1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

«Калi мне холадна ў Галандыi, я еду ў Італiю цi ў Францыю»

Алена Данейка

Учора ў Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску дачынілася першая за апошнія 8 гадоў выстава вядомага ў Еўропе беларускага мастака Андрэя Задорына.

https://p.dw.com/p/7h36
Фото: dpa

Андрэй Задорын разам с сям’ёй пераехаў з Беларусi ў Галандыю 8 гадоў таму. У той час ён ужо быў вядомым на Захадзе мастаком i ў той жа час яго творы экспанавалiся ў Нацыянальным мастацкiм Музеi Беларусi, Санкт-Пецярбурскiм Манежы ды ў Маскоўскiм Цэнтральным Доме мастака. Рашэнне з’ехаць было прымаць няпроста. Але, паводле Андрэя, з таго часу нi ён, нi жонка, нi дзецi анiразу не пашкадавалi. У змене грамадзянства – з беларускага на галандскае – няма анiякай iдэалагiчнай падставы, лiчыць Задорын. Ён тлумачыць, што сiстэма сацыяльных гарантыяў мае гэтакi ж сэнс для творцаў, як i для прадстаўнiкоў iншых прафесiяў.

Творчая канцэпцыя Задорына склалася даволi рана, распавядае мастацвазнаўца і куратар выставы Вольга Каваленка. У сваiх творах ён вялiкую ўвагу надае адчуванням чалавечай душы, што ўвогуле не характэрна для сучасных мастакоў. Мiр персанажаў Задорына, якія нiколi не вядуць дыялог памiж сабой, перапаўняецца цiшынёй, таямнiчымi сытуацымi i дэталямi, якiя гiпнатызуюць душу. Задорын пiша не сцэны з жыцця, а адчуваннi ад яго.

З пачатку 90-х гадоў Андрэя Задорына ўсё часцей запрашалi еўрапейскiя ды амерыканскiя галерэi, i ён даволi хутка i паспяхова ўладкаваўся ў сусветным мастацкiм кантэксце. Адказ на пытанне, чаму ён з’ехаў з Беларусi, Задорын распачынае цытатай з Бунiна: “Радзiма ў мастака там, дзе яму добра». «З’ехаў, бадай, таму, что было нядобра», кажа Андрэй і дадае, што ў Мінску ў яго была майстэрня, i праблемы ўзнiклi тады, калi высветлiлася, што ўсе творы трэба забiраць з сабой у Еўропу. А дзеля гэтага трэба было атрымлiваць дазвол ад Мiнiстэрства культуры.

«Я адчуваў сябе ўвесь час залежным ад дзяржавы чалавекам. Не гледзячы на тое, что акуратна плаціў падаткi, тым самым аплочваючы працу тых, хто ставiць мяне ў прынiжанае становiшча і вырашае, можна ці не вывезцi мае ўласныя творы”, - прыгадвае Задорын.

Беларускiя мастакi i сёння не маюць магчымасцi наўпрост сесцi ў машыну ды без перашкодаў прыехаць, напрыклад, у еўрапейскую галерэю, якая зацiкаўленая экспанаваць iх творы ды гандляваць iмi.

Бюракратычная сiстэма не змянiлася. Напрыклад, сёння Задорыну давялося атрымлiваць дазвол на вываз яго твораў, якiя ён пазаўчора прывез з сабой з Галандыi спецыяльна для выставы ў Мінску.

Цяпер у Андрэя Задорына ёсць магчымасць працаваць i адпачываць паўсюль у Еўропе, а адчуванне такой свабоды для мастака проста неабходнае. «Калi мне холадна ў Галандыi, я еду ў Італiю цi ў Францыю», падсумаваў Андрэй Задорын.