1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Колькi зарабляюць у Беларусi

Алена Данейка

Як паказваюць вынiкi нацыянальнага апытання, найбольшы выйгрыш ад эканамiчнага курсу Лукашэнкi i праводжанай iм сацыяльнай палiтыкi атрымалi прадстаўнiкi дзяржструктур

https://p.dw.com/p/7RCa
Фото: AP

Днямi мэр Мiнску Мiхаiл Паўлаў даў загад правесцi праверку прадпрыемстваў беларускае сталiцы, што выплочваюць сваiм работнiкам заробкi нiжэй за бюджэт пражытковага мiнiмуму. З 1-га лiстапада – гэта 150 800 беларускiх рублёу, што па афiцыйным курсе Нацбанку Беларусi роўна 59 эўра.

Паводле дадзеных афiцыйнае статыстыкi самыя высокiя заробкi сёлета ў мiнчукоў – 573,7 тысяч рублёў, што роўна 270 далярам. Самыя нiзкiя – ў жыхароў Брэсцкае вобласцi – каля 185 даляраў у эквiваленце. Найбольш высокi ўзровень заробкаў – на прадпрыемствах чорнае металлургii. У пералiку яны складаюць 460 даляраў, найбольш нiзкi – ў сельскай гаспадарцы – 128 даляраў.

Сярэднямесячны заробак у Беларусi паводле афiцыйных дадзеных на чэрвень бягучага году складаў 476 тысяч рублёў, што крыху больш за 200 даляраў.

У Польшчы, Лiтве, Латвii гэты паказчык у 2-3 разы вышэйшы. Вышэй ён i па Расii ў сярэднiм. Як адзначаюць эксперты зарэгiстраванага ў Вiльнi Незалежнага iнстытуту сацыяльна-эканамiчных i палiтычных даследванняў, сутнасць новай – па вызначэннi прэзiдэнта Лукашэнкi – «стройнай сiстэмы заработнае платы» складаецца ў тым, што з агульнага парадку тарыфiкацыi выключаныя вышэйшыя чыноўнiкi, заробак якiм усталёўвае прэзiдэнт асабiста. Нядаўна Аляксандр Лукашэнка публiчна заявiў, што некаторыя мiнiстры атрымлiваюць да 1000 даляраў у эквiваленце, а прэзiдэнт, паводле яго асабiстага прызнання, - да 1100 даляраў.

Дабрабыт беларусаў – адна з найлюбiмейшых тэмаў беларускiх дзяржаўных масмедыяў. Яны iнфармуюць аўдыторыю аб пастаянна ўзрастаючых прыбытках беларускiх грамадзянаў. Пры гэтым разлiк, як правiла, вядзецца ў далярах ЗША. Аб росце коштаў на прадметы першае неабходнасцi i прадукты харчавання, менавiта ў даляравым эквiваленце, - дзяржаўныя СМI замоўчваюць. Эксперты НIСЭПД канстатуюць такi факт: калi кошты на хлеб i гароднiну растуць, а на залатыя ўпрыгожваннi i дарагую вопратку падаюць, то афiцыйны рост iнфляцыi складае толькi долi адсотка. Пры такой сiтуацыi, на думку экспертаў НIСЭПД, частка насельнiцтва, прыбыткi якой не перавышаюць бюджэта пражытковага мiнiмуму – а iх амаль чвэрць адносна агульнай колькасцi насельнiцтва Беларусi – робiцца яшчэ бяднейшай.

Як паказваюць вынiкi нацыянальнага апытання, праводжанага пры судзеяннi НIСЭПД у траўнi бягучага году, найбольшы выйгрыш ад эканамiчнага курсу Лукашэнкi i праводжанай iм сацыяльнай палiтыкi, па меркаваннi апытаных, атрымалi прадстаўнiкi дзяржструктур – работнiкi прэзiдэнцкай вертыкалi, супрацоўнiкi праваахоўных органаў, дэпутаты парламенту, кiраўнiкi прадпрыемстваў i арганiзацыяў, а таксама вайскоўцы i пенсiянеры. Гэта значыць, тыя, хто ўтрымливаецца за кошт дзяржбюджэта i, галоўнае, як лiчаць эксперты НIСЭПД, актыўна падтрымлiвае дзейная ўлада.