1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чаму ва ўрочышчы Курапаты адбываюцца акты вандалізму?

Генадзь Канстанцінаў

Чарговы акт вандалізму адбыўся ў Курапатах на ўскрайку беларускае сталіцы. Невядомыя знішчалі крыжы на месцах пахаванняў, зрывалі партрэты ахвяраў рэпрэсіяў. Улады ж ніякага крыміналу ў гэтым не ўбачылі.

https://p.dw.com/p/7Xxv
Фото: AP

Па розных ацэнках, у 1937-1941 гадах у Курапатах супрацоўнікі НКУС расстралялі ад 30 да 250 тысяч чалавек, як беларусаў, гэтак і рэпрэзентантаў іншых нацыянальнасцяў. Гісторыя ўрочышча стала вядомая ўсяму свету пры канцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, пасля публікацыі ў медыях артыкула тагачаснага лідара дэмакратычнай апазіцыі Зянона Пазьняка “Шлях ў Курапаты”. Урад Беларусі абяцаў усталяваць у Курапатах помнік, пра гэта сведчыла нават бронзавая шыльда на памятным камяні. Але абяцанкі засталіся абяцанкамі. Дэмакратычныя сілы вырашылі ўвекапомніць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў уласнымі высілкамі – яны ўсталявалі вялікі памятны крыж ля ўваходу ва ўрочышча, сотні малых крыжоў непасрэдна на магілах, павесілі выявы закатаваных.

У 1994 годзе Курапаты наведаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, які ўсталяваў гранітную лаву з надпісам “Ад народа ЗША беларускаму народу дзеля памяці”.

Народны мемарыял неаднойчы цярпеў ад рук вандалаў. “Лаву Клінтана” шматкроць разбуралі, невядомыя ламалі крыжы, тапталі магілы. Апошні пагром стаўся самым жахлівым за ўсю гісторыю мемарыяла. Злачынцы зламалі альбо вывернулі дзясяткі крыжоў, сарвалі з іх і растапталі фотаздымкі расстраляных сталіністамі вядомых навукоўцаў, дзеячоў культуры і мастацтва, палітыкаў. Сарвалі ўсталяваную ў кастрычніку бягучага году мемарыяльную дошку з надпісам “Ахвярам сталінскага рэжыму”. Чарговым разам была разбітая “лава Клінтана”. Невядомыя вывернулі мемарыяльную дошку на “Польскім крыжы” на месцы расстрэлу палякаў. Да таго ж, вандалы цвіком надрапалі фашыстоўскую свастыку на абразе Маці Божай Курапацкай, напісаным вядомым беларускім мастаком Аляксеем Марачкіным. Археолаг Мікола Крывальцэвіч, які пры канцы 80-х браў удзел у раскопках пахаванняў у Курапатах, лічыць, што акты вандалізму адбываюцца ва ўрочышчы з маўклівае згоды цяперашніх беларускіх уладаў.

Палітыка скіраваная не на тое, каб спрыяць расследаванню злачынстваў, якія адбываліся ў 30-я гады. Курапаты – па-за ўвагай афіцыйных органаў. Ужо ніхто ніколі з афіцыйных асобаў туды не ўскладае кветкі, нават у памінальныя дні, як гэта было ранней. Безумоўна, у рэчышчы гэтых усіх настрояў палітыкі выкарыстоўваецца гэтая сітуацыя пэўнымі сіламі, якія імкнуцца здзейсніць гэткія вандальскія дзеянні ў Курапатах».

І гэтым разам улады ніяк не адрэагавалі на адбытае на Народным мемарыяле. У завядзенні крымінальнае справы па факце злачынства яны адмовілі. У той жа час амбасада Вялікабрытаніі ў Беларусі ад імя ЗША і Еўразвязу распаўсюдзіла заяву з рэзкім асуджэннем акту вандалізму ва ўрочышчы Курапаты.