1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларуская апазіцыя настойвае на сваёй еднасці

Генадзь Канстанцінаў12 сентября 2008 г.

Лідэры Аб’яднаных дэмсілаў заявілі 12 верасня, што ніякага распаду кааліцыі АДС пасля парламенкіх выбараў не будзе, і скрытыкавалі СМІ за няверную інтэрпрэтацыю становішча ўнутры самой апазіцыі.

https://p.dw.com/p/FH8I
Фото: Bilderbox

Па словах дзейнага старшыні прэзідыюма палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоля Лябедзькі, сёння галоўным ёсць не пытанне, будуць дэмакратычныя кандыдаты здымацца з выбарчай гонкі ці далей у ёй удзельнічаць, але ці захаваецца кааліцыя АДС, сумнеў у чым выказваюць многія аналітыкі, а таксама некаторыя інтэрнет-рэсурсы і сродкі масавай інфармацыі. Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што ў суб’ектаў кааліцыі ёсць адценні па тактыцы, як бы яны хацелі далей праводзіць цяперашнюю выбарчую кампанію.

"Але мы ўсе канстатавалі, што мы абсалютныя прыхільнікі таго, каб АДС была моцным палітычным суб’ектам, які прызнаваўся б, у першую чаргу, грамадзянамі Беларусі, у другую – міжнароднай супольнасцю, - адзначыў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі. - Заходзячы з гэтага, мы выйшлі на кампрамісныя рашэнні, тут мы мусілі зноў прыспусціць свае партыйныя штандары, свае ўнутраныя адчуванні сітуацыі, і выйшлі на некалькі супольных пазіцый, якія былі вынесеныя на паседжанне прэзідыюма і там ухваленыя".

АДС, паводле Лябедзькі, ніколі не прызнаюць сёлетнюю выбарчую кампаніі легітымнай і справядлівай. Больш за тое, гэтая пазіцыя мусіць быць замацаваная подпісам кожнага кандыдата ў дэпутаты з адзінага спісу АДС. Кааліцыя мае браць удзел у выбарах да канца, каб прадаставіць доказы фальшавання вынікаў выбараў, дзеля чаго пад моцны кантроль будуць узятыя акругі, дзе балатуюцца найбольш канкурэнтаздольныя дэмакратычныя кандыдаты.

АДС мусяць умацавацца

Як адзначыў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, ужо сёння можна сказаць, што ніякага сапраўднага дэмакратычнага парламента не будзе: "Пасля 28 верасня зноў такі нічога не застанецца, што будзе даносіць голас значнай часткі нашага насельніцтва. І таму я зацікаўлены, каб Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы толькі ўмацаваліся".

Анатоль Лябедзька заявіў, што лідэры АДС цяпер працуюць і над сфармуляваннем агульнай пазіцыі па іншых пытаннях, не звязаных непасрэдна з выбарамі: "Напрыклад, міжнародная супольнасць і Беларусь, міжнародная супольнасць і беларускія ўлады, міжнародная супольнасць і АДС – вось гэта тыя пытанні, якія патрабуюць нашага супольнага адказу".

Лідэры АДС чарговым разам адзначылі, што зараз некаторымі міжнароднымі коламі робяцца спробы наладзіць наўпроставы дыялог з беларускімі ўладамі без удзелу дэмакратычнай апазіцыі, і заявілі, што надзяляюць экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна правам прадстаўлення агульнай пазіцыі АДС падчас важных міжнародных сустрэчаў, якія нядаўні палітвязень будзе мець у бліжэйшыя дні ў Еўропе і ЗША. Аляксандр Казулін выступіць на саміце міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу, сустрэнецца з дэпутатамі Еўрапейскага парламента, камісарамі Еўракамісіі, з іншымі ўплывовымі еўрапейскімі палітыкамі. Пасля гэтага палітык накіруецца ў Нью-Ёрк і Вашынгтон, дзе будзе сустракацца з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам.

Казулін – пасол АДС

"Без удзелу дэмакратычнай грамадскасці ў перамовах немагчымыя рэальныя зрухі і рэальныя перамены, - лічыць Аляксандр Казулін. – І мы хочам гэтую пазіцыю ясна і дакладна агучыць і менавіта зараз паслаць гэты месыдж міжнароднай грамадскасці, каб яны разумалі, што можна вырашаць пытанні па Беларусі, пытанні пераменаў, але без удзелу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў гэтыя рашэнні будуць непаўнавартаснымі і не прывядуць да сур’ёзных змяненняў, якія так неабходныя нашаму грамадству".

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін скрытыкаваў журналістаў за тое, што некаторыя з іх падаюць інфармацыю пра крызіс у АДС, пра магчымы распад кааліцыі пасля выбараў: "Сітуацыя, якая склалася, ідзе на шкоду Беларусі, чаму я хачу вам гэта сказаць, бо вы з’яўляецеся людзьмі, якія даносяць інфармацыю, і фармуеце грамадскую думку не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі".

Па словах Калякіна, у заходніх амбасадараў, якія таксама чэрпаюць інфармацыю са СМІ і з інтэрнета, таксама складваецца нявернае ўяўленне пра сітуацыю ў беларускай апазіцыі, таму дасягнутая дамоўленасць пра сустрэчу ў бліжэйшы аўторак лідэраў АДС з амбасадарамі замежных краінаў, дзе самі палітыкі наўпрост патлумачаць дыпламатам стан рэчаў.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще