1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Акцыя ў дзень выбараў – "за" і "супраць"

Генадзь Канстанцінаў18 сентября 2008 г.

Апазіцыя заклікае грамадзянаў выйсці 28 верасня ў 20.00 на Кастрычніцкую плошчу Мінску, каб выказаць пратэст супраць фальшавання падчас парламенцкіх выбараў. Незалежныя эксперты выказваюць скепсіс.

https://p.dw.com/p/FKx8
Фота із архіва: прыхільнікі апазіцыі падчас акцыі пратэстуФото: AP

Многія дэмакратычныя лідэры, ды проста актывісты, лічаць неабходным сабрацца ў цэнтры сталіцы, бо надта ўжо шмат парушэнняў, на іх думку, было цягам усёй выбарчай гонкі. Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сацыял-дэмакрат Ігар Рынкевіч, у прыватнасці, адзначае, што абуральным ёсць неўключэнне ў склад абсалютнай большасці ўчастковых камісіяў прадстаўнікоў апазіцыі, што не дазволіць спраўдзіць сапраўднасць падліку галасоў выбарцаў.

“Як будзе праходзіць так званае датэрміновае галасаванне, як будуць лічыцца галасы, пра гэта будуць рабіць ацэнкі ўнутраныя і замежныя назіральнікі. І калі мы ўбачым шматлікія парушэнні, безумоўна, трэба выходзіць і пратэставаць супраць правядзення такога кшталту выбараў”.

На плошчу за перамогай?

“28 верасня нам усім трэба быць на плошчы для таго, каб сказаць праўду беларусам і свету, што адбываецца ў краіне, - заявіў сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. - Шмат дзе ў еўрапейскіх сталіцах, у Маскве, у Вашынгтоне гавораць, што ў Беларусі адбываюцца пазітыўныя змены, ідзе дэмакратызацыя. Нам, беларусам, трэба сказаць, што гэта няпраўда, рэжым сутнасна не змяніўся, і заявіць, што мы гатовы змагацца з гэтым рэжымам да перамогі”.

Паводле словаў намесніка старшыні “Маладога Фронту” Артура Фінькевіча, сябры гэтай арганізацыі выйдуць на плошчу, каб “сказаць беларускаму грамадству і ўсяму свету, што насамрэч беларускія дэмакратычныя сілы і моладзь гатовыя выходзіць на вуліцы, адстойваць дэмакратычныя каштоўнасці, і могуць усё для гэтага зрабіць”.

Дабраахвотныя дысідэнты

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі, аднак, не падзяляе аптымізму палітыкаў наконт паспяховасці акцыі 28-га верасня.

“Нейкага масавага пратэсту, напэўна, не адбудзецца, таму што ў краіне няма адпаведнай сітуацыі, няма адпаведнага напалу палітычных жарсцяў. Прасцей кажучы, народ індэферэнтна ставіцца да гэтых выбараў, таму варта чакаць, што выйдзе паўтары-дзве тысячы пераважна апазіцыйных актывістаў”.

Па словах Аляксандра Класкоўскага, нават самі палітычныя лідэры ў прыватных размовах прызнаюцца, што не разлічваюць на вялікую колькасць удзельнікаў тае акцыі.

“Яны падкрэсліваюць, што ў гэтым ёсць маральны сэнс, маўляў, як у 1968 годзе, калі савецкія танкі душылі Пражскую вясну, восем чалавек выйшлі на Красную плошчу, і гэта засталося ў гісторыі. Аднак, гэты аргумент сведчыць, што сёння фактычна няма моцнай палітычнай апазіцыі, здольнай арганізаваць нейкія масавыя акцыі, што палітычная апазіцыя знаходзіцца ў маргінальным стане, і яны самі ставяць сябе на адну роўніцу з дысідэнтамі”.

“Я не памылюся, спаслаўшыся на думку Аляксандра Класкоўскага, які моцны скепсіс выказвае з нагоды эфектыўнасці гэтае акцыі, і я з гэтым меркаваннем згодны, - адзначае аналітык Раман Якаўлеўскі. – Сыходзячы з папярэдняга досведу, практычна неверагодна, што гэта пераўтворыцца ў нейкую масавую акцыю пратэсту, якая зможа на нешта істотна паўплываць”.

Акцыі лепш за заявы

Крыху іншага меркавання прытрымліваецца публіцыст Валеры Карбалевіч. “Акцыя павінна засведчыць, што ў краіне ёсць апазіцыя, што гэтай апазіцыі не даюць нармальна ўдзельнічаць у палітычным працэсе, што ёсць частка грамадства, якая гатова пратэставаць супраць такіх умоваў выбарчае кампаніі, асабліва з улікам таго, што ў Беларусь на выбары прыязджаюць замежныя журналісты, прадэманстраваць сусветнай грамадскасці гэту сітуацыю”.

Як адзначыў эксперт, “калі на вуліцы будзе нейкая акцыя, няхай нават і невялікая, гэта ўсё роўна будзе мець большы рэзананс у сусветных медыях, чым нейкая заява ці прэсавая канферэнцыя. Таму ў гэтым плане я бачу сэнс гэтай акцыі”.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще