1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларусь не мае намеру пускаць на свой фінансавы рынак філіі замежных банкаў

Сяргей Панчанка

Гэта ізноў падцвердзіў першы намеснік кіраўніка Нацыянальнага банку Беларусі Пятро Калаўр. Разам с тым, здыманне дадзеннага абмежавання ёсць адно з умоваў уваходу краіны ва Ўсясветную гандлёвую арганізацію.

https://p.dw.com/p/8yMO
Фото: Bilderbox

З заявы Пятра Калаўра вынікае, што ў беларускіх уладаў ёсць дзве важкія прычыны не пускаць на фінансавы рынак філіі замежныя банкі. Унутраная ды знешняя. Першая – гэта неканкурэнтназдольнасць айчынных банкаўскіх установаў, другая -- саюзныя адносіны з Расіяй. Паводле Пятра Калаўра:

“Калі мы разглядаем, дапускаць альбо не замежныя філіі, то кіруемся выключна простым прынцыпам – забяспечаннем роўных канкурэнтных умоваў на тэрыторыі Беларусі. А, улічваючы стан нашай эканомікі, інструменты грашова-крэдытнага ды валютнага рэгулявання, мы не можам сёння пры допуску філіяў забяспечыць гэтыя роўныя ўмовы нашым банкам”.

Акрамя таго, першы намеснік кіраўніка Нацбанку Беларусі нагадаў, што Расія таксама забараніла дейнасць філіяў замежных банкаў. “Ва ўмовах, калі мы з Расіяй маем агульную эканамічную прастору, у нас у гэтай частцы маюць быць агульныя правілы гульні”, – дадаў Пятро Калаўр.

У размове з карэспандэнтам “Нямецкай хвалі” эксперт Сяргей Жбанаў адзначыў, што запуск філіяў – гэта страта ўладамі кантролю над банкаўскай сыстэмай, чаго яна ні ў якім разе не дапусціць. З яго словаў, аб’ёмы любога буйнога банку Расіі большыя, чым усей беларускай банкаўскай сістэмы. Таксама і буйны замежны банк валодае сродкамі большымі, чым уся банкаўская сістэма Расіі. Паводле Жбанава:

“Вобразна кажучы, банкі - гэта крывяносная сістэма эканомікі. Наўрад ці нехта захоча, каб яго кроў поўнасцю складалася з донарскай”.

Боязь Нацбанку, што філіі замежных банкаў пачнут “дэмпінгаваць” у часцы тых жа крэдытаў у суадносінах з беларускімі, цалкам абгрунтаваная, лічыць эксперт.

Разам з тым, Сяргей Жбанаў звярнуў увагу на іншую, куды больш сур’ёзную, на яго погляд, праблему. Доля замежнага капіталу ў беларускай банкаўскай сістэме не толькі ў разы не дацягвае да прымежнага ўзроўню, у 25 адсоткаў, але і штогод скарачаецца. Пытанне не ў забароне замежных філіяў, а ў тым, што Беларусь не можа зацікавіць знешніх інвестараў, кажа Сяргей Жбанаў. Зараз жыццёванеабходныя замежныя інвестыціі, у нас ў асноўным прадстаўляюць хуткатэрміновыя, да году, крэдыты, якія даюць, да таго ж, пад немалыя адсоткі.

“Дзяржаве даўно прыспеў час распрацаваць праграму па прыцягненні наўпроставых інвестыцыяў у банкаўскі сектар, паколькі гэта непасрэдным чынам уплывае на плацёжны баланс краіны ды цалкам на яе эканоміку”.