1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Аб становішчы інвалідаў па слыху на Беларусі

Юнеля Крупенька

У Беларусі 150 тысяч чалавек маюць праблемы са слыхам. Для дапамогі ім у сацыяльнай адаптацыі 15 красавіка 75 гадоў таму ў рэспубліцы было створана Беларускае таварыства глухіх.

https://p.dw.com/p/8GWd

Краіна глухіх – гэта паралельны свет. Гукі тут не чуюць, а бачаць. І гэта тычыцца не толькі мовы жэстаў. Тэлефонны званок у жыцці глухіх – гэта адмысловая лямпачка, калі, зразумела, знойдзецца майстар, які дапрацуе апарат. А пра плач дзіця глухім бацькам можа паведамляць сігналізатар-няня. Ён каштуе прыкладна 800 тысяч беларускіх рублёў, ці 320 еўра. Камітэт па сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама прапаноўваў такія сігналізатары для набыцця за чвэрць кошту, але і ў гэтым выпадку яны не па кішэні бацькам-інвалідам. Пенсія ў глухога каля 92 тысячаў рублёў, ці ўсяго 37 еўра на месяц. Знайсці працу інвалідам па слыху дастаткова складана.

Так выпадае, што рэгіянальныя структуры Беларускага таварыства глухіх вельмі рэдка атрымоўваюць гуманітарную дапамогу. Да прыкладу, Гомельскае абласное аддзяленне апошні раз атрымоўвала яе 8 гадоў таму з Шатландыі. У той жа час людзі з парушэннем слыху, як правіла, маламаёмасныя і маюць патрэбу не толькі ў слыхавых апаратах, але і ў вопратцы і прадуктах харчавання. Адзіны спонсар для арганізацыі – гэта дзяржава. Але, да прыкладу, рэчыцкае аддзяленне таварыства глухіх ужо другі год чакае ад аддзелу соцзабеспячэння слыхавыя апараты.

Лепшая сітуацыя з гуманітарнай дапамогай у спецшкол-інтэрнатаў для дзяцей з кепскім слыхам у той жа Рэчыцы. Апошнія чатыры гады над дзецьмі апякуецца «Бацькоўскі камітэт Чарнобыль-дапамога» з нямецкага горада Гентын.

"Мы забяспечваем дзяцей слыхавымі апаратамі, а таксама вучым настаўнікаў вызначэнню якасці слыху ў дзіця. Каб настаўнікі тэставалі дзяцей і дасылалі нам графікі, на падставе якіх мы тут маглі б настроіць слыхавы апарат для канкрэтнага дзіця. За чатыры гады, якія існуе наша арганізацыя, мы на 70 адсоткаў забяспечылі дзяцей слыхавымі апаратамі",- гаворыць кіраўнік камітэта Хельмут Вільке.

Дапамагае са слыхавымі апаратамі і дабрачынная арганізацыя з прыгараду Мюнхена «Чарнобыль дапамога». Па словах яе старшыні Дзітэра Кнауца, яго паплечнікі заўжды імкнуцца дапамагчы асабіста, каб бачыць рэакцыю таго, хто атрымоўвае. Дзітэр узгадаў, як быў рады хлопец-інвалід, які ў 18 гадоў упершыню пачуў музыку:

"Пры нашым удзеле шмат дзяцей упершыню даведваюцца, што такое прафесійная медычная дапамога, на прыкладзе слыхавых апаратаў. Толькі ў шасцігадовым узросце яны ўпершыню вучацца размаўляць і не просто размаўляць, а паўнавартасна камунікаваць. Гэта ж усё надзвычай важна для паляпшэння сацыяльнага статусу гэтых дзяцей і іх бацькоў. Гэтыя сем’і з нашай дапамогай больш не з’яўляюцца ізаляванымі і могуць інтэгравацца ў нармальнае грамадства".

На думку Станіславы Сівец, дырэктаркі адзінай у паўмільённым Гомеле сярэдняй школы для дзяцей з недахопам слыху, патрэбы глухіх дзяцей значна шырэйшыя за слыхавыя апараты. Станіслава Дзмітрыеўна, якая 10 гадоў таму спрыяла адкрыццю гэтай школы, лічыць, што зараз самая неабходная дапамога – гэта кампутары, школьная мэбля, канцпрылады. То бок тое, што застанецца на некалькі пакаленняў.