1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Вынікі 2008: беларускія праваабаронцы ў новы год з надзеяй на лепшае

26 декабря 2008 г.

У год 60-годдзя прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека стан правоў грамадзян Беларусі заставаўся няпростым. Але некаторыя падзеі надаюць аптымізм, што Беларусь становіцца на цывілізаваны шлях развіцця.

https://p.dw.com/p/GLML
Фота з архіву. Моладзевыя актывісты на Еўрапейскім маршыФото: AP

У год 60-годдзя прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека стан з гэтымі правамі ў Беларусі заставаўся складаным, але некаторыя падзеі надаюць аптымізм, што Беларусь становіцца на цывілізаваны шлях развіцця. Самай станоўчай з’явай старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак назваў вызваленне ўсіх палітзняволеных. "Сітуацыя ў краіне, калі ў ёй ёсць палітзняволеныя, з’яўляецца жахлівай, і яна сама правакуе з’яўленне новых зняволеных, - лічыць праваабаронца. - Калі іх няма – гэта якасна іншы стан".

Так, праз больш як два гады няволі вязніцу пакінуў экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, выйшлі з турмаў лідэры "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Андрэй Клімаў, моладзевы актывіст Андрэй Кім, асуджаны да пазбаўлення волі нібыта за збіццё міліцыянта пад час акцыі пратэста прадпрымальнікаў у студзені бягучага году. Датэрмінова выйшаў на свабоду і намеснік рэдактара незалежнай газеты "Згода" Аляксандр Здвіжкоў, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за перадрукоўку карыкатур на прарока Мухамеда.

Гучныя справы

Але былі моманты, якія выклікалі негатыўную рэакцыю ў Беларусі і далёка па-за яе межамі. Напрыклад, "Працэс чатырнаццаці", калі 14 чалавек былі асуджаны па артыкулах Крымінальнага кодэкса за ўдзел у студзеньскіх акцыях пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў. Ці разгон мірнай акцыі 25 сакавіка з жорсткім збіццём і затрыманнямі яе ўдзельнікаў. Зараз гэта справа Артура Фінькевіча, лідэра руху "Маладая Беларусь", якога 19 снежня схапілі невядомыя, збілі і, абрабаваўшы, выкінулі ў полі непадалёк ад горада Валожына. Зараз па факце разбройнага нападу ўзбуджана крымінальная справа.

Сярод іншых негатыўныя момантаў, якія адзначае праваабаронца Алег Гулак, ёсць тое, што "па-ранейшаму дзесяткі і сотні тысяч беларусаў церпяць ад несправядлівай, недасканалай судовай сістэмы, ад таго, што суд не з’яўляецца незалежным і справядлівым. Тысячы беларусаў церпяць ад катаванняў пад час папярэдняга следства, і часта катаваннямі можна назваць умовы ўтрымання за кратамі".

Пазбаўленне права на адукацыю

Працягваецца пераслед моладзевых актывістаў і выключэнне іх са школ і вышэйшых навучальных установаў па палітычных матывах. Прыкладам гэтаму – выключэнне са школы лідэра Салігорскіх маладафронтаўцаў Івана Шылы, а таксама выключэнне з Гомельскага універсітэта актывіста "Моладзі БНФ" Змітра Жалезнічэнкі, выключэнне з журфака Белдзяржуніверсітэта – лідэра гэтай арганізацыі Франака Вячоркі, з Мінскага Ін’яза – актывіста "Моладзі БНФ" Антона Каліноўскага.

Ёсць і іншыя прыклады. Прычым, некаторых адлічаных з ВНУ юнакоў, як то Змітра Жалезнічэнку, адразу ж забралі ў войска, як дарэчы, і былога лідэра "Моладзі БНФ" Алеся Каліту. Пры гэтым Жалезнічэнка служыць, не прыняўшы прысягі.

Па словах старшыні БХК Алега Гулака, сёння сур’ёзна парушаецца свабода мірных сходаў, свабода асацыяцыяў, шмат застаецца іншых сістэмных праблем, якія пакуль не вырашаюцца. "Калі называць праблему ў правах чалавека, то гэтая сістэмнасць парушэнняў і ёсць галоўная праблема", - лічыць юрыст.

Станоўчыя зрухі

У якасці прыкладаў сказанага вышэй можна прывесці шматлікія адмовы ў рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў "Гарызанталь" і "Наша пакаленне", "Маладога фронта", праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых. Але дзяржаўная рэгістрацыя ў Міністэрстве юстыцыі ачоленага экс-кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам Руху "За свабоду", Гомельскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, а таксама дазвол на правядзенне ў Мінску Маршу прадпрымальнікаў пакідаюць спадзяванне на тое, што ў наступным годзе сітуацыя з свабодай асацыяцыяў і сходаў будзе больш ліберальная.

Застаюцца праблемы і са свабодай перасоўвання. Так, многім палітычным дзеячам, сярод якіх старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, шматлікія моладзевыя актывісты, па розных прычынах дагэтуль забаронены выезд за межы Беларусі. Апроч таго, лідэра АГП пераследуюць у судовым парадку за арганізацыю Еўрапейскага маршу, які прайшоў у Мінску яшчэ ў кастрычніку 2007 году, ледзь не кожны месяц спаганяючы вялікія грашовыя сумы на карысць розных дзяржаўных установаў за нібыта нанесены ім урон пад час той акцыі.

Не самы горшы год для СМІ

Што да свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі, то, паводле намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, сітуацыя з пачатку года была неадназначная: узмацненне ціску, ператрусы ў журналістаў, якіх абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежнымі медыямі, збіццё дваіх карэспандэнтаў "Нашай нівы" пад час акцыі 25 сакавіка, прыняццё новага, больш жорсткага Закона "Аб сродках масавай інфармацыі" і першыя спробы абвінавачвання ў экстрэмізме некаторых выданняў.

Аднак апошнім часам, адзначае Андрэй Бастунец, і ў галіне СМІ ёсць пэўныя станоўчыя зрухі, як то вяртанне на прыканцы году ў сістэму распаўсюду газет "Наша ніва" і "Народная воля", вяртанне маёмасці, якую пад час ператрусаў забралі ў незалежных журналістаў, прыпыненне некаторых справаў аб экстрэмізме. "Гэта ўсё ж дае нагоду, каб ацэньваць гэты год больш станоўча", - падкрэсліў Андрэй Бастунец.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме