1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

20 ноября 2009 г.

Суд адмяніў штраф апазіцыянеру, Міністэрства інфармацыі пісьмова папярэдзіла незалежныя выданні, супраць жыхароў Брэста заведзена адміністратыўная справа за дабрачыннасць.

https://p.dw.com/p/Kc5q
Судейский молоток на столе как символ правосудия
Фото: picture-alliance/ dpa

Гомельскі абласны суд адмяніў буйны штраф актывісту беларускага дэмакратычнага руху, Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла шэраг пісьмовых папярэджанняў недзяржаўным друкаваным выданням, у Брэсце завялі адміністратыўную справу ў дачыненні да мясцовых жыхароў, якія займаліся дабрачыннасцю.

Мінінфарм папярэдзіў…

Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла пісьмовыя папярэджанні адразу чатыром незалежным газетам "Наша ніва", "Народная воля", "Комсомольская правда" в Белоруссии" і "Ва-банкЪ". Папярэджанні вынесены з фармулёўкай "у сувязі з парушэннямі ў публікацыях патрабаванняў Закону "Аб сродках масавай інфармацыі".

Газета "Народная воля"
Газета "Народная воля"Фото: Olja Melnik/DW

"Наша ніва" і "Комсомольская правда" в Белоруссии" атрымалі папярэджанні за публікацыі, прысвечаныя праблеме ўсплёску інфекцыйных захворванняў, а таксама дэфіцыту медыкаментаў і супрацьвірусных сродкаў у аптэках, а "Народная воля" – за артыкул аднаго з чытачоў, у якім нібыта ўтрымліваецца заклік да выхаду на плошчу ў дзень наступных прэзідэнцкіх выбараў.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што струмень пісьмовых папярэджанняў, вынесеных недзяржаўным выданням Міністэрствам інфармацыі, не з’яўляецца выпадковым. Юрыст звярнуў увагу на тое, што адначасова з вынясеннем чатырох папярэджанняў Міністэрства інфармацыі ўжо другім разам адмовіла ў рэгістрацыі двум новым выданням. "Адсюль можна зрабіць выснову, што ўмоўная лібералізацыя ў сферы сродкаў масавай інфармацыі, якая пачыналася год назад, на сённяшні дзень, на жаль, скончылася, і маятнік пайшоў у іншы бок", - падкрэсліў Андрэй Бастунец.

Прычыны спагнанняў

Незалежныя эксперты адзначаюць той факт, што вынясенне папярэджанняў адбылося адразу пасля таго, як стала вядома пра запрашэнне беларускіх журналістаў, у тым ліку і прадстаўнікоў названых выданняў, на сустрэчу з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым, якая адбудзецца ў Маскве 23 лістапада.

Дмитрий Медведев
Прэзідэнт Мядзведзев запрасіў на сустрэчу беларускіх журналістаўФото: AP

Экспертная супольнасць Беларусі таксама не выключае таго, што папярэджанні незалежным газетам маглі стацца ўскосным адказам уладаў на рашэнне Савета Еўрапейскага Звязу не адмяняць санкцыі ў дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, а толькі працягнуць мараторый на візавыя абмежаванні.

Адмена штрафу

Суд Гомельскай вобласці 18 лістапада адмяніў штраф у памеры 700 тысяч рублёў (больш за 170 еўра) старшыню Жлобінскай раённай арганізацыі Беларускай партыі аб’яднаных левых "Справядлівы свет" (былой Партыі камуністаў Беларускай) Валерыю Рыбчанку. Заведзеная супраць апазіцыйнага актывіста адміністратыўная справа вернута ў суд Чыгуначнага раёну Гомеля для новага разгляду.

19 кастрычніка Валерыя Рыбчанку пакараў суддзя гэтага раёну Ілля Свірыдаў за намер актывіста ўзяць удзел у акцыі з нагоды дзесятай гадавіны знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савету 13-га склікання Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Актывіст здымаў на фотаапарат, як супрацоўнікі міліцыі прэвентыўна затрымлівалі патэнцыйных удзельнікаў акцыі, што па ходніках кіраваліся ў цэнтр гораду. Міліцыя абвінаваціла дэмакратычных актывістаў у арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага шэсця. Суддзя Гомельскага абласнога суда Васіль Бягун угледзеў наяўнасць працэсуальных парушэнняў пад час вынясення пакарання Валерыю Рыбчанку і накіраваў справу на новы разгляд.

Милиционер заламывает руку молодому человеку
Міліцыянты за працай. Фота з архівуФото: AP

Суд за дабрачыннасць

27 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Брэста адбудзецца разгляд адміністратыўнай справы жыхара абласнога цэнтру Аляксандра Казлянка. Яшчэ 8-га лістапада ён разам з сябрам арганізаваў недалёка ад Свята-Мікалаеўскай царквы дабрачынную акцыю. Мужчыны раздавалі бяздомным уласна прыгатаваную грэцкую кашу. Міліцыянты даставілі абодвух дабрачынцаў у пастарунак, пры гэтым канфіскавалі ў іх плакат з выяваю летака, які раскідвае ежу, і каля 300 улётак па прафілактыцы грыпу. У той жа дзень маладых людзей адпусцілі без складання на іх пратаколу аб правапарушэнні.

Аднак 18 лістапада Аляксандр Казлянок быў выкліканы ў пастарунак, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні паводле артыкула 23.34 КаАП за парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў. Варта адзначыць, што маладыя людзі раздавалі абяздоленым ежу ў раёне Свята-Мікалаеўскай царквы апошнія тры гады.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще