грошы на выданне газеты і на свае мазалі выдаюць гэтую газету. Вось каму гэтая прэмія”.

Яшчэ адзін з лаўрэатаў, карэспандэнт газеты “Камсамольская правда в Белоруссии”, Алег Улевіч упэўнены:

“Гэта маральная падтрымка таго, што беларуская незалежная журналістыка мае права на існаванне, запатрабавана нашым грамадствам. Гэта дае імпэт далей працаваць, можа нават самаахвярна. Таму што праца ва ўмовах такой краіны, як Беларусь — небяспечная для журналістаў”.

Неабходна зазначыць, што ў гэтым годзе ў цырымоніі ўзнагароджання ўпершыню ўзяў удзел і фонд імя Змітра Завдскага, заснаваны яго роднымі і сябрамі меней года таму. Гаворыць адна з кіраўнікоў гэтага фонду, жонка Змітра Завадскага Святлана:

«Гэта прызнанне для журналістаў. Прызнанне іх працы на Беларусі. Працы цяжкай, звязанай з арыштамі, штрафамі. За апошнія гады, як знік Зміцер на Беларусі былі забіты два журналісты — Васіль Гроднікаў і Вераніка Чаркасава. Гэткае прызнанне журналісцкай дзейнасці вельмі важнае. Журналісты павінныя адчуваць, што яны не адныя. У такія дні, як гэты, мы збіраемся разам, дзелімся ўражаннямі, навінамі і адчуваем сябе адзінай журналісцкай камандай».

Узнагароджваць беларускіх журналістаў за прафесіяналізм, мужнасць, адданасць прафесіі Прэмія імя Змітра Завадзкага стала ўжо традыцыяй. І, як зазанчыў пад час цырымоніі Павал Шарамет:

“Я ўпэўнены, што традыцыя ўзнагароджваць лепшых беларускіх журналістаў прэміяй імя Змітра захаваецца і ў будучыні».