1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

З выбарчай кампаніяй узмяцняюцца рэпрэсіі

Генадзь Канстанцінаў1 июля 2008 г.

Беларускія ўлады даволі своеасабліва пачалі падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў. Ужо ёсць факты пераследу тых, хто пажадаў удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдатаў ад апазіцыі альбо назіраць за выбарчай кампаніяй.

https://p.dw.com/p/EUBe
Фото: dpa

Ад 1-га ліпеня страціў працу актывіст Партыі БНФ і руху “За свабоду” Алесь Мех з гораду Кобрына, што ў Берасцейскай вобласці, які быў унесены ў адзіны спіс ста дзесяці прэтэндэнтаў на дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Алесь Мех мае дзве вышэйшыя адукацыі: за яго плячыма Полацкі дзяржаўны універсітэт і Маскоўскі авіяцыйны універсітэт.

Да 30 чэрвеня ён быў супрацоўнікам Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз”. 6-га чэрвеня Алеся Меха выклікалі да кіраўніка прадпарыемства і ў прысутнасці прадстаўніка Камітэта дзяржбяспекі папярэдзілі, што калі той не выйдзе са спісу 110 кандыдатаў ад АДС, то праз тры тыдні кантракт з ім будзе скасаваны. Актывіст адмовіўся і цяпер ён беспрацоўны.

За дробнае хуліганства

Днямі суд Маскоўскага раёну беларускай сталіцы асудзіў на дзесяць сутак адміністратыўнага арышту і аштрафаваў на больш як мільён рублёў сябра Беларускага Хельсінскага камітэта маладзечанца Эдуарда Баланчука, якога затрымалі ля мінскай сядзібы БХК, дзе мелася адбыцца нарада па маніторынгу выбараў. На праваабаронцу былі складзеныя пратаколы за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў і за дробнае хуліганства – зноў жа фігуруе лаянка матам у грамадскім месцы.

За тое ж самае на дзесяць сутак адміністратыўнага арышту суддзёй суда Цэнтральнага раёна Мінска Таццянай Паўлючук асуджаны актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель. З улікам таго, што актывіст яшчэ два месяцы таму быў асуджаны на сем сутак завочнага арышту за ўдзел у адзначэнні Дня Еўропы 1 траўня ля Нацыянальнай бібліятэкі, гэтым разам Яўгену Афнагелю давядзецца правесці за кратамі семнаццаць сутак.

У Берасці на 70 тысяч рублёў аштрафаваны актывіст гэтай жа кампаніі Іван Стасюк толькі за тое, што збіраў подпісы грамадзянаў за ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Звяз. А ў Баранавічах улады ўзяліся за прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса, які выказаў жаданне балатавацца ў парламент ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Супраць яго пачалася траўля ў мясцовай дзяржаўнай газеце, а да самога бізнесоўца шэрагам пацягнуліся розныя камісіі і кантралёры.

Назіральнік? Марш у падаткавую!

Што да саміх праваабаронцаў, якія сабраліся ладзіць маніторынг выбараў і назіранне за ходам выбарчай кампаніі, то адразу пасля таго, як яны заявілі пра свой намер, атрымалі позвы ў падаткавыя інспекцыі, прычым не толькі самі праваабаронцы, але і ўсе іх блізкія ды сваякі. Гаворка ідзе пра кіраўніцтва Беларускага Хельсінскага камітэту, а таксама асобных праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча ды іншых.

Як падкрэслівае віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека Алесь Бяляцкі, “першыя эпізоды, якія адбыліся літаральна на апошнім тыдні, вельмі моцна дынансуюць з тымі словамі, якія так легкадумна прамовіў Лукашэнка – ён абвясціў пра тое, што выбары будуць праведзены проста ўзорна, яны будуць узорам не толькі для еўрапейскіх краінаў, але і для Расіі, але пакуль ягоныя словы вельмі моцна разыходзяцца з дзеяннямі ўладаў”.

Алесь Бяляцкі нагадаў маючыя апошнім часам месца выпадкі выкліку ў ваенкаматы моладзевых актывістаў не залежна ад іх стану здароўя. А таксама абмежаванні перасоўвання вучнёўскае моладзі, прыкладам чаму ёсць нядаўняе зняццё з цягнікоў некалькіх маладзёнаў пры пераездзе праз беларускую мяжу. Прынамсі, некаторым маладым людзям, якія навучаюцца па вядомай праграме Каліноўскага ў Польшчы, днямі паведамлена пра забарону ім пакідаць межы Беларусі.

Па словах Алеся Бяляцкага, “усё гэта складаецца ў такі не надта добры пачатак агульнай сітуацыі падчас выбарчай кампаніі, якая фактычна ўжо пачалася”.

Рэпрэсіўная логіка

Як адзначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі, “калі перафразаваць вядомы рэкламны слоган – імідж нішто, а прага да ўлады гэта ўсё. То бок, дзеля захавання ўлады, кантролю над палітычнай сітуацыяй у краіне ўлада будзе дзейнічаць звыклымі метадамі. І вось гэтыя зачысткі, кропкавыя рэпрэсіі, таму што адрасаты бачныя – гэта людзі, ангажаваныя ў парламенцкую кампанію, - гэта будзе непазбежна назірацца, і чым бліжэй да выбараў, тым часцей”.

На думку Аляксандра Класкоўскага, рэпрэсіўная машына ў Беларусі набрала такі ход, што дзеля канкрэтных захадаў ужо не патрэбныя санкцыі найвышэйшага кіраўніцтва краіны.

“Не трэба думаць, што ў кожным выпадку з самага верху ідзе сігнал, што вось гэтага схапіць, таго пасадзіць на 15 сутак. Проста ўсе структуры ўжо адмыслова заточаныя. Яны ведаюць, што за гэты перагін іх не будуць бэсціць наверсе, што лепей перастарацца. Таму тут яшчэ тупая машына рэпрэсій працуе паводле сваёй рэпрэсіўнай логікі”, - падсумоўвае беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі.