1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

БХК будзе дамагацца “сапраўдных выбараў”

Генадзь Канстанцінаў15 мая 2008 г.

Беларускі Хельсінскі камітэт гатовы дапамагчы ўладам правесці сапраўдныя выбары. Пра гэта новае кіраўніцтва БХК заявіла 15 траўня. Пры любых абставінах яно мае намер весці маніторынг выбарчай кампаніі на ўсіх яе этапах.

https://p.dw.com/p/E0Tl
Фото: dpa

Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак звярнуў увагу на недэмакратызм мінулых выбараў усіх узроўняў. Ён адзначыў, што апошнія выбарчыя кампаніі ўлада стала праводзіць непразрыста: “Усе выбарчыя працэдуры былі недаступныя ні ўдзельнікам выбараў – кандыдатам, давераным асобам, ні назіральнікам. Усім гэтым кампетэнтным структурам паказвалася толькі шырма ў выглядзе выніковых пратаколаў. Працэдуры падліку ніхто не бачыць, як і працэдуры разглядаў скаргаў, розных дакументаў розных праверак – гэта ўсё закрыта ад удзельнікаў выбарчага працэсу”.

Яшчэ праваабаронца адзначыў “адсутнасць ці неэфектыўнасць механізмаў, якія б дазвалялі аднаўляць парушаныя правы, механізмаў абскарджвання, судовай абароны, судовага разгляду. Таму па большасці выпадкаў, калі мы выяўлялі факты грубага парушэння правоў удзельнікаў выбарчае кампаніі, гэтыя механізмы не спрацоўвалі належным чынам”.

Пазбавіцца заганаў

Алег Гулак падкрэсліў, што сваёй дзейнасцю, ускрываючы недахопы і адмоўныя з’явы, БХК імкнецца дапамагчы ўладам пазбавіцца ўсіх азначаных заганаў: “Калі мы не будзем гаварыць аб праблемах, гэта будзе найгоршае, што мы можам зрабіць для нашай дзяржавы, таму што гэтыя праблемы будуць назапашвацца і паглыбляцца. Наша жаданне дапамагчы дзяржаве – гэта, перш за ўсё, жаданне дапамагаць бачыць праблемы і вырашаць іх”.

Шмат размоваў у грамадстве вядзецца наконт недасканаласці дзейнага Выбарчага кодэксу, на змяненні якога настойвалі і працягваюць настойваць дэмакратычныя сілы Беларусі. З гэтым згодны і старшыня БХК.

“Канешне, заканадаўства далёка не ідэальнае і яго трэба правіць. Але нават пры гэтым выбарчым заканадаўстве, калі ёсць адпаведная палітычная воля і жаданне, можна правесці насамрэч выбары. Тое, што сёння адбываецца, выбарамі можна назваць толькі па фармальных падставах, таму што гэта так прынята называць. Галоўная праблема ў тым, што органы, каторыя становяцца ўладай пасля гэтай працэдуры, не ёсць органы, якія атрымалі легітымную падтрымку народу”, - адзначыў старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак.

Недэмакратычны Цэнтравыбаркам

Шмат у чым правядзенню сапраўды дэмакратычнага выбарчага працэсу перашкаджаюць дзеянні Цэнтравыбаркаму, які, паводле Алега Гулака, выдае шмат сумнеўных падзаконных актаў, што тлумачаць Выбарчы кодэкс.

На думку Алега Гулака, цэнтральная камісія сваімі пастановамі, перш за ўсё, тымі, што тычацца правядзення агітацыі і падліку галасоў, стварае ўмовы, каб гэтыя працэдуры не былі дэмакратычнымі, парушаючы пры гэтым Выбарчы кодэкс. “Мы з гэтай нагоды неаднаразова звярталіся і ў Вярхоўны Суд, спрабавалі прымяніць прававыя метады, захады для таго, каб адмяніць гэтыя незаконныя, на нашу думку, тлумачэнні Цэнтравыбаркаму. Нажаль, Вярхоўны Суд гэтым увогуле не займаўся. І гэта таксама адная з праблем, якая замінае праводзіць дэмакратычныя выбары, - тое, што шмат якія спрэчныя пытанні пад час выбараў не падлягаюць судовай працэдуры”, - гаворыць старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту.

На пытанне, ці будзе БХК весці маніторынг выбараў, калі ў іх адмовіцца ўдзельнічаць апазыцыя, Алег Гулак адказаў: “Канешне будзем, таму што ў людзей ёсць права абіраць, ёсць актыўнае і пасіўнае выбарчае права, і мы назіраем за тым, як людзі могуць рэалізаваць гэта права”.

Вынікі будуць накіраваныя ў міжнародныя арганізацыі

З гэтае нагоды ганаровая старшыня БХК Таццяна Процька заўважыла, што дэмакратычная апазіцыя сёння, нажаль, ізалявала сябе як ад насельніцтва, так і ад уладаў. “Гэта не йдзе на карысць ні дэмакратычнай частцы нашага грамадства, ні самому грамадству. Бо сусвет і сучасная цывілізацыя толькі тады развіваецца, калі дэмакратычны кампанент у ёй прысутнічае і дастаткова ўплывовы. Калі нэтага няма, ідзе стагнацыя, і людзі не могуць жыць так, як гэтая цывілізацыя дазваляе”, - адзначыла Таццяна Процька.

Паводле словаў міжнароднага кардынатара БХК Зміцера Маркушэўскага, вынікі маніторынгу будучых выбараў будуць накіраваныя ўва ўплывовыя міжнародныя арганізацыі, да прыкладу, ААН і АБСЕ. Апроч таго, як адзначыў праваабаронца, “БХК з 1997 году з’яўляўся дзейным сябрам Міжнароднай Хельсінскай Федэрацыі, якая мела канстультатыўны статус пры ААН. Зараз сам БХК знаходзіцца ў працэсе атрымання такога статусу, і я думаю, гэта дазволіць нам выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі”.