1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Адміністратыўны рэсурс у выбарчай кампаніі

Ларыса Новікава

З пачатку Новага году актывізаваўся збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты.

https://p.dw.com/p/7kf5
Фото: AP

Зборшчыкаў подпісаў у падтрымку вылучэння ў прэзідэнты лідэра сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандра Казуліна не ўпускаюць у студэнцкія інтэрнаты Гарадзенскага ўнівесітэта. Як паведаміў сябра ініцыятыўнай групы Казуліна Андрэй Янушкевіч, выхавацелька аднаго з інтэрнатаў паведаміла, што нібыта ёсць адмысловая пастанова, згодна з якой акрамя зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку ў інтэрнат нельга ўпускаць анікога. Да таго ж і выхавацелька ды вахцёры інтэрнатаў спасылаюцца на загад дырэктара студгарадка Гергія Кабяка, які, дарэчы, з’яўляецца кіраўніком першаснай універсітэцкай арганізацыі грамадскага аб”яднання “Белая Русь”, якое ў свой час абвесціла пра падтрымку палітыкі прэзідэнта.

Паводле зборшчыкаў подпісаў за Казуліна, Георгій Кабяк паведаміў, што ўніверсітэт – установа дзяржаўная, таму ён не мае намеру ўпускаць сюды чужых. Пасля чаго Кабяк параіў ініцыятыўнай групе звярнуцца да прарэктара ўніверсітэта па выхаваўчай рабоце Таццяны Бадзюковай. Але, як паведамілі ў рэктараце, у чацвер – адзіны дзень інфармавання насельніцтва – Таццяна Бадзюкова знаходзіцца ў камандавАнні як намеснік кіраўніка навучальнай установы па ідэалагаічнай рабоце.

Прынамсі мне дырэктар студгарадка Георгі Кабяк забарону на ўваход у студэнцкія інтэрнаты патлумачыў такім чынам – гэта норма зацверджаных яшчэ ў 1998 годзе Правілаў унутранага распарадку, згодна з якімі чужым нельга знаходзіцца ў інтэрнатах падчас экзаменацыйных сесіяў. А паколькі зімовая сесія прызначана з 31 снежня да другога лютага, адзначыў Кабяк, зараз ніхто, у тым ліку і зборшчыкі подпісаў, не павінныя перашкаджаць студэнтам рыхтавацца да спытаў.

А вось на абарону спакою жыхароў з інтэрнату гарадзенскага вытворчага аб”яднання «Хімвалакно” паўстала непрыступная вахцёрка. Яна не толькі не ўпусціла ў інтэрнат актывістаў з групы Казуліна, але й паведаміла ім, што паколькі ў краіне ўсё добра, іншага прэзідэнта нам не трэба. Між іншым, працаўнікі «Хімвалакна” распавядаюць, што подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі збіраюць у працоўны час непасрэдна ў цэхах прадпрыемства.

Згуртаванасць прыхільнікаў прэзідэнта пакуль што не з”яўляецца характэрнай для апазіцыі. Нягледзячы на рашэнні Кангрэсу дэмакратычных сілаў аб падтрымцы адзінага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, некаторыя шэраговыя сябры з мясцовага аддзялення Аб”яднанай грамадзянскай партыі збіраюць подпісы таксама й за Аляксандра Казуліна. Гэтую інфармацыю пацвердзіў кіраўнік абласнога выбарчага штабу Мілінкевіча Анатоль Хацько. Старшыня гарадской арганізацыі АГП Юры Істомін паведаміў, што яму пакуль невядомыя імёны парушальнікаў партыйнай дысцыпліны. Па словах Істоміна, тыя, хто не хоча падпарадкавацца рашэнням партыйнага Савету, павінныя альбо прыпыніць сяброўства ў партыі, альбо пайсці з яе.