1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Да фінансавых санкцый ЕC ў дачыненні беларускіх службовых асобаў далучыліся яшчэ 10 краін

Паўлюк Быкоўскі

У іх ліку Албанія, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Македонія, Румынія, Нарвегія, Сербія i Харватыя. Чым абумоўленае рашэнне гэтых краін далучыцца да санкцый ЕС?

https://p.dw.com/p/8dQa

У беларускім выпадку гаворка ідзе пра абвінавачанне краіны ў парушэнні ўзятых на сябе абавязальніцтваў у галіне выканання праў чалавека, а таксама праў грамадзян вольна абіраць і быць абранымі.

Нагадаем, Рада міністраў ЕС 18 траўня прыняла рашэнне аб замарожванні банкаўскіх рахункаў 36 афіцыйных асобаў Беларусі, а ЗША далучыліся да папярэдняга рашэння ЕС забараніць ім уезд на сваю тэрыторыю. Афіцыйны Мінск заяўляе аб прыняцці ў дачыненні ЕС і ЗША адэкватных адказных мер.

У інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў сказаў, што тое, што адбылося, не мяняе прынцыпова сітуацыю.

Фёдараў: "У гэтай дзесятцы, мне падаецца, няма краін, дзе маглі б існаваць рахункі беларускіх чыноўнікаў, калі яны ўвогуле існуюць дзе-небудзь. Але як сродак маральнага ўціску гэта, безумоўна, адыгравае пэўную ролю, бо ў гэтай дзесятцы ёсць такія краіны, якія беларускае кіраўніцтва, на мой погляд, лічыла сваімі саюзнікамі -- як тая Сербія, магчыма ў меншай ступені, -- Балгарыя".

Чым жа абумоўленае рашэнне гэтых краін далучыцца да санкцый ЕС?

Фёдараў: "Тлумачыцца гэта хутчэй тым, што гэтыя краіны ці збіраюцца ўвайсці ў бліжэйшы час у Еўразвяз, як тыя ж Балгарыя і Румынія, ці падалі заяўкі, як Харватыя. Яны зразумела ўжо зараз жадаюць дэманстраваць, што іх палітыка знаходзіцца ў адпаведнасці з палітыкай Еўрапейскага Саюза. Астатнія, такія дэмакратычныя краіны як Нарвегія і Ліхтэнштэйн -- не было пытанняў. Зразумела, што яны раней ці пазней павінны былі гэта зрабіць".

З тлумачэннем незалежнага палітолага, аб прычынах далучэння новых краін да санкцый ЕС, шмат у чым згодзен кіраўнік аналітычнага упраўлення Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Валер Сураеў. Але ў яго вуснах дэманстрацыя "дзесяткай" адзінства з палітыкай ЕС афарбаваная негатыўна.

Сураеў: "Мы ведаем, хто ў свеце гаспадар, мы ведаем, што гэта маленькія дзяржавы, якія імкнуцца далучыцца да дзяржаў багатых і моцных для таго, каб даказаць сваю адданасць. Па вялікім рахунку, адносіны паміж дзяржавамі мала адрозніваюцца адносін паміж людзьмі, яшчэ Карл Шміт у свой час казаў, адрозніваюцца толькі маштабы. Што, яны ў Албаніі ведаюць, што ў Беларусі робіцца? Ды не смешыце мяне".