1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Апазіцыя Магілёва падводзіць вынікі палітычнага года

29 декабря 2008 г.

Магілёўскія апазіцыянеры вырашылі заснаваць намінацыю "Палітык года". За апошнія 14 гадоў цэлае пакаленне маладых палітыкаў ужо паспела пасталець дый нават наважылася паўдзельнічаць у выбарах у парламент.

https://p.dw.com/p/GOjr
Фота з архіву. Маладое пакаленне беларускіх апазіцыянераўФото: DW/Gennadij Konstantinov

Магілёўскія апазіцыянеры вырашылі заснаваць намінацыю "Палітык года". Неабходнасць узнагароджання лепшых абаснаваў аўтар ідэі Аляксандр Сілкоў: "У мінулым годзе мы паспрабавалі ўпершыню правесці конкурс "Лепшы палітык", ён называўся "Розум, гонар і сумленне магілеўскай дэмакратыі". Мы мусім падтрымліваць нашых людзей".

Меркавалася, што на мінулых выходных адмысловыя дыпломы дый падарункі будуць уручаныя пераможцам падчас падвядзення вынікаў палітычнага года. Аднак урачыстая імпрэза прайшла па іншым сцэнары.

2008 год быў найбольш паспяховым

На ўрачыстае паседжанне, прысвечанае падвядзенню вынікаў года, сабралося каля сотні грамадскіх актывістаў. Апазіцыйныя палітыкі адзінагалосна пагадзіліся, што сённяшнія варункі не абяцаюць ніякага пазітыўнага досьведу тым, хто мае намер прымаць удзел у палітычным жыцці. Актывісты маюць пераслед з боку праваахоўных органаў, цяжкасці на працы, непаразуменні сярод сваякоў. І натуральна, гэта прыводзіць да маргіналізацыі самога палітычнага працэсу ў краіне.

Тым не менш, часцяком гучала рытарычнае пытанне "Калі не мы, то хто?" Старшыня абласной кааліцыі дэмсілаў Рыгор Кастусеў падчас свайго выступу казаў пра поспехі дзейнасці дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны ў 2008 годзе. "Адбылося адкрыцце адноўленай Ратушы, да якога мы таксама спрычыніліся. Другой значнай падзеяй стала выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў. Тут Магілёўшчына спрацавала паспяхова: мы закрылі 12 акруг з 13", - зазначыў Рыгор Кастусеў.

Лепшага палітыка мусіў абраць БАЖ

Аднак, ідэя палітыкаў не ўсімі была ўспрынятая аднолькава станоўча. У якасці журы былі запрошаныя магілёўскія журналісты. Але з гэтай ідэяй вызначэння лепшых не пагадзіўся кіраўнік Магілёўскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Генадзь Суднік: "Яны звярнуліся ў БАЖ, каб мы ім абралі лепшага палітыка, але гэта неправільна – такім быў мой адказ, як старшыні суполкі. У тым сэнсе, што яны памыліліся, і нам даручылі самое вызначэнне, а гэта ні канцэптуальна, ні пры якіх іншых варыянтах неправільна".

Больш за тое, да гэтай ідэі досыць адмоўна паставіліся кіраўнікі некаторых грамадскіх аб’яднанняў. Так, старшыня гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алег Дз'ячкоў мог сам стаць пераможцам конкурсу, але скептычна паставіўся да ініцыятывы. "У нас няма палітычнага поля, няма палітыкаў. Хто яны, хто можа адказаць?, - кажа Дз'ячкоў. - Вось варта выйсці на праспект, ці да помніка былому палітыку Леніну і запытацца ў жыхароў, каго з магілеўскіх палітыкаў яны ведаюць. Будзе дакладны адказ".

Ці ведаюць грамадзяне імёны апазіцыянераў?

Адказы магілёўцаў каля помніка Леніну насамрэч апазіцыйных палітыкаў парадаваць не маглі: "Не, нікога не ведаем. Хаця і шмат іх было, можа мы не дастаткова гэтым цікавімся. Шчыра кажучы, усе зараз крытыкуюць уладу, але пытанне: кім яе заменіць? Есць такі выраз: кожны народ заслугоўвае тую ўладу, якую мае. Калі ў нас такая ўлада, то можа гэта сведчыць пра нашае развіцце?".

Урэшце рэшт ад ідэі правядзення конкурсу на ўзроўні кааліцыі магілёўцы вырашылі адмовіцца. Але ініцыятыву перахапіў нядаўна зарэгістраваны Рух "За Свабоду". Лепшыя апазіцыйныя палітыкі ўсе ж атрымаюць свае прызы. Мяркуецца, што адбудзецца гэта ў студзені, і пераможцаў прыедзе павіншаваць лідар руху Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Буракоў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме