1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Для выратавання роднай мовы патрэбны закон?

23 декабря 2008 г.

У Беларусі неабходна прыняць Закон аб беларускай мове, інакш мова тытульнае нацыі апынецца ў заняпадзе. Так лічаць прадстаўнікі грамадскасці, якія вырашылі стварыць ініцыятыўную групу па падрыхтоўцы законапраекта.

https://p.dw.com/p/GMAg

У Беларусі неабходна прыняць Закон аб беларускай мове. Пра гэта казалі прадстаўнікі грамадскасці - удзельнікі "круглага стала", якія вырашылі стварыць ініцыятыўную групу па падрыхтоўцы законапраекта. Згодна з дадзенымі перапісу насельніцтва 1999 года, на беларускай мове штодня размаўляюць 37 адсоткаў жыхароў Беларусі.

Родная мова пад пагрозай

У 1990 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон аб мовах, у абмеркаванні якога ўдзельнічалі больш за 20 тысяч чалавек. У прэамбуле гэтага дакумента адзначалася, што "пад пагрозай апынулася само існаванне" беларускай мовы. Згодна з артыкулам 2 Закона беларуская мова была прызнана дзяржаўнай. Пасля прыняцця ўвосень 1990 года дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у БССР Закон аб мовах пачынаў паступова выконвацца.

Статус беларускай мовы быў пацверджаны і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года, руская мова вызначалася ў ёй як "мова міжнацыянальных зносінаў". Прынятыя акты практычна не пагоршылі ведання рускай мовы ў Беларусі. У той жа час за кошт далучэння да беларускай мовы ў Беларусі значна павялічылася колькасць дзвюхмоўных людзей.

"Антымоўны" плебісцыт

Аднак пасля ініцыяванага прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндума ў траўні 1995 году рускай мове быў нададзены роўны статус з беларускай, і сітуацыя пачала мяняцца ў горшы для мовы тытульнае нацыі бок. Дарэчы, сам прэзідэнт, выступаючы ў Гомелі перад дэпутатамі мясцовага савета, заявіў, што "беларуская мова бедная, і пры яе дапамозе немагчыма выказаць што-небудзь вялікае". Гэта выказванне кіраўніка дзяржавы прадэманстравала самрэчнае стаўленне ўлады да беларускай мовы. Людзі ў бальшыні ўсведамляюць беларускую мову як родную, але ж побытава ўжываюць пераважна мову суседняй дзяржавы.

Як адзначае філолаг Вінцук Вячорка, у міжнароднай супольнасці існуюць дакументы, якія абараняюць так званыя малыя мовы. не даючы ім знікнуць. Паводле словаў Вячоркі, ва Усеагульнай дэкларацыі лінгвістычных правоў, якая была ўхваленая групай міжнародных арагнізацый і грамадскіх структур у 1996 годзе, ёсць пункт 2 артыкула 8 – "Кожная моўная супольнасць мае права валодаць любымі сродкамі, неабходнымі дзеля забеспячэння пераемнасці сваёй мовы і яе перадачы ў будучыню".

Па словах эксперта, сёння краіна жыве ў кантэксце дзейнага Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". "Трэба прызнаць, што сёння ён не ўтрымлівае ніякіх рэальных гарантыяў зберажэння беларускае мовы і яе канкурэнтаздольнасці і яе поўнай функцыянальнасці", - сказаў лінгвіст.

Кепскі прыклад апазіцыі

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў звярнуў увагу на тое, што кепскі прыклад ігнаравання роднай мовы часцяком падаюць і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. "Вельмі важна нам на ўсіх мерапрыемствах перш на перш звяртацца да сваёй апазіцыі, каб яна кінула гэтую кульню ў "расейшчыну", – сказаў кіраўнік ТБМ. Ён нагадаў апошнія выбары ў парламент, калі большасць прадстаўнікоў апазіцыі выступала ў медых па-расійску.

Спадар Трусаў заклікаў кіраўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў карыстацца толькі беларускай мовай. Тое ж, на думку старшыні ТБМ, тычыцца і некаторых недзяржаўных друкаваных выданняў, якія часта карыстаюцца дзвюхмоўем.

"Цяжка мяняць Закон аб мовах, бо для многіх гэта зручна, была звычайная лянота, і не столькі ў нас было праціўнікаў беларускай мовы, колькі лянівых людзей, каб не вучыць яе", - заўважыў лінгвіст і перакладчык, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Лявон Баршчэўскі, які быў суаўтарам дзесяткаў прынятых парламентам законапраектаў. З яго меркавання, калі новы закон добра і прафесійна распрацаваць, то вакол гэтага можна аб’яднаць намаганні розных беларускіх арганізацый, можна ажывіць тое, што было выхалашчана рэферэндумам. "Заканадаўства гэта не верш, тут не трэба быць арыгінальным у плане нейкіх надзвычайных фармулёвак, тут лепш сабраць тыя, якія ёсць", - лічыць Лявон Баршчэўскі.

Чатыры чыннікі роднае мовы

Паводле Вінцука Вячоркі, беларуская мова ў новым законапраекце мае разглядецца як "нематэрыяльная культурная каштоўнасць, фактар нацыянальнай бяспекі краіны, гарантыя гістарычнай і этнакультурнай перспектывы беларускай нацыі і як чыннік кансалідацыі беларускай дыяспары".

Удзельнікі дыскусіі, якая адбылася ў сядзібе Беларускага народнага фронту, прапанавалі Нацыянальнаму статыстычнаму камітэту і беларускаму аддзяленню Фонда ААН у галіне народанасельніцтва правесці сумесны "круглы стол" таксама і па моўных праблемах перапісу насельніцтва, які мае адбыцца ў 2009 годзе.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще