1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Валеры Карбалевіч: "Працэдура адкрыцця офіса Еўракамісіі ў Беларусі фармальна нічога не зменіць"

Генадзь Канстанцінаў

Беларускі палітолаг пра тое, якія паступствы будзе мець для Беларусі адкрыццё прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Мінску і як гэтая падзея паўплывае на палітычныя стасункі паміж беларускімі ўладамі і Еўразвязам.

https://p.dw.com/p/DJni
Фото: AP

На думку Валерыя Карбалевіча, фармальна працэдура адкрыцця офіса Еўрапейскай Камісіі нічога не зменіць. І глядзець на гэты акт трэба ў кантэксце больш шырокіх дачыненняў паміж Беларуссю і Еўразвязам. "Падаецца, што апошнім часам беларускія ўлады зрабілі шэраг крокаў насустрач Еўразвязу. Гэта, у першую чаргу, вызваленне палітвязняў. Лукашэнка публічна сказаў, што гэта адбылося пад уціскам Еўразвязу, і ён пайшоў насустрач Еўропе”, - падкрэсліў палітолаг.

Працэс пайшоў

Як адзначыў палітолаг, еўрапейскі бок таксама адрэагаваў на такія крокі беларускіх уладаў. “Я маю на ўвазе тую сенсацыйную паездку міністра замежных справаў Мартынава ў Берлін і там нейкія патаемныя сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны. Маецца на ўвазе, што свае дзеянні Нямеччына рабіла, узгадніўшы з партнёрамі па Еўразвязе".

Па словах Валерыя Карбалевіча, дыялогам такія сустрэчы назваць яшчэ рана, але "нейкае яго падабенства, нейкія кулуарныя кантакты на даволі высокім узроўні, калі яшчэ і прыгадаць сустрэчу нямецкага амбасадара Вайса з Лукашэнкам, і не толькі ў кулуарах, адбываюцца”.

Выгоды для афіцыйнага Мінску

На думку палітолага, афіцыйны Мінск бачыць для сябе пэўныя выгоды ад збліжэння з Еўропай пасля акдрыцця беларускага офісу Еўракамісіі. Але, як падкрэслівае Валеры Карбалевіч, вельмі шмат будзе залежаць ад таго, "ці пойдзе Лукашэнка на вызваленне Казуліна, ці не з’явяцца новыя палітвязні і чаго хоча ўгандляваць у гэтым сэнсе беларускі бок".

А беларускі бок, мяркуе Валеры Карбалевіч, хоча на першым этапе дзве рэчы – "зноў вярнуць Беларусь у Сістэму генеральных прэферэнцый Еўрапейскага Звязу і каб Еўразвяз не падключыўся да тых санкцыяў у дачыненні да “Белнафты”, якія ўвялі Злучаныя Штаты Амерыкі”.