1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Вячаслаў Сіўчык ізноў за кратамі

4 чэрвеня суд Мінскага раёну асудзіў на дзесяць сутак адміністратыўнага арышту вядомага палітыка і грамадскага дзеяча Вячаслава Сіўчыка. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і актыўным удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

https://p.dw.com/p/EEQ5
Фото: dpa

Вячаслава Сіўчыка затрымалі 3 чэрвеня прыкладна ў 18.20 ва ўрочышчы Курапаты, дзе прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці а 19-й гадзіне меліся ўсталяваць памятную шыльду над адной з магілаў, у якой ляжаць парэшткі 62 чалавек, расстраляных энкавэдыстамі ў 1937-1941 гадах. У гэты час ля Мемарыяльнага крыжа адбывалася ўручэнне прэміяў пераможцам конкурсу “Мае фота – мае Курапаты”, падчас якога з прамовамі выступалі кіраўнікі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі - БНФ.

Сіўчык знаходзіўся метрах у дваццаці ад групы людзей, што брала ўдзел у цырымоніі, разам з навукоўцамі і праваабаронцамі, якія прыехалі менавіта на іншае мерапрыемства і з боку назіралі за тым, што адбывалася ля галоўнага крыжа Курапатаў.

Неўзабаве намеснік начальніка РУУС Мінскага раёну Міхаіл Грыб падышоў да палітыка і прапанаваў Сіўчыку сесці ў машыну і праехаць у аддзяленне міліцыі, не патлумачыўшы прычынаў. Міліцыянт даў “слово чести офицера”, што праз максімум тры гадзіны Вячаслава Сіўчыка адпусцяць. Але не адпусцілі, і ноч сябра Аргкамітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў правёў у ізалятары часовага ўтрымання ў Сцяпянцы.

На наступны дзень сваякі і паплечнікі Сіўчыка больш за пяць гадзінаў чакалі, калі палітыка прывязуць у суд Мінскага раёну (мусілі а 10-й раніцы, прывезлі пасля абеду). Сведкамі абвінавачання на працэсе выступілі міліцыянты, якія сцвярджалі, што Сіўчык цягам палутара гадзінаў (?!), выступаў перад натоўпам, выкрыкваючы антыдзяржаўныя лозунгі. На паказанні сведкаў ад абароны суд не звярнуў ніякай увагі і прысудзіў палітыка да дзесяці сутак адміністратыўнага арышту.

І ў Курапатах, і на судзе прысутнічаў адзін з кіраўнікоў маскоўскага аддзялення расійскага “Мемарыялу” Ян Рачынскі. “Нават у сённяшняй Расіі, дзе далёка не ўсё проста з дэмакратыяй, у месцах расстрэлаў і пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў людзей не кранаюць, - сказаў Рачынскі. – Тое, што і ў Расіі міліцыянты сведчаць у судах на сваю карысць, - звыклая з’ява. Але такая нахабная хлусня на працэсе над Сіўчыкам… Ён жа не тое што не прамаўляў там паўтары гадзіны, але нават і паўтары секунды, мы ўсе былі таму сведкамі, але адбылося тое, што адбылося…”