1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сакрэты полацкай даўніны

Павел Андрыеўскі

Полацкія археолагі зрабілі сенсацыйнае адкрыццё. Полацк, найстаражытнейшы горад Беларусі, упершыню ўзгадваецца ў летапісах пад 862 годам. Але новыя дадзеныя сведчаць, што насамрэч ён старэйшы на цэлых 16 стагоддзяў.

https://p.dw.com/p/D9yS
Спаса- Прэабражэнская царква ў ПолацкуФото: Marina Mazurkevich

Ужо некалькі гадоў запар у гістарычнай частцы Полацка вядуцца археалагічныя раскопкі. Іх узначальвае загадчык кафедры гісторыі мясцовага універсітэта Дзяніс Дук. Летась даследчыкі праводзілі раскопкі на месцы былой княжацкай рэзідэнціі. Вынікам стала вельмі шмат цікавых знаходак. Гаворыць Дзяніс Дук:

"Дагэтуль каб на адным раскопе, у адным месцы за год знайшлі столькі высокамастацкіх, густоўных рэчаў, такога яшчэ не было".

Адзін з галоўных цэнтраў славянскай культуры

Сярод знаходак – рэчы, звязаныя з рэлігійным культам, упрыгожванні, прадметы побыту старажытных палачан. Напрыклад, бронзавая накладка з выявай грыфона на драўляны кубак. Усе гэтыя знаходкі пацвердзілі, што ў старажытныя часы Полацк быў адным з галоўных цэнтраў славянскай культуры.

"Гэтыя знаходкі даказваюць, што Полацк па багаццю не саступае “маці гарадоў рускіх” Кіеву ды Ноўгараду. Полоцк абсалютна на роўных можа стаяць у спісе гэтых самых знакамітых гарадоў", - распавядае гісторык.

Некалькі дзён нараджэння

Знаходкі полацкіх археолагаў пацвердзілі – Полацк быў вялікім горадам задоўга да 862 года, калі ён упершыню ўзгадваецца ў летапісах. А радыёвугляродны аналіз рэчаў, якія знайшлі на старажытным полацкім гарадзішчы, даказаў: на гэтым месцы яшчэ ў VII стагоддзі да нашай эры было паселішча.

Як сцвярджаюць даследчыкі, ужо тады яно мела назву Полацк. Першымі яго насельнікамі былі балты, а ўжо потым сюды прыйшлі славянскія плямёны, пры якіх горад дасягнуў свайго росквіту. Так што зараз жыхары Полацка з поўным правам могуць казаць, што іх гораду – каля 27-мі стагоддзяў, кажа Дзяніс Дук.

"Калі палачане жадаюць ганарыцца тым, што наш горад вельмі старажытны...І ён нават болей старажытны, чым некаторыя імперыі, існаваўшыя яшчэ ў антычны час... Мы можам браць новыя дадзеныя, новыя даты для таго, каб святкаваць і некалькі дзён нараджэння Полацка. Ён таго варты".

Гэтым летам полацкія археолагі плануюць працягнуць раскопкі ў гістарычным цэнтры горада. Яны ўпэўненыя, што іх чакаюць новыя громкія адкрыцці.