1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Закон мусіць быць адзіным для ўсіх?

Уладзімір Казначэеў

Днямі ініцыятыўныя групы «прэтэндэнтаў у кандыдаты» Аляксандра Мілінкевіча і Зянона Пазьняка атрымалі папярэджанні за раздачу агітацыйнай прадукцыі. Каментарый мінскага палітолага Ў. Казначэева:

https://p.dw.com/p/7rkg
Фото: dpa

Днямі Цэнтральная выбарчая камісія раздала, што называецца, усім сёстрам па завушніцах. Папярэджанні атрымалі ініцыятыўныя групы «прэтэндэнтаў у кандыдаты» Аляксандра Мілінкевіча і Зянона Пазьняка – за раздачу агітацыйнай прадукцыі. Аляксандр Казулін атрымаў папярэджанне пакуль у вуснай форме – але, па словах сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка, артыкул Казуліна ў «Народнай волі» «можа зрабіцца прадметам разгляду на паседжанні ЦВК».

Лазавіку не спадабалася публікацыя, дзе Аляксандр Казулін кажа: «Новым прэзідэнтам Беларусі буду я». «Гэта перадвыбарчая агітацыя, адназначна», – лічыць Лазавік. Аднак Лукашэнка шмат разоў публічна заяўляў пра тое, што на выбарах яго «народ абавязкова падтрымае». Самі па сабе гэткія заявы – гэта, увогуле, нармалёва. Ненармалёва іншае: чаму Лукашэнку можна – а Казуліну не? Лукашэнка ж, калі зыходзіць з той жа бюракратычнай рэгламентацыі, гэтаксама не зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Уласна, сама фармулёўка «прэтэндэнты ў кандыдаты ў прэзідэнты» магчымая, відаць, толькі ў Беларусі. У цывілізаванай краіне звычайна сам палітык са сваёй партыяй ці без яе вырашае, калі яму больш зручна абвясціць пра тое, што ён збіраецца балатавацца на тую ці іншую пасаду – і каб назваць сябе кандыдатам, яму зусім не патрэбная адмашка ўладаў. Аднак татальная рэгламентацыя і выключна бюракратычныя дачэпкі – зусім не для ўсіх.

Перада мною – друкаваная прадукцыя, якая сталася нагодаю для папярэджання Мілінкевічу: брашура і каляндарык. У брашуры адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазіцыі адказвае на актуальныя, з яго пункту гледжання, пытанні; далей у сціслым выглядзе выкладаецца праграма; ні там, ні там няма ніякага згадвання пра выбары. Але ж Лукашэнка адказвае на пытанні, на якія лічыць патрэбным, у кожным выступленні – і гэта максімальна шырока даносяць да ўсіх грамадзян краіны дзяржаўныя медыі. А партрэты Лукашэнкі – прычым куды большым фарматам за кішэнны каляндарык – вісяць, што называецца, ва ўсіх кутах, ва ўсіх дзяржаўных установах, не выключаючы школы і нават выбарчыя ўчасткі, і прадаюцца ва ўсіх шапіках.

Не кажучы ўжо пра тое, што сам Лукашэнка адкрытым тэкстам сказаў: «Прэзідэнцкая кампанія ў Лукашэнкі пачалася ў 2001 годзе. Я ўжо чатыры гады займаюся прэзідэнцкімі выбарамі». У гэтай заяве, ізноў жа, не было б ніякага крыміналу – калі б «крымінал» не «шылі» іншым з непараўнальна драбнейшых нагодаў. Закон мусіць быць адзіным для ўсіх, ці не гэтак? Вядома ж, не гэтак – зусім нават наадварот – калі гаворка ідзе пра цяперашнюю Беларусь.