1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Лукашэнка застанецца яшчэ на дзесяцігоддзе?

Генадзь Канстанцінаў20 февраля 2008 г.

Аляксандр Лукашэнка не выключыў таго, што і праз дзесяць год будзе кіраваць краінай, калі хопіць здароўя і сіл у яго самога і цярпення ў беларускага народа. Што з гэтае нагоды думаюць вядомыя ў краіне дзеячы?

https://p.dw.com/p/DAbF
Фото: AP

“Мне ніхто не замінае як сысці з пасады прэзідэнта, так і застацца тут. Усё будзе залежаць ад абставінаў, але ўсё ў руках канкрэтнага чалавека, у тым ліку і маіх. Будзе здароўе і сілы, і народ будзе цярпець, буду працаваць”, - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён – хоча, але ці хочуць іншыя?

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Касцян лічыць, што Аляксандр Лукашэнка цалкам у стане і фізічным, і маральным, і разумовым стаяць на чале нашае краіны да 2016-га году. “А ўжо там яму, верагодна, давядзецца прымаць рашэнне ў залежнасці ад таго, як ён будзе пачувацца”.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказвае з гэтае нагоды пэўны сумнеў. Паводле той сістэмы, у тым ліку і прававой, якая створана ў дзяржаве, кажа ён, канешне, гэта было б магчыма, каб Аляксандр Лукашэнка заставаўся дзесяць гадоў, нават болей. “Я перакананы, што ён бы вельмі гэтага хацеў, і нават сумневу ў гэтым ніякага няма. Але я спадзяюся, што ўсё ж гэта нерэальна з пункту гледжання жадання беларусаў. Яшчэ нейкі час народ і ўся дзяржаўная сістэма здольныя яго трываць, але значна менш, чым дзесяць гадоў”.

З Аляксеем Янукевічам не згодны Сяргей Касцян: “падтрымка ў прэзідэнта моцная, я цяпер працую ў акрузе, у мяне па пяць-шэсць сустрэч у працоўных калектывах, і ўсе людзі адкрыта кажуць: перадайце прэзідэнту, што мы будзем галасаваць толькі за яго і на наступных выбарах”.

Але на думку Аляксея Янукевіча, калі яшчэ дзесяць гадоў Лукашэнка застанецца пры ўладзе, гэта адкіне Беларусь і ў развіцці, і ў міжнароднай інтэграцыі не на дзесяць, а на пяцьдзесят гадоў назад.

Патрэбная мадэрнізацыя эканомікі

Як адзначае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, калі б дзейны прэзідэнт узяў курс на мадэрнізацыю краіны ў эканамічным плане, нішто б яму не перашкаджала паспяхова гэта праводзіць. На яе думку, Лукашэнка, і гэта цудоўна разумеюць усе палітычныя гульцы ў Беларусі і знешнепалітычныя партнёры краіны, самы моцны па асабістых якасцях за выключэннем гатоўнасці праводзіць рашучыя рынкавыя рэформы.

Таму, мяркуе дэпутат Абрамава, усё можа быць. “Калі памяняецца каманда, калі памяняецца праводзімы курс, і калі гэта падтрымае большасць насельніцтва, то тут няма ніякіх межаў”.

Кіраўнік Аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка ўпэўнены, што ніякіх рэальных зменаў у эканамічным плане ад цяперашняга кіраўніка дзяржавы чакаць не даводзіцца, але і час не гуляе на яго карысць.

“Тое, што было, тое і будзе – манакратычная аўтарытарная краіна з эканомікай, якая адстае ад сусветнага развіцця, і збяднелы народ. Будзе бедная краіна, якая паступова здае пазіцыі ў міжнароднай канкурэнтнасці, краіна мясярубак і трактараў, краіна багатае наменклатуры і спартоўца-прэзідэнта. Ён будзе старэць, ён ужо і цяпер немалады чалавек, будзе хварэць. Ужо цяпер яму на пяткі наскокваюць больш маладыя, больш нахабныя”.

Галоўнае – як кіруе

На думку палітолага Андрэя Казакевіча, прэзідэнт Беларусі дзеля захавання пасады ў бліжэйшай будучыні можа спакойна абапірацца на даволі вялікую частку высокапастаўленага чынавенства.

“Значная частка кіруючай эліты разумее, што калі Лукашэнка будзе сыходзіць і прыйдзе новая фігура, гэта можа азначаць пэўны перадзел унутры Беларусі, то бок, сфераў уплыву, палітычнага ўплыву і гэтак далей”.

Як адзначае Андрэй Казакевіч, калі замест Лукашэнкі прыйдзе лідэр, які будзе праводзіць такую ж палітыку, як і сам Лукашэнка, то розніцы не будзе. Таму тут галоўнае пытанне - не хто кіруе, а як кіруе, на што арыентуецца і якую стратэгічную лінію ён выбірае для дзяржавы.