1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Колькасць беларуска-нямецкіх сумесных гуманітарных праектаў дасягнула 600

Алена Данейка

У Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры прайшла чарговая сустрэча сябраў Клубу журналістаў. Яе тэма - "Беларуска-нямецкія стасункі праз прызму сумесных гуманітарных праектаў"

https://p.dw.com/p/80zv

На сённяшні дзень існуе 600 такіх праектаў. Аб некаторых з іх распавяла Астрыд Зам, нямецкі дырэктар ММАЦ, галоўны каардынатар праграмы падтрымкі Беларусі федэральнага ўраду Нямеччыны.

Астрыд Зам паведаміла, што сёлета будзе працягнуты чарговы этап Праграмы падтрымкі Беларусі, зацверджанай Федэральным урадам Нямеччыны яшчэ ў 2001 годзе. Праекты рэалізуюцца па прынцыпе "партнёрства на роўных" у чатырох ключавых напрамках: адукацыя, сацыяльная сфера, экалогія і энергетыка, а таксама эканоміка і рэгіянальнае развіццё.

Астрыд Зам распавяла пра формы прыцягнення нямецкай моладзі да ўдзелу ў партнёрскіх праектах і некаторыя праблемы пры іх ажыццяўленні. Напрыклад, моладзь у Нямеччыне ўспрымае як даўнюю гісторыю не толькі Другую ўсясветную вайну, але і існаванне "жалезнай заслоны" і нават Чарнобыльскую катастрофу. А менавіта гэтыя тэмы дамінуюць у шматлікіх партнёрскіх праектах.

Віктар Балакіраў, беларускі дырэктар ММАЦ, адзначыў, што мэта рэалізуемых праграмаў - навучыць беларускую грамадскую супольнасць вырашаць рэгіянальныя праблемы, якія не пад сілу дзяржаве з яе грувасткай бюракратычнай машынай. Балакіраў распавёў, што рашэнне аб фінансаванні праектаў прымаецца па выніках конкурсу. Пры гэтым камісія ацэньвае важнасць і актуальнасць праекту, форму прэзентацыі і, самае галоўнае, падкрэсліў Балакіраў, магчымасць самастойнага працягу беларускім бокам справы, пачатай ў межах сумеснага праекту.

Ірына Бугрова, рэгіянальны каардынатар Праграмы падтрымкі Беларусі, гаворачы пра чыннікі, па якіх перспектыўныя праекты адхіляюцца, звярнула ўвагу на важнасць формы іх прэзентацыі. У звязку з гэтым, мяркуецца правядзенне адмысловых навучальных семінараў. Бугрова таксама дадала, што падчас рэалізацыі Праграмы падтрымкі Беларусі вырашаецца праблема псіхалагічнай раз'яднанасці. Напрыклад, не рэдкасць, калі адной і той жа справай занятыя арганізацыі, не дасведчаныя ў існаванні адзін аднаго.

Кіраўнік Акадэміі журналістыкі пры ММАЦ Эдзіт Шпільхаген распавяла пра курсы падвышэння кваліфікацыі для журналістаў па двух напрамках: методыцы пошуку інфармацыі ў Інтэрнэце і тэхніцы вядзення інтэрв'ю, а таксама пра тое, што адбудуцца адукацыйныя паездкі журналістаў у Польшчу і Нямеччыну. Паводле Эдзіт Шпільхаген, Польшча - цікавая як новы сябра Еўразвязу. А у Нямеччыне плануецца знаёмства беларускіх журналістаў са структурай нямецкіх СМІ, а таксама са зменамі ў прэсе, якія адбыліся ў новых федэральных землях.