1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускія ўлады асцерагаюцца фотакарэспандэнтаў

Алена Данейка

Аб гэты сведчаць паводзіны супрацоўнікаў спецслужб падчас учорашняга затрымання кандыдата ў прэзідэнты А. Казуліна, а таксама падчас сустрэчы з выбаршчыкамі адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл А. Мілінкевіча

https://p.dw.com/p/84CA
Фото: AP

Учора ў менскім аэрапорту былі затрыманыя трое актывістаў украінскага руху "Пара" і шэсць украінскіх журналістаў трох тэлеканалаў "Тоніс", "1+1" і "Пятага каналу". Чалавек, які прадставіўся кіраўніком аддзела па барацьбе з тэрарызмам, паведаміў актывістам "Пары", што іх уезд на тэрыторыю Беларусі "непажаданы". Актывістаў дэпартавалі ў Кіеў, а ўкраінскім журналістам дазволілі заехаць у краіну, але без тэлекамер.

Аб тым, што беларускія ўлады асцерагаюцца менавіта аператараў і фотакарэспандэнтаў, сведчаць паводзіны супрацоўнікаў спецслужб падчас учорашняга затрымання кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, а таксама падчас сустрэчы з выбаршчыкамі адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча.

Нагадаю, што разам з Казуліным былі затрыманыя фотакарэспандэнты агенцтваў АР і Reuters Сяргей Грыц і Васіль Федосенка, а таксама іх калегі з "Белгазеты" і штотыднёвіка "Наша ніва" Зміцер Брушко і Юлія Дарашкевіч. Яны сталі сведкамі абстрэлу машыны побач Кастрычніцкага РАЎС, куды быў дастаўлены Казулін і сябры яго ініцыятыўнай групы. Па словах Юліі Дарашкевіч, людзі ў цывільным кінуліся да іх і сталі зрываць з шый фотакамеры. Убачыўшы ў іх руках зброю, журналісты пагадзіліся прайсці ў аддзяленне. Фотакораў адпусцілі, калі упэўніліся што кадры абстрэлу машыны не зафіксаваныя на фота. З фотакамеры Васіля Федосенкі былі знішчаны кадры, якія ен зрабіў на пачатку дня.

Як паведамілі сведкі, ад палкоўніка Паўлічэнкі пацярпеў тэлеаператар агенцтва "Reuters" Дзмітры Мадорскі: журналіста павалілі на зямлю і білі нагамі, рассекшы броў.

Больш за ўсё дасталася карэспандэнту "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Алегу Улевічу, які быў жорстка збіты. Зараз ён находзіцца ў шпіталі з дыягназам "чэрапна-мазгавая траўма" і "пералом касцей носу". Лекары не рэкамендуюць Алегу размаўляць.

Як распавяла НХ яго сястра Вольга, людзі ў цывільным накінуліся на Алега, калі ён фатаграфаваў жонку Казуліна Ірыну. Журналісту нанеслі моцны ўдар у твар, і з гэтага моманту ён нічога не памятае. Учора ўвечар да Алега Улевича прыходзілі апранутыя у цывільнае начальнікі аддзелаў інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС - палкоўнік Генадзь Клепча і ГУЎС маёр Алег Слепчанка. Яны прапанавалі калегам Алега якія наведвалі яго у шпіталі, выйсці з палаты, а потым распытвалі журналіста, ці памятае ён, хто яго біў. Пераканаўшыся, што не памятае, Клепча і Слепчанка папыталі прабачэнні за дзеянні сваіх калегаў і задалі журналісту пытанне: "А, можа быць, Вы стукнуліся аб плот?"

У 2 гадзіны ночы да Алега прыйшлі супрацоўнікі Маскоўскага РАЎС і амаль што прадыктавалі лаканічны тэкст заявы ў міліцыю аб тым, што здарылася. Міліцэйскія начальнікі, гаворыць Вольга Улевіч, мабыць, зразумелі, што інцыдэнт атрымаў шырокі розгалас.